wd wp Пошук:

Прыслоўі англійскай мовы

Прыслоўі англійскай мовы (English adverbs) — гэта часціны мовы, якія выкарыстоўваюцца для «азначэння іншых часцін мовы акрамя назоўнікаў»[1].

Звычайна прыслоўі англійскай мовы ставяцца для азначэння дзеясловаў ці даданых сказаў (He drove fast — Ён ехаў хутка). Могуць быць выкарыстаны для азначэння іншых прыслоўяў (He drove very fast — Ён ехаў вельмі хутка) альбо прыметнікаў (She’s extremely beautiful — Яна надзвычайна прыгожая). У сказе, як правіла, прыслоўі выконваюць сінтаксічную ролю акалічнасці розных тыпаў: месца, часу і г.д.

Утварэнне прыслоўяў англійскай мовы

Некаторыя прыслоўі з’явіліся як «пераасэнсаваныя» прыметнікі: яны пішуцца і чытаюцца аднолькава з прыметнікамі, ад якіх былі створаны (fast — хуткі і хутка). У сказе такія прыслоўі можна адрозніваць ад прыметнікаў наступным чынам: прыметнікі выкарыстоўваюцца для азначэння назоўнікаў, а прыслоўі — дзеясловаў. Значная колькасць прыслоўяў з’явілася з дапамогай далучэння суфікса ly да прыметнікаў: beautiful (прыгожая) — beautifully (прыгожа).

У сувязі з наяўнасцю такіх двух спосабаў утварэння прыслоўяў узнік шэраг падобных прыслоўяў з рознымі значэннямі.

Прыслоўе без lyЗначэнне ці асаблівасці выкарыстанняПрыслоўе з lyЗначэнне ці асаблівасці выкарыстання
cheapтанна (з дзеясловамі get — набыць, buy — купіць, sell — прадаць, hire — наняць)cheaplyтанна (з усімі астатнімі дзеясловамі)
cleanпрама, непасрэднаcleanlyчыста
clearпрэч, паводдальclearlyясна, зразумела
easyлёгка (з выразамі go easy about it — асцярожней і take it easy — не хвалюйся)easilyлёгка (з усімі астатнімі дзеясловамі)
fairсумленна (з дзеясловамі fight — біцца і play — гуляць (у карты і інш.))fairlyсумленна (з усімі астатнімі дзеясловамі)
freeбясплатнаfreelyсвабодна
hardрупліва (пасля дзеяслова-выказніка)hardlyз цяжкасцю, ледзь (у пачатку сказа ці ў складаным выказніку паміж мадальным дзеясловам і інфінітывам немадальнага дзеяслова)
lateпознаlatelyнядаўна
nearблізкаnearlyамаль што
prettyвельміprettilyпрыгожа
shortраптамshortlyнеўзабаве[2].

Вышэйшая і найвышэйшая ступені прыслоўяў англійскай мовы

У адрозненні ад прыметнікаў, прыслоўі англійскай мовы не маюць шматлікіх выключэнняў з правілаў утварэння вышэйшай і найвышэйшай ступені. Прыслоўі з аднаго складу ўтвараюць вышэйшую і найвышэйшую ступені суфіксальным спосабам, а прыслоўі з двух складоў і больш у такіх выпадках карыстаюцца словамі more і most. Выключэнне з гэтых правілаў складае прыслоўе early (рана), якое ўтварае вышэйшую і найвышэйшую ступені як аднаскладовае прыслоўе[3]. Перад найвышэйшай ступенню прыслоўя не ставіцца азначаны артыкль (the).

ПрыслоўеВышэйшая ступеньНайвышэйшая ступень
Slow (марудна)slowerslowest
Politely (ветліва)more politelymost politely

Шэраг прыслоўяў англійскай мовы маюць спецыяльныя формы вышэйшай і найвышэйшай ступеняў: well (добра) — better — best, badly (блага) — worse — worst i інш. Гэтыя прыслоўі «ўзялі ў спадчыну» свае формы вышэйшай і найвышэйшай ступеняў ад тых прыметнікаў, ад якіх былі самі створаны.

Месца прыслоўя ў сказе

Існуюць 4 асноўных пазіцыі прыслоўя ў сказе: у пачатку сказа; паміж дзейнікам і выказнікам; пасля слова, якое азначаецца гэтым прыслоўем; у канцы сказа[4]. У некаторых выпадках прыслоўе можа мяняць сваю пазіцыю ў сказе пры змене сэнсу гэтага сказа. Так прыслоўі always (заўсёды), never (ніколі) і інш. могуць стаяць у пачатку сказа, калі на іх робіцца акцэнт: Never he comes home early — Ён ніколі не прыходзіць дадому рана (эмацыянальнае выказванне, акцэнт робіцца на слове «ніколі») (Звычайна такія прыслоўі ставяцца паміж дзейнікам і выказнікам: He never comes home early.) Калі прыслоўі накшталт generally, morally, scientifically ставяцца у пачатку сказа яны азначаюць пункт гледжання і аддзяляюцца коскай: Generally, he answered the question — Увогуле, ён адказаў на пытанне. Але ў канцы сказа гэтыя прыслоўі будуць мяняць адценне значэння дзеяслова-выказніка: He answered the question generally — Ён адказаў на пытанне ў агульных рысах[5].

Праблемы перакладу прыслоўяў англійскай мовы

Увогуле большая частка прыслоўяў англійскай мовы маюць адпаведнікі ў беларускай і перакладаюцца з дапамогай прыслоўяў. Некаторыя асобныя прыслоўі не маюць эквівалентаў у беларускай мове і перакладаюцца фразамі. Напрыклад, I often travel internationally — Нярэдка я езджу па розных краінах. Некаторыя прыслоўі беларускай мовы таксама не маюць эквівалентаў у англійскай і перакладаюцца фразамі: Ён размаўляў з ёй дружалюбна — He spoke to her in a friendly manner.

Некаторыя іншыя праблемы перакладу прыслоўяў англійскай мовы звязаны з падабенствам прыслоўяў з суфіксам ly і без (hard i hardly) і з пазіцыяй прыслоўя ў сказе, аб чым напісана вышэй.

Прыслоўі already і yet

Гэта пара прыслоўяў выкарыстоўваецца ў падобным значэнні («яшчэ», «ужо»). Пры гэтым already пераважна ставіцца ў сцвярджэннях, а yet — у пытаннях і адмоўных сказах. У некаторых сітуацыях яны паказваюць падзею з супрацьлеглых пунктаў гледжання. Напрыклад: It is already dark — Ужо сцямнела; it is yet dark — Яшчэ цёмна. Пры перакладзе слова yet таксама трэба звяртаць увагу на яго шматзначнасць і на кантэкст.

Гл. таксама

Спіс прыслоўяў англійскай мовы

Зноскі

  1. WordWeb. Offline Dictionary
  2. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, § 4, с.396-397
  3. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, § 5, с.398
  4. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, § 7, с.400
  5. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, § 7, с.402
Тэмы гэтай старонкі (1):
Англійская мова