wd wp Пошук:

Назоўнікі англійскай мовы

Назоўнікі англійскай мовы (English nouns) - гэта часціны англійскай мовы, якія абазначаюць прадметы, з’явы і абстрактныя паняцці. Як і ў іншых мовах свету, яны дзеляцца на ўласныя - імёны людзей, мянушкі жывёл, назвы гарадоў і інш. і агульныя. Англійскія назоўнікі маюць граматычныя катэгорыі роду, ліку і склону.

Катэгорыя роду

Усе назоўнікі, якія абазначаюць жывых істот мужчынскага ці жаночага полу, адносяцца да мужчынскага і жаночага роду (masculine and feminine). Большасць астатніх слоў адносяцца да ніякага роду (neuter). Есць словы, якія можна аднесці да агульнага роду (common gender), па прычыне таго, што яны абазначаюць асоб і мужчынскага, і жаночага полу; напрыклад, англійскае слова friend можна перакласці і “сябар”, і “сяброўка”. У такіх выпадках пол істоты, да якой адносіцца назоўнік агульнага роду, адрозніваюць з дапамогай дадатковых слоў: man servant (слуга), woman driver (жанчына-вадзіцель), tom-cat (кот), she-goat (каза).

Шэраг назоўнікаў, якія адносяцца да ніякага роду, могуць замяняцца на займеннік жаночага роду she (яна): ship (карабель), іншыя водныя транспартныя сродкі і car (аўтамабіль)[1]. Так, у фільме “Тытанік” Дж. Камерона аднайменны карабель называлі і словам it (яно), і словам she. Пад гэта ж правіла падпадае назва краіны, горада[2]. Выкарыстанне займенніка she ў дачыненні да неадушаўлёных прадметаў і з’яў паказвае прыязныя адносіны суб’екта гаворкі да гэтых прадметаў і з’яў (напрыклад, любоў да радзімы). Назвы жывёл і слова baby (дзіця) звычайна таксама ніякага роду, але могуць ставіцца ў жаночы ці мужчынскі род адпаведна полу істоты.

Катэгорыя склону

Назоўнікі англійскай мовы могуць ставіцца толькі ў 2 склоны: агульны (common case) і прыналежны (possesive/genitive case). Апошні перадае прыналежнасць каму-небудзь (чаму-небудзь) пэўнага прадмету (з’явы): the officer’s car - “машына гэтага афіцэра”, слова car стаіць у агульным склоне, а officer - у прыналежным. Прыналежны склон выражаецца даданнем назоўніку апострафа (калі слова заканчваецца на літары s, z i x) (Burns’ poems - вершы Бернса) ці апострафа з літарай s (ва ўсіх астатніх выпадках) (children’s toys - цацкі дзяцей). Большасць назоўнікаў, якія абазначаюць неадушаўлёныя прадметы і з’явы ці абстрактныя паняцці, ставяцца толькі ў агульны склон, але паняцці, звязаныя з вымярэннем часу, адлегласці, геаграфічныя назвы могуць ставіцца ў прыналежны склон[3]: a day’s wait (чаканне працягам у цэлы дзень).

Катэгорыя ліку

У сучаснай англійскай мове ўсе назоўнікі можна падзяліць на адзіночналікавыя (uncountable nouns) і множналікавыя (countable nouns). Апошнія дзеляцца на словы, якія маюць адзіночны лік, і якія маюць толькі форму множнага ліку.

Адзіночналікавыя назоўнікі

Рэчыўныя назоўнікі (якія абазначаюць рэчывы - water - вада) і назоўнікі, якімі выражаецца большасць абстрактных паняццяў, звычайна не ставяцца ў множны лік, і таму з’яўляюцца адзіночналікавымі. Многія такія назоўнікі можна паставіць у множны лік, каб перадаць ідэю розных відаў рэчыва альбо з’явы (cheeses - сыры (розных сартоў), moneys - валюты розных краін, а не грошы ўвогуле, businesses - розныя віды бізнесу) ці порцыю рэчыва (We ordered two beers and an ice-cream - Мы замовілі два піва і адно марожанае). Некаторыя назоўнікі з’яўляюцца адзіночналікавымі, калі абазначаюць цэлае ці больш шырокае паняцце, і множналікавымі, калі перадаюць ідэю часткі цэлага: brick - a brick (цэгла - цагліна), paper - a paper (папера - дакумент, газета), society - a society (грамадства - таварыства, клуб). Як і ў беларускай мове, рэчыўныя назоўнікі могуць быць множналікавымі, калі перадаюць стылістычную ідэю мноства рэчыва ці яго працяжнасць, бясконцасць: sands of the Sahara - пяскі Сахары, the blue skies of Italy - блакітныя нябёсы Італіі[4]. Назвы навук, якія заканчваюцца на -ics (mathematics -матэматыка), звычайна разглядаюцца як адзіночналікавыя[5], але ў некаторых выпадках яны могуць ставіцца з дзеясловамі множнага ліку[6].

Некаторыя назоўнікі англійскай мовы ніколі не ставяцца ў множны лік, у адрозненні ад іх беларускіх эквівалентаў: news (навіна - навіны), knowledge (веданне - веды), advice (парада - парады).

Множны лік

Звычайна назоўнікі англійскай мовы ставяцца ў множны лік з дапамогай суфікса s (альбо es, калі назоўнік заканчваецца літарамі і спалучэннямі літар, якія перадаюць гукі “с”, “з”, “ч” “ш” ці пасля галосных). Пры гэтым пасля глухіх зычных суфікс s(es) перадае гук “с” (plates (талеркі)), пасля звонкіх зычных і галосных - гук “з” (flags (сцягі)), а пасля шыпячых і свісцячых гукаў гэты суфікс чытаецца “із”. У складаных назоўніках суфікс s(es) можа надавацца розным кампанентам: merry-go-rounds (каруселі), commanders-in-chief (галоўнакамандуючыя).

Некаторыя літары на канцы назоўніка могуць мяняцца пры даданні суфікса множнага ліку. Напрыклад, літара “у” пасля зычных замяняецца літарамі “іе”: city - cities (горад - гарады); пасля галосных літара “у” не мяняецца, бо абазначае не гук “і”, а “й”: day -days (дзень - дні). Падобным чынам літара “f” у некаторых словах, такіх як wife (жонка), wolf (воўк), knife (нож) замяняецца на “v” - wives, wolves, knives.

У сучаснай англійскай мове існуюць назоўнікі з нестандартнай формай множнага ліку. Некаторыя з іх, напрыклад, маюць аднолькавую (аманімічную) форму адзіночнага і множнага ліку: sheep (авечка - авечкі), grouse (курапатка - курапаткі), works (завод - заводы), means (сродак - сродкі). Словы works і means могуць складаць цяжкасці пры перакладзе, бо works - гэта і множны лік назоўніка work (у сэнсе “твор (пісьменніка), праца (навуковая)”, а не работа ўвогуле), і адзіночны і множны лік слова “завод”, і форма простага цяперашняга часу 3-й асобы адзіночнага ліку дзеяслова work - “працуе”. Такім жа чынам means - гэта не толькі сродак і сродкі, але і форма простага цяперашняга часу 3-й асобы адзіночнага ліку дзеяслова mean “значыць; мае намер”. Звычайна лік такіх назоўнікаў можна вызначыць з дапамогай кантэксту.

Многія іншыя прыклады назоўнікаў з нестандартным множным лікам можна сістэматызаваць у табліцу:

Адзіночны лікМножны лік
man (мужчына)men (мужчыны)[7]
child (дзіця)children (дзеці)
mouse (мышь)mice (мышы)
crisis (крызіс)crises (крызісы)
antenna (антэна)antennae (антэны)[8]
phenomenon (з'ява)phenomena (з'явы)
curriculum (вучэбная праграма)curricula (вучэбныя праграмы)[9]
plateau (плато)plateaux (плато)[10]
Rom (цыган)Roma (цыгане)
person (чалавек)people (людзі)[11], рэдка - persons
penny (пені)pennies (некалькі манет вартасцю ў адзін пені кожная), pence (манета вартасцю у некалькі пенсаў (=пені))

Сярод назоўнікаў англійскай мовы існуюць некаторыя множналікавыя назоўнікі, якія не маюць адзіночнага ліку. Да гэтай групы адносяцца абазначэнні парных прадметаў: trousers (штаны), scissors (нажніцы). У гэтай групе таксама есць словы, якія з’яўляюцца амонімамі множнага ліку назоўнікаў, якія ў сваю чаргу ставяцца ў адзіночны лік. Гэтыя амонімы адрозніваюцца значэннем і складаюць некаторыя цяжкасці пры перакладзе

НазоўнікФорма множнага ліку пры наяўнасці адзіночнагаАманімічны множналікавы назоўнік з адсутнасцю формы адзіночнага ліку
carrotsмаркоўкікароткія рыжыя валасы
forcesсілыармія
coloursколерысцяг
glassesшклянкіакуляры
mannersспосабы дзеянняманеры паводзін
moralsурокі, маралі (баек)стандарты паводзін
minutesхвіліныстэнаграма
quartersчвэрціжыллё, памяшканне
tailsхвастыфрак
draughtsскразнякішашкі (гульня)[12]

