Паруча́йнік шыракалісты[3][4] (Síum latifólium) — кветкавая расліна; від роду Паручайнік (Sium) сямейства Парасонавыя (Apiaceae). Тыпавы від роду.
Народныя назвы расліны талюха, ці польный кмен[4].
![]() | ||||||||||
Шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна, якая можа дасягаць да 1,5 м у вышыню. Мае пустацелае галінастае паласатае сцябло.
Ніжняе лісце (звычайна пагружанае ў ваду) двойчыперыстае з ніткападобнымі долямі, верхняе — проста перыстае з 2—6 парамі даўгаватых лісточкаў з зубчастымі краямі.
Цвіце ў ліпені і жніўні. Кветкі белыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік.
Паручайнік шыракалісты расце ад Еўропы да Сібіры ў тарфяных ямах і па краях канаў, зарослых чаротам, на вільготных і забалочаных лугах, нізінных балотах, па берагах вадаёмаў і ў вадзе. Святлолюбівая расліна, гіграфіт, гідрафіт, мезатроф.
Ахоўваецца ў большасці рэгіёнаў Францыі і Швейцарыі.
Дае меданосным пчолам нектар[5]. Усе часткі расліны ядавітыя. Эфірны алей з кветак і пладоў выкарыстоўваецца ў парфумерыі[6].