wd wp Пошук:

Сітцы

Сі́тцы[1] (трансліт.: Sitcy, руск.: Ситцы), да 1971 года Вялікія Сітцы (у жыцці абедзьве назвы і цяпер ужываюць паралельна) — аграгарадок у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр Сітцаўскага сельсавета. Знаходзіцца за 19 км на захад ад Докшыц, за 220 км ад Віцебска, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Параф’янава, на аўтамабільнай дарозе Докшыцы — Мядзел[2].

Назва

Паводле Вадзіма Жучкевіча, назва Сітцы ландшафтнага характару і паходзіць ад зараснікаў водных і прыбярэжных раслін — сітняка[3] і сітніка[4][5]. Вялікія — характарыстыка памераў паселішча, у адрозненне суседніх Малых Сітцоў. Вялікія Сітцы афіцыйна перайменавалі на Сітцы ў 1971 годзе, але старую назву працягваюць ужываць на дарожных знаках.

Гісторыя

Брама сядзібна-паркавага комплекса Дамейкаў у Сітцах

Вялікае Княства Літоўскае

Паселішча Сітцы ўзнікла не пазней за сярэдзіну XVI ст. ва ўладаннях, якія з канца XV ст. належалі троцкаму ваяводзе Багдану Саковічу, які атрымаў атрымаў іх імаверна ў 1485 годзе. Пасля смерці пана Багдана (1491) ўладанні ўспадкавала дачка Альжбэта, жонка Мікалая Радзівіла.

Цэнтрам гэтых уладанняў быў двор Валкалата, які ўпершыню згадваецца ў 1522 годзе. Дачка Мікалая Радзвіла, Алена, якая ўспадкавала валкалацкія ўладанні, выйшла замуж за Юрыя Сямёнавіча Алелькавіча, які памёр у 1542 годзе.

Упершыню Сітцы згадваюцца ў 1558 годзе пры падзеле спадчыны Юрыя Сямёнавіча Алелькавіча. Сітцы былі “дворцам” маёнтка Валкалата. Да дворца Сітцы належалі 23 сям’і падданых, панцырны баярын Мікалай Доктар і “чэлядзь нявольная” ў двары. Пры падзеле дворац Сітцы быў адлучаны ад валкалацкіх уладанняў і далучаны да маёнтка Даўгінава, які быў прызнаны ўласнасцю Соф’і Слуцкай, якая выйшла замуж за Юрыя Хадкевіча[6].

У 1567 годзе «дварэц» Сітцы, паміж Ваўкалатай і Порплішчам, належаў да Даўгінаўскага «двара» Юрыя Хадкевіча[7].

У XVII ст. у Сітцах быў замак. Паводле рэестру падымнага за 1690 год, маёнтак належаў ужо Уладзіславу Бжастоўскаму. Напачатку XVIII ст. Бжастоўскія перабудавалі замак на палацавую рэзідэнцыю, заклалі вакол яе парк. У 1710 годзе пабудавана драўляная Георгіеўская царква.

Расійская імперыя

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска ў Расійскай імперыі, цэнтр Сітцаўскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. У 1798 годзе Сітцы купіў Тадэвуш Дамейка (1762—1838; дзядзька Ігнацыя Дамейкі). Наступным уладальнікам быў сын Тадэвуша — Аляксандр Стэфан Дамейка (1804—1878). Палац Бжастоўскіх згарэў яшчэ пры Тадэвушы ў 1830 годзе, да цяперашняга часу ад яго захаваліся толькі цагляныя калоны порціка. У сярэдзіне XIX ст. Аляксандр Дамейка на новым месцы побач пабудаваў драўляную партэравую сядзібу. Да сядзібнага дому прымыкаў зашклёны павільён з шатровым дахам пад аранжарэю і зімовы сад, парк вакол займаў плошчу 8 га.

