wd wp Пошук:

Сукума

Суку́ма (саманазва Basukuma, літаральна “людзі поўначы”) — усходнеафрыканскі народ, карэнныя жыхары Танзаніі. Жывуць пераважна на паўночным захадзе краіны, у рэгіёне Мванза. Агульная колькасць (2021 г.) - 9 884 тысяч чал.[1]

Гісторыя

Сукума перасяліліся на поўдзень ад возера Вікторыя прыкладна ў XVII ст. з тэрыторыі сучаснай заходняй Уганды, выгнаўшы адсюль качэўнікаў-хіма. Сукума звычайна падтрымлівалі саюзныя адносіны з ньямвезі. Некаторыя роды сукума вядуць свой пачатак ад выхадцаў з поўдню. У XIX ст. вярхоўны правадыр ньямвезі атрымоўваў ад сукума выплаты мясам, хаця фармальна яны не з’яўляліся яго падданымі. У 1891 г. землі сукума былі абвешчаны часткай германскай каланіяльнай імперыі. Гэта стала магчыма з-за аслаблення мясцовай ваеннай арганізацыі ў выніку эпідэміі соннай хваробы, мору свойскай жывёлы і сутычак з суседзямі-масаямі, якія перасяліліся з тэрыторыі Кеніі і рабілі напады з мэтай выкрадання кароў. Пасля I Сусветнай вайны сукума былі падпарадкаваны Вялікабрытаніяй. Прадстаўнікі гэтага народа прымалі ўдзел у антыкаланіяльным руху. У 1964 г. тэрыторыі, населеныя сукума, увайшлі ў склад незалежнай Танзаніі.

Асаблівасці культуры

Гаспадарка сукума мае змяшаны характар. Большасць сельскіх жыхароў займаецца земляробствам, аднак таксама трымае хатнюю жывёлу. Да канца XIX ст. пераважала выпальванне часткі лесу або саванны і далейшая апрацоўка палеткаў з дапамогай матык. Пад уплывам еўрапейцаў пачалі выкарыстоўваць плуг. Галоўныя сельскагаспадарчыя культуры — бавоўнік, арахіс, рыс, маніёк і інш. Апрацоўка зямлі і збор ураджаяў лічацца пераважна жаночай справай, а жывёлагадоўля і іншыя — мужчынскай. Жыхары ўзбярэжжа возера Вікторыя займаюцца рыбалоўствам. Распаўсюджаны пчалярства, дробныя рамёствы.

Традыцыйны від паселішча — буйная вёска, якая можа налічваць да некалькі тысяч жыхароў. У мінулым будавалі хаціны слупавога тыпу. Драўляныя слупы размяшчалі па колу, злучалі бэлькамі. Сцены і дах рабілі з пераплеценага галля і трыснёга, часам абмазвалі сумяссю гліны з глеям. У нашы дні пераважаюць будынкі сучаснага тыпу. Многія сукума жывуць у гарадах.

Сукума падзяляліся на некалькі тэрытарыяльных аб’яднанняў, якія ў сваю чаргу складаліся з матрылінейных родаў. Да 1964 г. зямля перадавалася па спадчыне толькі жанчынам, а свойская жывёла, прылады працы і зброя — мужчынам. Мужчыны адыгрывалі галоўную ролю ў кіраванні сям’і і роду.

Мастацтва сукума прадстаўлена драўлянай скульптурай, добра вядомы іх рытуальныя маскі. З распаўсюджваннем хрысціянства пашырылася песеннае харавое мастацтва.

Мова

Мова сукума належыць да моў сям’і банту, вельмі блізкая да мовы ньямвезі. Пісьмовасць была распрацавана місіянерамі на аснове лацінкі.

Рэлігія

Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў традыцыйнай рэлігіі сукума мелася ўяўленне пра адзінага першароднага бога. Яго называлі рознымі імёнамі, але храмаў для шанавання не будавалі. Шматлікія рытуалы і святы звязаны з культам сонца, абарончай магіяй, шанаваннем продкаў. Сярод сукума былі вядомы асобы, якія займаліся шаманізмам. Іх галоўнай функцыяй лічылася выкліканне дажджу.

У нашы дні значная частка вернікаў сукума спавядае хрысціянства, пераважна каталіцызм і пратэстанцтва.

Зноскі

  1. Sukuma in Tanzania

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Народы Танзаніі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Народы банту
Катэгорыя·Народы Афрыкі