wd wp Пошук:

Канстанцін Радзівіл

Канстанцін Радзівіл, Канстанцін Мікалай Радзівіл, Канстанцін Мацеевіч Радзівіл (5 красавіка 1793, Рым, Папская вобласць — 6 красавіка 1869, Паланечка, Навагрудскі павет, Мінская губерня, Расійская Імперыя) — навагрудскі павятовы маршалак (1832—1834).

Быў мецэнатам, апекуном народнай асветы, адным з першых беларускіх фалькларыстаў.

Паходжанне і сям’я

Належаў да вялікалітоўскага княскага каталіцкага роду Радзівілаў.

Нарадзіўся 4 красавіка 1793 года ў Рыме ў сям’і Мацея Радзівіла (1749—1800) і яго жонкі графіні Альжбеты Хадкевіч — дачкі графа Яна Мікалая Хадкевіча (1738—1781).

2 верасня 1800 года атрымаў па спадчыне ад бацькі да свайго княскага тытула і тытул «граф на Шыдлоўцу», хоць маёнткам Шыдловец (у аўстрыйскай Новай Галіцыі, а пазней у Радамскай губерні Расійскай Імперыі) не валодаў — Шыдлоўцам з 1800 годзе валодала княгіня Ганна Сапега (1772—1859) з роду Замойскіх.

Быў тройчы жанаты: 1) графіня Марыя Грабоўская. Шлюб у 1815 г.; 2) Цэлестына-Цэліна Сулістроўская (1805—1836); 3) Адэлія Мікалаеўна Карніцкая (1811—1883). Шлюб у сакавіку 1840 г.

Меў дзяцей толькі ад Марыі Грабоўскай і Адэліі Карніцкай:

(ад Сулістроўскай):

(ад Карніцкай):

Маёнтак

Атрымаў у спадчыну маёнтак Паланэчка (вёскі Паланэчка, Крошын і Гусакі) у Навагрудскім павеце Літоўска-Гродзенскай губерні[2] (Расійская Імперыя), які дзякуючы Канстанціну Радзівілу стаў адным з культурных асяродкаў у краі. Паводле памеру маёнтка князь Канстанцін Радзівіл не адносіўся да латыфундыстаў, а толькі да вельмі заможных маянткоўцаў.

У маёнтку пабудаваў Паланэчкаўскі палац, побач з якім быў разбіты парк у французскім стылі.

Дзяржаўная служба і палітычная дзейнасць

У 1820 г. стаў членам Віленскай адукацыйнай камісіі. У 1820 г. у Вільні таксама ўступіў у тайнае палітычнае таварыства «Нацыянальнае масонства», а ў 1821 г. далучыўся да яго пераемніка — Патрыятычнага таварыства (член Камітэта Літоўскай правінцыі).

Пасля задушэння паўстання дзекабрыстаў (1825) быў арыштаваны расійскай уладай, але пасля адпушчаны.

У 1832 г. атрымаў чын камергера расійскага імператарскага двара. У 1832—1834 гг. займаў выбарную пасаду навагрудскага павятовага маршалка.

Культурная і навуковая дзейнасць

Палац Радзівілаў у маёнтку Паланечка, малюнак Напалеона Орды, 1876 г.

Не імкнуўся зрабіць службовую кар’еру ў сталіцы імперыі (Санкт-Пецярбургу) ці сталіцы літоўска-беларускага края (Вільні), а прысвяціў сябе мецэнацкай, культурнай і асветніцкай дзейнасці ў родным краі. Быў куратарам і апякуном (у тым ліку фінансава) народнай асветы ў Мінскай і Гродзенскай губернях. Сабраў у Паланечцы значную бібліятэку (4 тыс. тамоў), архіў, калекцыю твораў мастацтва, у якой былі партрэты прадстаўнікоў роду Радзівілаў, карціны Юзафа Пешкі, Яна Рустэма, гравюры, габелены, медалі. У палацы Канстанціна Радзівіла ў Паланечцы бывалі многія знакамітыя ў мясцовым краі дзеячы культуры, у тым ліку паэт Уладзіслаў Сыракомля.

У 1845 г. пад апякунствам Канстанціна Радзівіла ў Паланечцы знаходзілася рэдакцыя мясцовага польскамоўнага часопісу «Народ і час».

У 1850-х гг. даслаў у Рускае геаграфічнае таварыства «Статыстычны нарыс Навагрудскага павета» і «Этнаграфічныя звесткі пра жыхароў Навагрудскага павета» (зберагаюцца ў архіве таварыства). Ахарактарызаваў беларускую мову («кривицкое наречие»), склаў слоўнічак мясцовых слоў, апісаў адзенне сялян Навагрудскага павета, мясцовыя сялянскія абрады на Купалле, Дзяды, куццю, вяселле навагрудскіх сялян; запісаў 84 прыказкі, калядную, 2 купальскія і 27 вясельных песень.

У снежні 1863 г. Канстанцін Радзівіл прасіў у віленскага генерал-губернатара (1863—1865) Міхаіла Мураўёва аб замене смяротнага прысуду Зыгмунту Чаховічу, з якім ён быў пароднены праз Сулістроўскіх, аднаму з лідараў Студзенскага паўстання (1863—1864), што Мураўёў і змяніў на ссылку Чаховіча ў Сібір. Пазней бібліятэкай Чаховіча, вернутага з сібірскай ссылкі ў Віленскую губерню, будзе карыстацца малады Янка Купала.

Смерць і пахаванне

Памёр 6 красавіка 1869 г. у родавым маёнтку Паланечка (Навагрудскі павет, Мінская губерня).

Зноскі

  1. Pas L. v. Genealogics — 2003. — ed. size: 683713
  2. У 1843 г. Навагрудскі павет будзе перададзены ў склад Мінскай губерні.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Павятовыя маршалкі навагрудскія
Катэгорыя·Радзівілы
Катэгорыя·Памерлі 6 красавіка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1793 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1869 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Рыме
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Станіслава 3 ступені
Катэгорыя·Этнографы Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 5 красавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Фалькларысты Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Навагрудскім павеце (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Станіслава 2 ступені
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Філолагі Беларусі