Аляксандр памёр бяздзетным і да канца XIX ст. маёнтак спадчынай перайшоў яго пляменніку Вацлаву Дамейку (1854—1935). Пры Вацлаве ў Сітцах працавала цагельня, якая вырабляла цэглу, кафлю і дахоўку (кафля мясцовай вытворчасці і цяпер сустракаецца ў Сітцах). У 1913 годзе пабудавана новая каменная Георгіеўскай царква.

Найноўшы час

З 1921 года ў складзе Польшчы. З 1939 года ў складзе БССР. Апошняй уласніцай з Дамейкаў была сястра Вацлава — Вікторыя Леонія Дамейка (1858—1954), жонка Станіслава Паплаўскага, якая з’ехала, каб не застацца на тэрыторыі, што пераходзіла пад кантроль СССР. Маёнтак канфіскавалі, у 1940 годзе на яго аснове створаны саўгас «Сітцы».

У 1940 годзе каля вёскі пабудаваны запасны аэрадром ВПС РСЧА[8] «Вялікія Сітцы». Першымі днямі савецка-германскай вайны тут базіраваўся 43-і ббап 12-й бад, які здзяйсняў баявыя вылеты ў раёны Сувалак, Друскенінкая, Тракая-Вільнюса, Вільнюса-Ашмян і Ашмян-Валожына па бамбардзіроўцы і штурмоўцы калон праціўніка. Аэрадром выяўлены авіяразведкай Люфтвафэ і атакаваны другой паловай дня 25.6.1941 года, на зямлі знішчаны і пашкоджаны шэсць Су-2[ru] і два Р-Z[ru], а 20:00 полк перабазіраваўся на аэрадромы каля Траўнікаў і Бецкага, а 21:20-21:30 праціўнік зноў атакаваў ужо пустое месца. Прынамсі з першых дзён ліпеня 1941 года і напрацягу акупацыі аэрадром выкарыстоўвалі падраздзяленні Люфтвафэ (II./LG2, I./KG2, II./KG2, III./KG2 і інш.), персанал кватэраваў ў Сітцах і ваколіцах (паводле матэрыялаў вуснай гісторыі[en]). З верасня 1943 года да абслугоўвання аэрадрома прыцягвалі італьянскіх ваеннапалонных з лагера каля станцыі Параф’янава, іх расстралялі каля фальварка Ходараўка вясной 1944 года перад адступленнем.

У 1944 годзе савецкія партызаны спалілі сядзібу Дамейкаў.

У XXI стагоддзі вёсцы нададзены статус аграгарадка. Мясцовы саўгас рэарганізаваны ў прыватнае прадпрыемства.

Цікавы факт

Мясцовая школа ініцыявала збор матэрыялаў вуснай гісторыі, якія апублікаваны на сайце школы.[9]

Насельніцтва

Інфраструктура

Славутасці

Сітцаўскі дуб-волат

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  2. 1 2 3 4 БелЭн, 2002
  3. https://orda.of.by/.lib/zhuchkevich/ktsb/344
  4. 1 2 https://sitzy.schools.by/pages/dasleda Архівавана 4 лютага 2022.
  5. https://knihi.com/none/Encyklapiedyja_pryrody_Bielarusi_djvu.zip.html#EP1.djvu_
  6. Lietuvos Metrika. Knyga 37. Vilnius 2011. - старонкі 192-193.
  7. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Докшыцкага раёна / Рэдкал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]; уклад. А. В. Скараход; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004. — С. 42-59; 70-71.
  8. http://aircraft-museum.ucoz.ru/publ/aehrodromy_v_belarusi/shifry_aehrodromov_zovo_1941g/3-1-0-3
  9. https://sitzy.schools.by/pages/legendy-padann Архівавана 4 лютага 2022.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Аграгарадкі Віцебскай вобласці
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Сітцы
Катэгорыя·Населеныя пункты Докшыцкага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Сітцаўскі сельсавет
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара