wd wp Пошук:

Міхаіл Львовіч Глінскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Глінскі. Міхаіл Глінскі, мянушка «Мажны»[1] (1470 — 24 верасня 1534) — вялікалітоўскі і маскоўскі дзяржаўны дзеяч. Намеснік уценскі (1498), мерацкі (15011505) і бельскі (15051506)[2], маршалак дворны літоўскі (15001506), кіраўнік Віленскага манетнага двара1501)[1].

Валодаў зямельнымі абшарамі на Палессі, родавы маёнтак — Тураў. Ад вялікага князя Аляксандра атрымаў Райгарад і Гонёндз на Падляшшы, Мажэйкава на Лідчыне.

На чале літоўскага войска здабыў перамогу ў Клецкай бітве (1506)[1]. У 1508 узняў мяцеж супраць новага вялікага князя Жыгімонта Старога.

Біяграфія

Паходжанне і еўрапейская служба

Прадстаўнік княжаскага роду Глінскіх гербу ўласнага, сын Льва Глінскага[uk]. Нарадзіўшыся ў такой сям’і, Міхаіл Львовіч з нараджэння быў багатым і меў значныя маёнткі. Валодаючы ад прыроды незвычайным розумам, ён шмат чаму навучыўся за час 12-гадовага знаходжання за мяжой.

Навучаўся ў Еўропе, быў у Германіі, Італіі, Іспаніі, авалодаў асноўнымі еўрапейскімі мовамі. Служыў у войску Альбрэхта саксонскага[ru], імператара Святой Рымскай імперыі Максіміліяна I, удзельнічаў у італьянскіх войнах, дзе вызначыўся ваенным талентам і смеласцю. Заслужыў асаблівую прыхільнасць імператара, які надаў яму тытул князя Святой Рымскай імперыі. У Італіі прыняў каталіцтва.

На службе ў Аляксандра Ягелончыка

Вярнуўшыся ў Літву ў канцы 1490-х, ён неўзабаве наблізіўся да вялікага князя Аляксандра, які ўвесь час звяртаўся да яго за саветамі. У 1499 годзе Аляксандр зрабіў яго маршалкам свайго двара, а калі адправіўся ў Кракаў на каранаванне[ru], Глінскі суправаджаў яго ў якасці пасла ад Літвы.

Паступова зрабіўся першым дарадцам Аляксандра[1], фактычна быў кіраўніком дзяржавы. Спрыяў узвышэнню старэйшых братоў, а таксама стрыечнага брата з жаночай лініі, сына Федкі Глінскай, Андрэя Дрожчыча, які ў 1504 зрабіўся намеснікам лідскім. У 1506 узначаліў войска Вялікага Княства Літоўскага, якое атрымала перамогу над татарамі ў Клецкай бітве (1506).

Велічэзнае багацце дапамагала яму набываць сабе прыхільнікаў і сяброў, пераважна, зрэшты, з асяроддзя рускага баярства. Літоўская шляхта моцна баялася, што Глінскі, па смерці бяздзетнага Аляксандра, можа захапіць уладу ў свае рукі, перанесці сталіцу ў Русь і абаперціся на гэтую апошнюю. Калі кароль небяспечна захварэў, многія падазравалі, што, у сутычцы з доктарам Балінскім, Глінскі хацеў атруціць караля, і гэта падазрэнне яшчэ больш узмацнілася, калі князь вызваліў арыштаванага канцлерам Ласкім доктара і даў яму магчымасць бегчы ў Кракаў. Перамогі Глінскага ў сутычках з Крымскім ханствам, у тым ліку ў 1506 годзе ў Клецкай бітве, толькі ўзмацнялі зайздрасць і нянавісць да яго. Неўзабаве кароль сканаў. Адпраўленню яго цела для пахавання ў Кракаў усупрацівіліся паны, баючыся, што ў іх адсутнасць Глінскі лёгка можа авалодаць Вільняй. Між тым, у літоўскую сталіцу прыбыў каралевіч Жыгімонт. Ворагі Глінскага, асабліва Ян Забярэзінскі, дамагліся таго, што Глінскаму забаронены быў вольны ўваход у пакоі гаспадара. Глінскі патрабаваў суда з сваімі супернікамі, але кароль паводзіў сябе ў гэтай справе млява і нерашуча; Глінскі звяртаўся да пасрэдніцтва венгерскага караля Уладзіслава II (1507), але дарэмна.

Мяцеж

Асноўны артыкул: Мяцеж Глінскіх М. Глінскі імкнуўся стварыць з часткі зямель княства (поўдзень Беларусі, часткі Украіны, Расіі) незалежную дзяржаву[1]. Гэтыя памкненні перакрэсліў новы уладар ВКЛ — Жыгімонт I Стары, які да таго пазбавіў М. Глінскага ўсіх пасад[1].

Тады Глінскі, разам з братамі Іванам і Васілём, з’ехаў у свой Тураў, склікаў да сябе слуг і сяброў і прызначыў каралю тэрмін, да якога яму павінен быць дадзены суд. Вялікі князь маскоўскі Васіль скарыстаўся выпадкам і прапанаваў усім Глінскім абарону, ласку і жалаванне. Спроба Жыгімонта вярнуць Глінскага ў Літву не адбылася, і Глінскі заключыў фармальны дагавор з Масквой[3]:8.

У пачатку 1508 года Міхаіл Глінскі адкрыта ўзняў сцяг бунту. З братам Васілём ён абклаў Мінск, але, не будучы ў сілах узяць яго, пайшоў да Клецка. Тут браты падзяліліся: Васіль пайшоў на кіеўскія прыгарады падымаць рускіх, а Міхаіл спустошыў слуцкія і капыльскія воласці і ўзяў Мазыр. Па прыходзе да яго на дапамогу ад вялікага князя пад кіраўніцтвам ваяводы Яўстафія Дашкевіча[ru], з 20 тысячамі конніцы, Глінскі з Мазыра пайшоў на іншыя рускія крэпасці і склаў дамовы з пасламі маскоўскім, малдаўскім і крымскім, дзейнічаючы як бы багаты васпан. Маскоўскія ваяводы падышлі да Глінскага на Бярэзіну, разам з ім аблажылі Мінск і паслалі атрады да самой Вільні; іншыя ваявалі Смаленскую вобласць, трэція падышлі да Бабруйска. Неўзабаве вялікі князь паслаў яшчэ новыя палкі да Оршы, але кароль, які падаспеў з войскамі, прымусіў іх зняць аблогу і адступіць.

Глінскі адправіўся ў Маскву, дзе прыняты быў вельмі міласціва. Але неўзабаве паміж Жыгімонтам і Васілём заключаны быў мір, які паставіў Глінскіх у становішча выгнаннікаў. Яны пазбавіліся сваіх валадарстваў у Літве і выехалі з сваімі прыхільнікамі ў Маскву. З канца 1508 года з сям’ёй у Маскве, атрымаў ва ўладанне гарады Малаяраславец і Бораўск. Кароль некалькі разоў прасіў Васіля выдаць яму Глінскіх, абяцаючы дараваць ім мінулае. Вялікі князь адказваў, што Глінскія перайшлі да яго падчас вайны і такім чынам зрабіліся яго падданымі, а падданых ён не выдае нікому.

Удзел у Руска-літоўскай вайне

Калі паміж Масквой і Літвой ізноў успыхнула вайна (1512), Глінскі паслаў свайго падданага, немца Шлейніца, у Сілезію, Чэхію і Германію наймаць конных ваяроў і кнехтаў[ru], якія перабіраліся ў Маскву праз Лівонію. Войскам кіраваў вялікі князь Васіль; Глінскі быў адным з ваяводаў вялікага палка[ru]. 1 жніўня 1514 года. Смаленск быў узяты рускімі войскамі.

Міхаіл Глінскі спадзяваўся атрымаць гэты горад ад вялікага князя; але Васіль, па словах Герберштэйна, смяяўся над яго залішнім славалюбствам, пасля чаго Глінскі звярнуўся да Жыгімонта, які запэўніў яго ў сваёй літасці. Па папярэдняй дамове, літоўскае войска пайшло да Дняпра; калі яно было ўжо недалёка ад Оршы, Глінскі ўначы бег да яго; але адзін з яго слуг апавясціў аб тым рускага ваяводу, князя Міхаіла Булгакава-Голіцу, які захапіў Глінскага і адправіў да вялікага князя. Глінскі не адпіраўся ў здрадзе: у яго знайшлі Жыгімонтавы лісты. Рыхтуючыся да смерці, Глінскі адважна казаў аб сваіх паслугах і аб няўдзячнасці Васіля. Яго закавалі ў ланцугі і адправілі ў Маскву[1].

