wd wp Пошук:

Рабіннік

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Рабіннік (значэнні). Рабі́ннік, Дрозд-рабіннік ці Дрозд-піскун (Turdus pilaris) — пеўчая птушка сямейства драздовых атраду вераб’інападобных.

Апісанне

Даўжыня цела 12—18 см, маса 100—210 г. Галава i надхвосце папялiстыя, спiна карычняватая, хвост чорна-буры. Бураватыя грудзі з мноствам цёмных рысак. Маладыя зверху аднатонна карычневыя. Голас: спеў зусiм iншы, чым у астатніх драздоў — рыплівыя гукі і піскі, часта ў палёце. Асцерагае рэзкім «чак, чак, тррр», позыў «трр-тр-тртррр», у палёце — «сii».

Пашырэнне

Рабіннік у Севастопальскім парку Мінска

Пашыраны ў Еўразіі. Арэал: Паўночная і Цэнтральна-Усходняя Еўропа і Сібір да р. Алдан, на поўдні да Паўночнага Казахстана i воз. Байкал. У Беларусі пералётны від; у паўднёвых і цэнтральных раёнах часткова зімуе, асабліва ў гады, ураджайныя на ягады рабіны. Прылятае ў першай палове красавіка, адлятае ў кастрычніку.

Асаблівасці біялогіі

Рабіннік перад акном у Наваполацку.

Адкладвае да 7 яек (двойчы за год). Корміцца ягадамі рабіны, маліны, каліны, ажыны.

У кулінарыі

Даўней масава лавілі сіламі. Мяса лічыцца самым смачным ўвосень, калі птушкі сілкуюцца пераважна «ягадамі» ядлоўцу і набываюць спецыфічны смак і водар, якія раней высока цаніліся шляхецкімі гурманамі (польская назва — kwiczoły). Кнігі XIX ст. змяшчалі парады, як карміць куранят ядлоўцам такім чынам, каб яны набылі смак рабінніка.

Найлепш смакуюць печанымі, з укладзенымі ў брушную поласць птушкі кавалкамі масла, змяшанага са здробненымі «ягадамі» ядлоўцу. Падавалі таксама халоднымі ў жэле. На зіму рабіннікаў кансервавалі (пасля папярэдняга запякання) гэтаксама як іншых дробных птушак — рабчыкаў, бакасаў, амялушак, перапёлак, вымаючы грудныя косткі разам з вантробамі праз спіну, і начыняючы фаршам з працёртай булкі і сала.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Птушкі Еўразіі
Катэгорыя·Драздовыя
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара