Пылю́шнік альпійскі[3] (Thalictrum alpinum) — від кветкавых раслін роду Пылюшнік (Thalictrum) сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae).
Шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна вышынёй 5—15 (да 20) см. Сцябло простае, голае, часам з адным лістом. Лісце двойчыперыстае, у прыкаранёвай разетцы. Ліставыя пласцінкі круглаватыя, скурыстыя, 3—5-зубчастыя. Кветкі паніклыя, чырванавата-бураватыя, у галінастай гронцы. Плод — шматарэшак. Асобныя плодзікі амаль сядзячыя, рабрыстыя, крыху сагнутыя.
Расліна ядавітая.
Пылюшнік альпійскі распаўсюджаны на тэрыторыі Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі. Расце ў тундры і на горных лугах, па берагах горных ручаёў, на скалах і марэнах каля ледавікоў. Цвіце ў чэрвені—ліпені[3].
Ахоўваецца на тэрыторыі Расіі (Башкартастан, Комі)[4].
Лекавая і дэкаратыўная расліна.