У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кафка.
Франц Ка́фка (ням.: Franz Kafka, 3 ліпеня 1883, Прага, Аўстра-Венгрыя — 3 чэрвеня 1924, Клостэрнойбург, Аўстрыя) — нямецкамоўны пісьменнік, навеліст, лічыцца адным з самых уплывовых літаратараў XX стагоддзя.
Франц Кафка нарадзіўся ў яўрэйскай нямецкамоўнай сям’і, якая жыла ў пражскім раёне Юзэфаў (былое гета горада Прагі – тады ў складзе Аўстра-Венгерскай Імперыі). Франц быў першым дзіцём у сям’і Германа і Юліі Кафкаў (у дзявоцтве Леві). Сям’я Кафкі належала да сярэдняга класа: бацька, сам будучы чацвёртым дзіцём у беднай правінцыйнай сям’і, пасля прыезду ў Прагу адкрыў галантарэйную краму, маці была родам з забяспечанай сям’і півавараў з Подзебрадаў. Сына, народжанага меней чым год пасля шлюбу, назвалі Францам у гонар Імператара Франца Іосіфа. Франц Кафка меў двух братоў, Георга і Гайнрыха – яны памерлі ў год пасля нараджэння, а таксама тры сястры: Элі, Валі і Отлу (загінулі ў часе Другой сусветнай вайны). Прозвішча «Кафка» па-чэшску (kavka) азначае літаральна птушку каўку. Выява гэтай птушкі была эмблемай фірмы Германа Кафкі.
З 1889 да 1893 года Франц наведваў нямецкую (Deutsche Knabenschule), а не чэшскую, пачатковую школу, што адлюстроўвала жаданне яго бацькі пасунуцца вышэй па сацыяльнай лесвіцы. Хаця большасць насельніцтва Прагі ў тыя часы размаўляла па-чэшску, мовай эліты была нямецкая. Франц свабодна валодаў чэшскай, а таксама няблага ведаў французскую (адным з яго ўлюбёных пісьменнікаў быў Гюстаў Флабер). Будучы яўрэем, ён аднак амаль не ведаў ідыш і стаў цікавіцца традыцыйнай культурай свайго народу толькі ў дваццаць гадоў, а іўрыт пачаў вывучаць толькі ў канцы жыцця.
У 1901 годзе Кафка скончыў гуманітарную гімназію (Altstädter Gymnasium). У жніўні таго ж года распачаў навучанне ў Карлавым універсітэце Прагі. Прысвяціўшы два тыдні хіміі, ён аднак перавёўся на факультэт права. У 1906 годзе атрымаў ступень доктара права і распачаў стажыроўку ў судзе. Менавіта ў часе навучання ва ўніверсітэце Кафка пазнаёміўся са сваім лепшым сябрам, вядомым тады пражскім пісьменнікам жыдоўскага паходжання, Максам Бродам. Дзякуючы Броду большасць твораў Кафкі і пабачыла свет.
З 1908 да 1922 года Кафка працаваў у страхавой фірме ў Празе і меў шмат службовых падарожжаў па Чэхіі. У час, калі ён сышоў з працы, ён займаў пасаду старэйшага інспектара з добрай аплатай.
Да 35 гадоў Кафка жыў разам з бацькамі. Ён меў складаныя адносіны са сваім дэспатычным айцом і да канца жыцця застаўся кавалерам. У перыяд паміж 1912 і 1917 годам ён заляцаўся да берлінскай сакратаркі Феліцыі Баўэр, двойчы быў з ёй заручаны і двойчы зрываў шлюб. Істотнай жанчынай у жыцці Кафкі была Мілена Есэнская – чэшская журналістка, пісьменніца і перакладчыца яго твораў. Апошняй жанчынай Кафкі была Дора Дымант, жыдоўка з артадаксальнай сям’і з Паб’яніцаў, якая зацікавіла яго вывучэннем Талмуда.
У 1922 годзе праз прагрэсуючыя сухоты Кафка быў вымушаны сысці з працы. У 1923 годзе ён перабраўся ў Берлін, каб жыць разам з Дорай Дымант. У той час ён імкнуўся займацца толькі творчасцю. Праз год Франц Кафка памёр у санаторыі Кірлінг каля Вены, верагодна праз знясіленне — болі ў горле не дазвалялі яму прымаць ежу, а ўнутраная тэрапія была ў той час дрэнна развітая. Яму было 40 гадоў.
Першы зборнік апавяданняў і фрагментаў прозы Кафкі быў выдадзены ў 1913 годзе пад назвай Сузіранне (Betrachtung). У той жа час паўстала першая глава няскончанага рамана Амерыка. Агулам, у часе жыцця Кафка апублікаваў толькі чатыры зборнікі: вышэйзгаданае Сузіранне, Вясковы доктар, Кары і Мастак голаду. Галоўныя яго творы – Зніклы, Працэс і Замак – выйшлі з друку ўжо пасля яго смерці і насуперак апошняму жаданню (Кафка прасіў Макса Брода знішчыць рукапісы). Таксама пасля смерці былі выдадзеныя дзённікі і ліставанні Кафкі з Бродам, Феліцыяй Баўэр і некаторымі іншымі асобамі. Броду ўдалося папулярызаваць творчасць Кафкі на хвалі захаплення экзістэнцыялізмам у 1940-ых —1950-ых гадах.
У сваіх аповесцях Кафка стварыў мадэль сітуацыі, якую называюць кафкаўскай (у нямецкай мове існуе нават адмысловы прыметнік kafkaesk). Сутнасцю кафкаўскай сітуацыі ёсць канфлікт паняволенай самотнай адзінкі з вышэйшай інстанцыяй, ананімнай і недасяжнай[8].