Турма

У 1517 годзе разам з літоўскімі пасламі ў Маскве быў Герберштэйн — пасол імператара Святой Рымскай імперыі Максіміліяна I. Калі літоўскія паслы пасля аўдыенцыі выйшлі ад вялікага князя, Герберштэйн застаўся і сам-насам уручыў Васілю грамату Максіміліяна аб Глінскім: імператар пісаў, што Глінскі мог быць вінаваты, але што ён ужо даволі пакараны за тое няволяй, — што ён мае знакамітыя годнасці, выхаваны пры венскім двары, служыў дакладна яму і курфюрсту саксонскаму, — што Васіль зробіць вялікае задавальненне Максіміліяну, калі адпусціць Глінскага ў Іспанію. Васіль адказваў, што Глінскі склаў бы галаву на пласе, калі б не выявіў жадання вярнуцца ў праваслаўную веру.

Глінскі доўгі час заставаўся ў зняволенні. У 1526[1] годзе вялікі князь Васіль ажаніўся з пляменніцай Міхаіла, Аленай Васільеўнай. Маладая жонка вялікага князя праз год выклапатала дзядзьку свабоду за паручыцельствам многіх баяраў, якія абавязаліся ў выпадку ўцёкаў Міхала заплаціць у казну 5 тысяч рублёў.

Дзейнасць пасля вызвалення

У 1530 годзе Міхаіл Глінскі з’яўляецца ваяводам у конніцы пад Казанню[1]; у 1533 годзе ён быў каля Валакаламска пры Васілі, якi захварэў у час палявання. У сваіх перадсмяротных распараджэннях вялікі князь, звяртаючыся да баяр, прасіў іх, між іншым, не крыўдзіць князя Міхаіла, як сваяка яго жонкі, прымаць яго за свайго, не за прышэльца, а прызначаючы Глінскага ў дарадцы да Алены, прасіў яго, каб за вялікую княгіню і сыноў яго ён «кровь свою пролиял и тело своё на раздробление дал».

Пасля смерці Васіля справы вырашаліся апякунскім саветам[ru] пры малалетнім князю Іване, у склад рады ўвайшлі браты гасудара і 20 баяраў, у тым ліку і Глінскі. Многія думалі, што думай і кіраўніцтвам будуць валодаць двое: Міхаіл Глінскі і канюшы баярын Іван Фёдаравіч Аўчына Целяпнёў-Абаленскі[ru], улюбёнец Алены. Здарылася інакш: Глінскі адважна казаў пляменніцы аб непрыстойнасці яе адносін да Абаленскага. З прычыны гэтага яго абвінавацілі ў задумах авалодаць дзяржавай: ён быў заключаны ў вязніцу (1534), дзе і памёр[1].

Быў пахаваны ў Траецкай лаўры Аляксандраўскай Слабады[4].

Сям’я

Міхаіл Львовіч Глінскі быў жанаты з князёўнай Аленай Іванаўнай Целяпнёвай-Абаленскай, дачкой князя Івана Васільевіча Нямога-Абаленскага[ru] і стрыечнай пляменніцай князя Івана Фёдаравіча Аўчыны-Целяпнёва-Абаленскага (фаварыта Алены Глінскай). Ад шлюбу ў яго былі: сын Васіль[ru] (пам. у 1565) і дачка, невядомая па імені, якая стала жонкай князя Фёдара Іванавіча Траекурава[ru].

Гістарычная памяць

У сучаснай Украіне — самы вядомы з дынастыі Глінскіх, чаму спрыяла прыжыццёвая і пасмяротная слава бліскучага рэнесанснага кіраўніка. Фігуруе ў дзясятках паэтычных і празаічных твораў. Разам са сваёй унучкай, непапулярнай каталічкай Ганнай-Алаізай, стаў героем шэрагу легенд і паданняў.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 Глинские // Михаил Львович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 151. — 737 с.
  2. ЭнцВКЛ, 2005
  3. ПСРЛ Т.13, 1 половина
  4. W.Pociecha. Gliński Michał (zm. 1534)… S. 68-69

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (22):
Катэгорыя·Правадыры паўстанняў
Катэгорыя·Удзельнікі вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1507—1508 гадоў
Катэгорыя·Памерлі ў Маскве
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1470 годзе
Катэгорыя·Старосты ўценскія
Катэгорыя·Старосты бельскія
Катэгорыя·Памерлі ў 1534 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Военачальнікі Рускай дзяржавы
Катэгорыя·Глінскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Постаці Гонёндза
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Тураве
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Памерлі 24 верасня
Катэгорыя·Маршалкі надворныя літоўскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Дзяржаўныя дзеячы Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Удзельнікі вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1512—1522 гадоў