wd wp Пошук:

Віленская медыка-хірургічная акадэмія

Віленская медыка-хірургічная акадэмія — вышэйшая навучальная ўстанова, якая існавала ў Вільні ў 1832—1842 гадах.

Створана на базе медыцынскага факультэта Віленскага ўніверсітэта, які быў закрыты ў 1831 годзе. Акадэмія рыхтавала спецыялістаў па медыцыне, ветэрынарыі і фармацыі. Выкладанне вялося на лацінскай, рускай і польскай мовах. Навучанне доўжылася ад трох да пяці гадоў. У першы год працы акадэміі налічвалася 580 студэнтаў, у 1833 годзе — 642. Скончыла акадэмію каля 700 чалавек. У ёй было абаронена 20 доктарскіх дысертацый па медыцыне.

У акадэміі працавала 15 прафесараў і 10 ад’юнктаў. Прафесары акадэміі: А. Абіхт, А. Адамовіч, С. Горскі, Ф. Джавінскі, Ю. Каранеўскі, І. Лабойка, К. Парцянка, І. Якавіцкі і інш. Рэктарамі (прэзідэнтамі) былі: Мікалай Мяноўскі (1832—1833), Томаш Кучкоўскі (1833—1840), Язэп Мяноўскі (1840—1842).

Акадэміі належалі клінікі акушэрства, хірургіі і тэрапіі (кожная з іх на 20 коек), бальніца для студэнтаў і працаўнікоў акадэміі, ветэрынарная лячэбніца, анатамічны, хімічны, фізічны, заалагічны і іншыя кабінеты, батанічны сад, аптэка, бібліятэка.

Студэнты акадэміі працягвалі традыцыі філаматаў і філарэтаў. У 1836—1838 гадах тут існавала тайная арганізацыя «Дэмакратычнае таварыства», разгром якой вызначыў лёс акадэміі — у 1842 годзе яна закрыта распараджэннем Мікалая I. Бібліятэка акадэміі (больш за 20 тыс. тамоў), кабінеты, гербарыі перавезены ў Кіеўскі ўніверсітэт, дзе на іх базе створаны медыцынскі факультэт[ru]. Дзейнасць акадэміі на 10 гадоў падоўжыла навуковыя і педагагічныя традыцыі, закладзеныя Віленскім універсітэтам.

Зноскі

  1. 1 2 Академии Медико-Хирургические // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. I. — С. 259–260.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Медыцынскія вышэйшыя навучальныя ўстановы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Навучальныя ўстановы без геаграфічных каардынат
Катэгорыя·Віленская медыка-хірургічная акадэмія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Універсітэты паводле алфавіта
Катэгорыя·Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1832 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вышэйшыя навучальныя ўстановы Расійскай імперыі
Катэгорыя·Зніклі ў 1842 годзе