wd wp Пошук:

Прыназоўнікі англійскай мовы

Прыназоўнікі англійскай мовы (English prepositions) - гэта службовыя часціны мовы. Яны выкарыстоўваюцца з назоўнікамі і некаторымі іншымі словамі каб паказаць іх адносіны да іншых слоў у сказе[1]. Прыназоўнікі могуць складацца як з аднаго слова, так і з некалькіх. У сучаснай англійскай мове адны і тыя ж прыназоўнікі могуць перадаваць рознае значэнне, калі выступаюць у ролі прыназоўнікаў месца ці часу. Таксама варта зазначыць, што словы, якія выкарыстоўваюцца ў некаторых сказах як прыназоўнікі, выступаюць у ролі іншых часцін мовы, напрыклад злучнікаў ці прыслоўяў. У розных дыялектах сучаснай англійскай мовы ёсць свае асаблівасці і нават істотныя адрозненні ў выкарыстанні прыназоўнікаў у адных і тых жа сітуацыях. Яскравым прыкладам з’яўляецца амерыканскі варыянт англійскай мовы.

Парадак выкарыстання прыназоўнікаў з дзеясловамі не ва ўсіх выпадках супадае з аналагічным парадкам у беларускай мове: напрыклад беларуская фраза “смяяцца з” не можа быць перакладзена з дапамогай эквівалентнага прыназоўніка with (з), бо англійскі дзеяслоў “смяяцца” (laugh) патрабуе выкарыстанне зусім іншага прыназоўніка - at, які літаральна значыць “у, на, пры”. Падобная розніца ёсць і ў выкарыстанні прыназоўнікаў з прыметнікамі : to be interested in - быць зацікаўленным (чым-небудзь, няма прыназоўніка). Асобая гаворка ідзе пра Фразавыя дзеясловы (phrasal verbs) - адносна ўстойлівыя спалучэнні з дзеясловаў і прыназоўнікаў (альбо злучнікаў ці часціц), у якіх літаральны сэнс кожнага слова знікае і ўся фраза перадае адно значэнне. Так дзеяслоў look (глядзець) і прыназоўнік for (для) у спалучэнні разам азначаюць “шукаць”.

Прыназоўнікі ставяцца перад назоўнікамі, на сэнс якіх яны ўплываюць, і пасля прыметнікаў і дзеясловаў у свабодных спалучэннях і ўстойлівых выразах. Сінтаксіс англійскай мовы дазваляе ставіць некаторыя прыназоўнікі ў канцы сказаў. Так бывае у спецыяльных пытаннях (What are you looking for? - Чаго ты шукаеш? (Магчымы таксама варыянт For what are you looking?), даданых сказах (I know whom she in love with - Я ведаю ў каго яна закахалася), пасіўных канструкцыях (His behaviour is much spoken about - Аб яго паводзінах шмат размаўляюць) і некаторых іншых выпадках[2].

Асноўныя значэнні прыназоўнікаў месца і часу

ПрыназоўнікСэнс у катэгорыях часуСэнс у катэгорыях месца ці прасторы
Atа пэўнай гадзіне (at 17:30 - у 17:30)у пэўным месцы (работа, школа, офіс)
Вeforeперад, напярэдадні (нейкага моманту часу)перад (кімсьці, чымсьці), насупраць (кагосьці чагосьці)
In1. у год, пару года, месяц (in 2005/summer/September - у 2005 годзе/летам/у верасні;

2. праз (нейкі прамежак часу) (in 3 days - праз 3 дні)

у пэўным месцы (звычайна перадае сэнс "унутры памяшкання
Onу дзень, дату (on Tuesday - у аўторак, on July 26 - 26 ліпеня)на (паверхні)[3]
Aboutкаля, прыблізна (аб часе)каля, прыблізна (аб адлегласці ці іншых катэгорыях вымярэння)[4]
Withinна працягу (часу), праз (пэўны час) (within 5 working days - на працягу (праз) 5 рабочых дзёну межах (пэўнай прасторы) (within the territory of Minsk - на (у межах) тэрыторыі Мінска
Aroundкаля, прыблізна (аб часе)вакол (аб прасторы, месцы)

Іншыя выпадкі мнагазначнасці прыназоўнікаў

Прыназоўнік for можа па-рознаму перакладацца на беларускую у наступных сітуацыях. I bought it for you - Я купіў гэта для цябе. I’ve been waiting for my boss for 3 hours! - Я чакаю свайго шэфа ўжо (на працягу) 3 гадзін(ы)! For I know some French I can read this book - Паколькі я крыху ведаю французскую мову, я магу чытаць гэту кнігу.

Прыназоўнік at, акрамя вышэй апісаных сітуацый, можа быць выкарыстаны пры абазначэнні цаны ці кошту чаго-небудзь (at 5 dollars - за 5 долараў). Яшчэ адзін выпадак мнагазначнасці гэтага прыназоўніка: He lives at the following address - Ён жыве па наступнаму адрасу.

Змяненне значэння дзеяслова з дапамогай розных прыназоўнікаў

Як фразавыя, так і іншыя дзеясловы мяняюць сваё значэнне, калі з імі выкарыстоўваюцца розныя прыназоўнікі. Разгледзім некалькі прыкладаў: wait for - чакаць, а wait on - абслугоўваць (кліента і г.д.); make (out) of - рабіць з (матэрыялу, рэчыва, якое не губляе сваіх уласцівасцяў падчас апрацоўкі: пластык, метал і г.д.), а make from - рабіць з (матэрыялу, рэчыва, якое губляе свае ўласцівасці падчас апрацоўкі, напрыклад выраб хлеба з мукі); throw something to somebody - кідаць што-небудзь каму-небудзь (каб ён гэта схапіў), а throw something at somebody - кідаць, шпурляць нейкі прадмет у кагосьці. З дзеясловам arrive (прыбываць, прыязджаць) звычайна ставіцца прыназоўнік at, але, калі гаворка ідзе пра прыбыццё ў буйны горад, маўляў, у Парыж, правілы англійскай граматыцы патрабуюць замяняць яго прыназоўнікам in.

Апошнія тэндэнцыі графічнага абазначэння прыназоўнікаў

Інтэрнэт і развіццё сотавай сувязі прывялі да ўзнікнення новых спосабаў скарачэння слоў. Гэта тэндэнцыя, звязаная з неабходнасцю эканоміць колькасць сімвалаў у кароткіх тэкставых паведамленнях (SMS), закранула перапіску па электроннай пошце, у чатах, і паўсядзённае жыццё (напрыклад нататкі, канспекты). Некаторыя прыназоўнікі сталі абазначаць лічбамі: 4 - for (для), 2 - to (да, напрамак руху ў бок нейкага аб’екта), в4 - before (перад). Прыназоўнік at ўжо не адно дзесяцігоддзе перадаецца сімвалам @, бо менавіта гэты прыназоўнік абазначае сімвал адрасу электроннай пошты, за якім у беларускай мове замацаваліся мянушкі “сабака” і “слімак”.

Зноскі

  1. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §1, p.406
  2. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §4, p.408
  3. Яшчэ адно значэнне прыназоўніка on перадаецца яго беларускім эквівалентам “па” у такіх сітуацыях: it is a new textbook on chemistry - гэта новы падручнік па хіміі
  4. Яшчэ адно значэнне прыназоўніка аbout перадаецца беларускім словам “пра” напрыклад, it is a book аbout animals - гэта кніга пра жывёл
Тэмы гэтай старонкі (2):
Англійская мова
Часціны мовы