wd wp Пошук:

Мікмак

Мі́кмак (саманазва: Mi’kmaq, англ.: Micmac, фр.: Micmacs) — алганкінскі народ, карэнныя жыхары Новай Шатландыі. У нашы дні жывуць пераважна на ўсходзе Канады, амерыканскіх штатах Мэн і Масачусетс. Тэрыторыі, населеныя мікмак, завуцца Мігмагі (Mi’gma’gi). Агульная колькасць (2016 г.) - 20 200 чал.[1]

Гісторыя

Лічыцца, што продкі мікмак пасяліліся на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна каля 10 тысяч гадоў таму. Да прыходу еўрапейцаў яны разам з іншымі ўсходнімі алганкінамі склалі канфедэрацыю Вабанакі, варожую ў дачыненні да аб’яднанняў іракезаў. Кантакты з еўрапейцамі пачаліся з канца XV ст. Мікмак актыўна ўдзельнічалі ў гандлі футрам, падтрымлівалі саюзныя адносіны з французскімі каланістамі. У XVI ст. з-за распаўсюджання эпідэмічных захворванняў колькасць мікмак скарацілася амаль удвая.

1 кастрычніка 1610 г. правадыр Анры Мемберту адным з першых тубыльцаў Канады прыняў каталіцызм і падпісаў канкардат, які прадугледжваў як сталыя рэлігійныя зносіны, так і ўзаемны гандаль. У наш час 1 кастрычніка разглядаецца як нацыянальнае свята мікмак — Дзень Дамовы. Правы мікмак на суверынітэт былі падцверджаны брытанскім каралём Георгам III ў 1763 г. У гэты перыяд частка народа перасялілася на Ньюфаўндленд. Аднак у другой палове XVIII ст. правы мікмак часцяком парушаліся лаялістамі — выхадцамі з ЗША.

У 1876 г. мікмак трапілі пад нагляд урада Канады. У 1880 г. іх дзеці былі абавязаны наведваць так званыя мясцовыя школы, якія фінансаваліся ўрадам і з’яўляліся праваднікамі еўрапейскіх моў і рэлігійных звычаяў. У 1940-х гг. каля 2000 мікмак былі прымушаны перасяліцца на тэрыторыю рэзерватаў.

У нашы дні мікмак маюць статус першаснай нацыі у Канадзе і карыстаюцца правамі аўтаноміі, удзельнічаюць у экалагічным руху. У 1999 г. вярхоўны суд Канады падцвердзіў правы мікмак на месцы палявання і рыбалоўства, гарантаваныя дагаворамі 1760 г. і 1761 г.

Плямёны мікмак

Плямёны мікмак на ўсходзе Канады

На ўсходзе Канады на традыцыйных землях жывуць прадстаўнікі 7 плямён:

Акрамя таго, на Ньюфаўнлендзе жывуць кваліпу[2], якія адасобіліся ад астатніх мікмак у XVIII - XX стст. У штаце Мэн (ЗША) афіцыйна прызнаным з’яўляецца племя арустук[3].

Традыцыйнае кіраванне

Да 1876 г. галоўную ролю ў кіраванні мікмак адыгрывала Вышэйшая рада Sante’ Mawio’mi, у якую ўваходзілі прадстаўнікі keptin розных плямён. На чале Вышэйшай рады стаяў абраны вярхоўны правадыр Kji Sagamaw. Плямёны таксама мелі рады на чале правадыроў родаў Sagamore.

Пасля ўсталявання ўрадавага нагляду абавязкі Вышэйшай рады перайшлі да прызначаных прадстаўнікоў. У нашы дні дзейнічае некалькі арганізацый, накшталт Прававой ініцыятывы мікмак Kwilmu’kw Maw-klusuaqn[4], якія каардынуюць супольныя сувязі плямён незалежна ад урада.

Традыцыйная культура

У перыяд першых кантактаў мікмак з еўрапейцамі іх асноўнымі заняткамі былі рыбалоўства, паляванне, збіральніцтва, камерцыйная здабыча і гандаль футрам. Важнымі жывёламі для здабычы былі лось, малюскі, траска, карыбу, мядзведзь, футравыя звяры. Распаўсюджаная зброя для здабычы — дзіда, лук, розныя капканы, крукі, сеткі. Для руху па вадзе майстравалі каноэ. Ужо ў XVI ст. запазычылі еўрапейскую традыцыю будавання невялікіх суднаў з ветразямі. Узімку карысталіся снегаступамі. Да распаўсюджвання еўрапейскіх прылад шырока карысталіся бярозавай карой. Ёй пакрывалі жытлы, ладзілі з яе кошыкі і пасудзіны.

Мікмак падзяляліся на групы, якія часам дасягалі 300 чалавек, на чале спадчыннага правадыра Sagamore. Кожная група вандравала па пэўнай паляўнічай тэрыторыі. У асноўным міграцыі мелі сезонны характар. Падчас недахопу ежы групы маглі падзяляцца. Жылі ў часовых вігвамах, крытых бярозавай карой або скурамі. Звычайна кожная нуклеарная сям’я карысталася сваім вігвамам. Вопратку шылі са скур, на ногі апраналі макасіны. У XIX ст. мужчынская вопратка шылася з прывезеных ваўняных тканін і знешне нагадвала еўрапейскую ваенную, жанчыны насілі на галаве капелюшы, падобныя на ваенныя, аднак упрыгожвалі іх бісерам.

Старажытныя мікмак знакаміты петрогліфамі, што выразаліся на мяккіх сланцах[5]. Да нашых дзён шырока распаўсюджаны разьба па дрэву, мастацкае пляценне скруткаў кары. Танцы імітуюць паводзіны жывёл[6]. Захаваліся святочныя і паляўнічыя песні.

Мова

Мова мікмак належыць да ўсходняй алганкінскай групы моў. У 1691 г. французскі місіянер “Бацька” Ле Клерк склаў пісьмовасць на аснове іерогліфаў. З 1894 г. карыстаюцца пісьмовасцю на аснове лацінкі.

Рэлігія

Згодна французскім місіянерам XVII ст., мікмак шанавалі сонца і верылі ў шматлікіх духаў mntu або manitu. У 1610 г. быў заключаны канкардат з каталіцкім касцёлам. Каталіцызм практычна выціснуў традыцыйныя вераванні і аказаў значны ўплыў на духоўнае жыццё.

Зноскі

  1. Micmac
  2. Qalipu – Qalipu First Nation Band
  3. Welcome to the Official Website of the Aroostook Band
  4. Mi’kmaq Rights Initiative
  5. Mi’kmaq Petroglyphs Архівавана 1 студзеня 2017.
  6. The Mi’kmaq Of Eastern Canada - Traditional Dances

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Народы Канады
Катэгорыя·Ньюфаўндленд
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Народы ЗША
Катэгорыя·Алганкіны