wd wp Пошук:

Паляўнічыя акварэлькі з Палесся

«Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» — польскамоўная паэма Янкі Лучыны, цалкам апублікаваная ў зборніку «Poezje» ў 1898 годзе ў Варшаве.

Гісторыя

Раздзелы паэмы «На ласёў на прынаду», «На цецерукоў у час такаваня» Лучына дасылаў у 1882 годзе Аляксандру Валіцкаму (1826—1893), былому мінскаму кнігару, удзельніку паўстання 1863—1864 гадоў, які жыў тады ў Кракаве[1].

Раздзелы «Стары паляўнічы», «Выправа на ласёў» і «Апавяданне даяжджаючага» публікаваліся ў часопісе «Życie» (1887, № 25-26; 1888, № 8), а «Перад куццёю» — у альманаху «Życie ilustrowane» (Варшава, 1887) пад агульным загалоўкам «Акварэлькі з паляўнічага жыцця на Палессі» (польск.: Akwarelki z życia myśliwskiego na Polesiu), які, як сведчаць аўтографы паэта, захаваныя ў аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве, быў рэдакцыйным варыянтам назвы паэмы.

Цалкам паэма «Акварэлькі» была апублікавана ў Варшаве ў 1898 годзе. Хоць яна і была напісана на польскай мове, у ёй захавалася шмат беларусізмаў, якія надавалі асаблівы нацыянальны каларыт. У адным з лістоў да Зянона Пшасмыцкага аўтар пісаў:

" Чым жа прывабліваюць мае «Паляўнічыя акварэлькі»? Не ведаю. Мабыць, тым, што яны арыгінальныя і праўдзівыя, як фатаграфія, бо спісаныя яны з сапраўдных факцікаў… «Паляўнічых акварэлек» я мог бы напісаць з капу, бо і цяпер, хаця і бяз ног, трываю ў заўзятасці да шаракоў і бакасаў, за ложкам у мяне ёсьць самапал, і ежджу, калі здарыцца, паляваць на ўражанні, бо звярыну нячаста пазбаўляю жыцьця. Ці павінен я тады фабрыкаваць «Акварэлькі»? Дзьве ўжо абдумаў, адну напісаў слова ў слова з жыцця[2] "

Апісанне

Апублікаваны ў зборніку «Вязанка» (Пецярбург, 1903) верш «Стары ляснік» традыцыйна разглядаецца як лучынаўскі самапераклад раздзелу «Стары паляўнічы»[3]. На думку Уладзіміра Мархеля, разам з тым гэта арыгінальны твор, які мае прыкметы самастойнасці, выяўленай ў нязначнай змене назвы і ў беларускамоўнай інтэрпрэтацыі тэмы, першасна раскрытай аўтарам па-польску[4].

Сюжэт верша пачынаецца з настойлівай просьбы Грышкі даць яму пораху. Былы паляўнічы (ляснік) наважыўся забіць шкадлівага мядзведзя, што задраў жарабя. Ні свядомыя перашкоды з боку родных, ні спакуслівыя прапановы пана ня могуць адмяніць ягонага намеру. Верш завяршаецца стрыманай просьбаю Грышкі прыслаць у лес падводу, што ўказвае на паспяховы вынік палявання[4].

Уладзімір Мархель выказаў здагадку, што паніч, ад імя якога вядзецца вершаванае апавяданне, — гэта сам паэт у час маладосці. Што тычыцца лесніка, то яго Лучына мог сустрэць у арандаванай бацькамі Мархачоўшчыне, куды яшчэ студэнтам прыяжджаў на канікулы[2].

Ацэнкі

Літаратурныя крытыкі далі высокую ацэнку паэме, ставячы гэты твор у адзін шэраг з «Песняй пра зубра» Міколы Гусоўскага і «Панам Тадэвушам» Адама Міцкевіча. Некаторымі крыніцамі паэма характарызуецца як «энцыклапедыя паляўнічага»[5]. Паводле Уладзіміра Мархеля, «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» адкрылі перад беларускімі паэтамі шляхі пошукаў у напісанні нацыянальных эпічных твораў («Новая зямля» Якуба Коласа і інш)[6].

Беларускія пераклады

Янка Лучына самастойна пераклаў на беларускую мову раздзел «Стары паляўнічы». Урывак уступу на беларускую мову пераклаў Міхась Клімковіч. Цалкам паэму пераклаў Генадзь Тумаш[1].

Зноскі

  1. 1 2 Лучына Я. Творы: Вершы, нарысы, пераклады, лісты / Я. Лучына; Уклад., прадм. і камент. У. Мархеля. — Мн.: Маст. літ., 2001. — С. 192. — 206 с.
  2. 1 2 Лучына Я. Творы: Вершы, нарысы, пераклады, лісты / Я. Лучына; Уклад., прадм. і камэнт. У. Мархеля. — Мн.: Маст. літ., 2001. — С. 15. — 206 с.
  3. Лойка А. А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. Пад. рэд. Ю. С. Пшыркова. Мн., «Вышэйшая школа», 1977. — С. 273. — 304 с.
  4. 1 2 Мархель У. І. Прадвесце адраджэнскага ўздыму. Штрыхі да творчага партрэта Янкі Лучыны // Роднае слова. — 2001. — № 7. — С. 4.
  5. Бібліятэка паляўнічага Архівавана 26 чэрвеня 2020.. — Белорусская лесная газета № 13 (1087) 31 сакавіка 2016. (бел.)
  6. *Мархель У. І.*Янка Лучына // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
Тэмы гэтай старонкі (10):
Літаратурныя творы, перакладзеныя на беларускую
Творы 1898 года
Паэмы
Літаратурныя творы паводле алфавіта
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Літаратурныя творы на польскай мове
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Літаратурныя творы Беларусі