wd wp Пошук:

Тупінікім

Тупінікім (саманазва: Tupinãki, літаральна «галіна тупі»; парт.: Tupiniquim) — народ індзейскага паходжання ў Бразіліі. Агульная колькасць (2010 г.) — 2 630 чалавек.

Гісторыя

Тупінікім — адзін з народаў тупі, які ў XVI ст. насяляў тэрыторыю сучасных бразільскіх штатаў Эспірыту-Санту і Баія. Мяркуюць, што да пачатку каланіяльнай эпохі яго колькасць набліжалася да 90 000 чалавек.

З 1534 г. на землях тупінікім сталі ўзнікаць партугальскія паселішчы. У адрозненні ад суседніх індзейскіх народаў, тупінікім не аказвалі супраціўлення і выступалі ў якасці саюзнікаў каланізатараў. Разам з езуіцкімі місіянерамі ўдзельнічалі ў заснаванні Сан-Паўлу ў 1554 г. У каланіяльны перыяд колькасць тупінікім стала скарачалася з-за хвароб, завезеных з Еўропы, ад якіх у індзейцаў не было імунітэту, удзеле ў рызыкоўных паходах бандэйрантаў, а таксама з-за асіміляцыі.

У XVI ст. езуіт Жазэ ды Аншыета распрацаваў план каланізацыі індзейскіх земляў, ухвалены ў 1574 г. партугальскай каронай. Згодна яму, індзейцы павінны былі перасяляцца ў асобныя паселішчы пры каталіцкіх місіях для далейшай хрысціянізацыі і пераходу да новага ладу жыцця. Першая езуіцкая місія для тупінікім была заснавана ў 1556 г. Аднак да 1580 г. яна была зачынена з-за эпідэміі воспы. Новая езуіцкая місія была заснавана ў пачатку XVI ст. У 1610 г. каланіяльныя ўлады перадалі ў карыстанне місіянерскаму паселішчу буйны зямельны надзел. Правы на яго падцвярджаліся ў 1760 г. У 1860 г. тэрыторыю тупінікім наведваў бразільскі імператар Педру II. Тым не меней, колькасць тупінікім стала скарачалася. У 1876 г. іх колькасць складала толькі 55 чалавек. З-за скарачэння насельніцтва і міжэтнічных шлюбаў яны практычна згубілі родную мову.

У другой палове XX ст. колькасць тупінікім расла, але яны пацярпелі ад скарачэння плошчы лясоў, што складалі значную частку іх зямель, а таксама з’яўлення нелегальных сельскіх паселішчаў на вырубках. Хаця ў 1985 г. правы карэннага народа на зямлю былі падцверджаны ўладамі Бразіліі, змаганне за іх застаецца актуальным і ў нашы дні.

Культура

Сучасная народная культура тупінікім фарміравалася ў каланіяльны час. Яе падмуркам з’яўлялася папярэдняя дакалумбавая культура, аднак вызначальным стала жыццё ў місіянерскіх вёсках. Актыўны ўплыў каланіяльнага грамадства прывёў да таго, што тупінікім лічаць у Бразіліі «цывілізаванымі індзейцамі». Да прыходу партугальцаў галоўнымі заняткамі тупінікім былі ручное земляробства, рыбалоўства, збіральніцтва і паляванне. Асноўнай сацыяльнай адзінкай была вялікая пашыраная сям’я, якая ўтварала самастойнае паселішча. Яно часта пераносілася з месца на месца з-за паніжэння ўрадлівасці глебы, смерці аднаго з чальцоў, благога прадвесця і г. д. Падобна іншым тупі, тупінікім практыкавалі канібалізм.

Місіянеры стваралі стацыянарныя паселішчы, жыхары якіх утваралі адзіную рэлігійную і гаспадарчую абшчыну. На чале яе стаяў правадыр з тытулам капітана або касіка, аднак яго дзеянні кантраляваліся з боку святароў. Тупінікім навучаліся плантацыйнай форме сельскай гаспадаркі і еўрапейскім рамёствам. У выніку ў місіянерскіх паселішчах існаваў падзел працы і грашовыя ўзаемаадносіны паміж чальцамі абшчын. Разам з гэтым, большасць зямель вакол паселішчаў былі заняты лясамі, што абумовіла працяг існавання папярэдніх форм здабычы, асабліва рыбалоўства і збіральніцтва.

Сучасныя тупінікім жывуць у цагляных дамах, размаўляюць па-партугальску, аднак захоўваюць генетычную спадчыну продкаў і асобную індзейскую тоеснасць. Займаюцца сельскай гаспадаркай, наймаюцца на працу на прамысловыя прадпрыемствы і буйныя плантацыі. Хрысціянскія святы суправаджаюцца традыцыйнымі танцамі пад барабанную музыку. Постаць «капітана барабанаў», арганізатара такіх вечарын, лічыцца містычнай. Некаторыя даследчыкі лічаць, што яна ўвабрала функцыі старажытных шаманаў.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Народы Бразіліі
Катэгорыя·Індзейцы Паўднёвай Амерыкі