Зборныя назоўнікі

Шэраг назоўнікаў англійскай мовы абазначаюць групы людзей і з’яўляюцца зборнымі: family (сям’я), army (армія), government (урад). У брытанскім варыянце англійскай мовы яны лічацца назоўнікамі адзіночнага ліку, калі разглядаюцца як цэлае - My family is very united (Мая сям’я вельмі дружная). Але ў кантэксце дзеянняў кожнага члена групы паасобку зборныя назоўнікі нават у адзіночным ліку ставяцца з дзеясловамі множнага ліку - My family have just gathered in the room (“Мая сям’я толькі што сабралася ў пакоі” альбо “Члены маёй сям’і толькі што сабраліся ў пакоі”), непажадана замяняць дзеяслоўную канструкцыю have just gathered на яе форму 3-й асобы адзіночнага ліку has just gathered. Пры гэтым зборныя назоўнікі police (паліцыя), cattle (скаціна) і people (людзі) разглядаюцца толькі як назоўнікі множнага ліку: the police are looking for the terrorists (паліцыя шукае тэрарыстаў) нельга сказаць the police is looking for the terrorists. У амерыканскім варыянце англійскай мовы есць тэндэцыя выкарыстоўваць зборныя назоўнікі толькі з дзеясловамі множнага ліку.

Сінтаксічная роля назоўнікаў

Часцей за ўсе назоўнік англійскай мовы выступае ў сказе ў ролі дзейніка: Life is great! (Жыццё цудоўнае!). Яшчэ адна распаўсюджаная роля назоўніка ў сказе - дапаўненне: I read books (Я чытаю кнігі). Шырокае распаўсюджанне маюць камбінацыі з двух і больш назоўнікаў (noun+noun, N+N), у якіх апошні звычайна з’яўляецца дзейнікам альбо дапаўненнем, а папярэдні (ці папярэднія) выковаюць сінтаксічную функцыю азначэння: tuition fee (плата за навучанне), work schedule (графік работы/рабочы графік). Як бачна на вышэй прыведзеных прыкладах, перакладаць такія камбінацыі назоўнікаў на беларускую трэба пачаўшы з апошнягя слова, пры неабходнасці дадаваць прыназоўнікі. Пры гэтым у некаторых выпадках магчымы пераклад назоўніка ў функцыі азначэння прыметнікам беларускай мовы, як у прыкладзе “work - работа і рабочы”[13]. Магчыма выкарыстанне назоўніка ў ролі часткі складанага дапаўнення (Complex object) (they elected him president - (яны) яго абралі прэзідэнтам), складанага дзейніка (Complex subject) (He was appointed chairman - яго прызначылі старшынём), акалічнасці (He spoke in a different tone - Ен гаварыў іншым тонам), прэдыкатыўнага члена складанага выказніка (I am a teacher - Я настаўнік), прыдатка (My brother, a businessman, works too much - Мой брат, бізнесмен, надта шмат працуе).

Зноскі

  1. Krylova I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. 12th edition М.:“КДУ”, 2008, с.260, §2
  2. У выдадзеным на англійскай мове перакладзе “Біблія караля Якава” займеннікі 2 асобы, жаночага роду she і her выкарыстоўваліся да горада Ерусаліма і гары Сіен
  3. Krylova I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. 12th edition М.:“КДУ”, 2008, с.266, §16
  4. Krylova I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. 12th edition М.:“КДУ”, 2008, с.263, §12
  5. R. Murphy English Grammar in Use. 2nd edtion, Unit 78, p. 156
  6. Krylova I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. 12th edition М.:“КДУ”, 2008, с.262, §9
  7. Па таму ж правілу ставяцца ў множны лік словы policeman (паліцейскі), Englishman (англічанін) і іншыя складаныя назоўнікі, ў якіх кампаненты man і woman азначаюць “мужчына” і “жанчына”
  8. Магчымы варыянт antennas. Гл. словарь Мультитран
  9. Магчымы варыянты phenomenons i curriculums. Гл. Krylova I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. 12th edition М.:“КДУ”, 2008, с.262, §7
  10. Магчымы варыянты plateau і plateaus. Гл. словарь Мультитран
  11. Не трэба блытаць з амонімамі a people - peoples, якія перадаюць значэнне “народ -народы”
  12. Табліца складзена на падставе распрацоўкі, апублікаванай на англійскай мове ў даведніку: Krylova I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. 12th edition М.:“КДУ”, 2008, с.263, §11
  13. Больш інфармацыі аб правілах літаратурнага перакладу спалучэнняў з некалькіх назоўнікаў можна знайсці ў падручніку: Слепович В. С. Курс перевода. Русский-английский. Мн.:“ТетраСистемс”, 2001, с.58-70
Тэмы гэтай старонкі (2):
Англійская мова
Пераклад