wd wp Пошук:

Уладзімір Іосіфавіч Мархель

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мархель.

Уладзімір Іосіфавіч Мархель (28 сакавіка 1940, в. Жыгалкі, Стаўбцоўскі раён — 26 жніўня 2013) — беларускі літаратуразнавец, паэт, перакладчык. Кандыдат філалагічных навук (1982).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і служачых. Скончыў сярэднюю школу імя Я. Коласа ў в. Мікалаеўшчына (1957) працаваў малатабойцам у калгасе, рабочым ачышчальнага забою (мае кваліфікацыю 6 разраду) на шахце ў Навашахцінску Растоўскай вобласці (Расія). У 1964 годзе скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. У 1964—1969 гадах выкладаў рускую мову і літаратуру ў школах — у вёсцы Стадолічы Лельчыцкага раёна, Валожыне, Мінску, працаваў у газеце «Мінская праўда», старшым рэдактарам у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа АН БССР, малодшым навуковым супрацоўнікам у Аддзеле навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках. З 1978 года — навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.

Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1988).

Творчасць

Дэбютаваў вершамі ў 1954 годзе ў стаўбцоўскай раённай газеце «Голас селяніна». З 1957 года выступаў у рэспубліканскім друку як паэт і літаратуразнавец.

Даследаваў беларускую літаратуру ХІХ ст., беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі. Сваімі даследаваннямі спрыяў вяртанню польскамоўнай спадчыны ў беларускую культуру. Білінгвальную творчасць беларуска-польскіх пісьменнікаў разглядаў як з’яву двухадзінага літаратурнага працэсу, а станаўленне новай беларускай літаратуры асвятляў ў шырокім гісторыка-культурным кантэксце моўна-этнабеларускага і моўна-пісьмовапольскага ўзаемадзеяння.

Аўтар кніг «Лірнік вясковы: Сыракомля ў беларуска-польскім літаратурным узаемадзеянні» (1983), «Вяшчун славы і волі» (1989, 2005), «Крыніцы памяці: Старонкі беларуска-польскага літаратурнага сумежжа» (1990), «Прадвесце: Беларуска-польскае літаратурнае ўзаемадзеянне ў першай палавіне XIX ст.» (1991), «Ты як здароўе…»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры" (1998, дапрац. выд. пад навай «Шлях да Беларусі: Адам Міцкевіч — прадвеснік адраджэння беларускай літаратуры», 2003).

Укладальнік «Твораў» В. Каратынскага (1981, 1994, 2009), «Твораў» Я. Лучыны (1988, 2001), «Санетаў» А. Міцкевіча (1998), кнігі С. Манюшкі «Ліра мая для спеваў: Рамансы і песні на словы У. Сыракомлі» (з В. Скорабагатавым, 1998), а таксама анталагічнага зборніка «Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: Беларуская польскамоўная паэзія XIX ст.», дзе сабраны творы больш як 70 паэтаў, якія апявалі нашу Бацькаўшчыну па-польску.

З польскай на беларускую пераклаў вершы Я. Купалы, асобныя творы В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Сыракомлі, В. Каратынскага, Я. Лучыны, Я. Каханоўскага, Л. Стафа, Ю. Тувіма, Р. Дабравольскага, Б. Драздоўскага і інш. Пераклаў на беларускую мову лібрэта М. Радзівіла оперы «Агатка, або Прыезд пана» Я. Д. Голанда.

Выдаў кнігу выбраных перакладаў з польскай мовы «Водгулле» (2000), зборнік санетаў «Згадкі Нясвіжа» У. Сыракомлі і «Зніч любові» Я. Купалы (абедзве 2002).

Бібліяграфія

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (21):
Памерлі ў 2013 годзе
Беларускамоўныя паэты
Пісьменнікі паводле алфавіта
Перакладчыкі Беларусі
Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову
Нарадзіліся ў Стаўбцоўскім раёне
Памерлі 26 жніўня
Кандыдаты філалагічных навук
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Паэты Беларусі
Супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ
Члены Саюза пісьменнікаў СССР
Перакладчыкі з польскай мовы
Асобы
Нарадзіліся ў 1940 годзе
Літаратуразнаўцы Беларусі
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Нарадзіліся 28 сакавіка
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара