wd wp Пошук:

Бакас

Бака́с, Чэпік, Пякур[1] (Gallinago gallinago) — птушка сямейства бакасавых атраду сеўцападобных.

Апісанне

Даўжыня цела 27-29 см, маса 100—125 г. Апярэнне карычнявата-бурае з вохрыстымі стракацінамі, брушка белае. Дзюба доўгая (каля чвэрці агульнай даўжыні), прамая.

Голас вясной «ч-п… ч-п…». Пры такаванні самца ў палёце рулявыя пёры вібруюць і выдаюць гукі, падобныя да бэкання ягняці (адсюль народная назва баранчык, козка).

Палёт імклівы, з зігзагамі пасля ўзлёту.

Пашырэнне

Паштовая марка Беларусі

Распаўсюджаны ў лесатундры, лясной і стэпавай зонах. Арэал ахоплівае Галарктыку (акрамя поўдня і крайняй поўначы), ізаляваныя папуляцыі сустракаюцца ад паўднёва-ўсходняга Афганістана да поўначы Індыі, жыве і ў Паўночнай Амерыцы.

Жыве каля вады. Насяляе вільготныя лугі, тарфянікі, багны, пад час пералётаў таксама глеістыя берагі вадаёмаў і спушчаныя сажалкі, а таксама іншыя вільготныя месцы. У Беларусі звычайны гнездавальны і пералётны від. Адлятае ў жніўні—верасні.

Асаблівасці біялогіі

Корміцца чарвямі, слімакамі, жукамі, лічынкамі насякомых, карэньчыкамі травяністых раслін.

Гняздо ў купіне асакі (часцей за ўсё вакол яе плыткая вада), добра схаванае з бакоў. Скупая высцілка з кавалкаў асакі.

Яйка

Яйкі звычайна 4 (часам 2-5), авальныя да грушападобных з тупым вузейшым канцом, розных адценняў аліўкава-зялёнага альбо аліўкава-карычневага; глыбокія плямы — шэрыя альбо шэра-аліўкавыя (вялікія, звычайна больш густыя на шырокiм канцы), паверхневыя – карычневыя або чырвона-карычневыя.

Падвіды

Аб’ект палявання

Бакас міжнародна прызнаны як папулярны аб’ект спартыўнага палявання (слова «снайпер» паходзіць ад англійскага sniper — «паляўнічы на бакасаў»).

Даўней мяса бакаса лічылася ў шляхецкай кулінарыі найсмачнейшым з усіх дзікіх птушак. Мяса перад прыгатаваннем вымагае бардзіравання або марынавання (даўней бакасаў марынавалі на зіму пасля запякання вытрыбушанымі на ражне).

Спасылкі

Літаратура

  1. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с. — (.). у крыніцы пад назвай Scolopax gallinago Briss
Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Бакасавыя
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта