wd wp Пошук:

Лідская раўніна

Лідская раўніна на карце Беларусі (2001)
Краявід у раёне Ліды

Лі́дская раўні́на (літ.: Lydos plynaukštė, Lydos lyguma) — фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, частка Паянямоння.

Геаграфія

Знаходзіцца на паўночным захадзе Беларусі, у Воранаўскім і Іўеўскім раёнах, займае большую частку Лідскага і Шчучынскага раёнаў Гродзенскай вобласці; на паўночным захадзе заходзіць на тэрыторыю Літвы. Плошча каля 4 тыс. км². Працягласць з паўднёвага захаду на паўночны ўсход 125 км, з поўначы на поўдзень 50 км. Межамі служаць рачныя даліны Бярэзіны на ўсходзе і Котры на захадзе, паўднёвая мяжа праходзіць па Нёманскай нізіне. На поўначы як асобны геамарфалагічны раён выдзяляецца Воранаўская раўніна ў Беларусі і адрозніваецца Эйшышская раўніна (літ.: Eišiškių plynaukštė) у Літве. Вышыні 150—200 м, ваганні адносных вышынь да 5 м[1].

Геалогія

Лідская марэнная раўніна прымеркавана да паўночнай часткі Беларускай антэклізы. Крышталічны фундамент перакрыты пародамі верхняга пратэразою, мелу, участкамі палеагену, антрапагену. У цэнтры, паблізу горада Іўе, крышталічны фундамент знаходзіцца на глыбіні 20-30 м, а на ўсходзе, у межах Валожынскага грабена, яго глыбіня дасягае 250 м. Адклады асадчнага чахла прадстаўлены мелам. У асобных месцах адзначаны палеагенавыя пяскі, а таксама пратэразойскія пяскі, гліны, алеўраліты. Магутнасць антрапагенавых парод у паніжэннях рэльефа дасягае 150—180 м, а на павышэннях скарачаецца да 100 м. У іх ліку пашыраны ледавіковыя і міжледавіковыя адклады беларускага (на поўначы), бярэзінскага, дняпроўскага і сожскага зледзяненняў, а ў некаторых месцах паазерскага часу. Сучасны рэльеф створаны сожскім ледавіком, значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі ў пасляледавіковы час.

Карысныя выкапні: торф, гліны легкаплаўкія, мел і мергель, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічы пясок.

Рэльеф

Лідская раўніна — спадзіста-хвалістая другасная марэнная раўніна, злёгку нахіленая на поўдзень, да даліны ракі Нёман. Складзеная валуннымі супескамі і суглінкамі, месцамі водна-ледавіковымі пяскамі, у паўднёвай частцы трапляюцца адорвені мелавых, палеагенавых і неагенавых парод. Пераважаюць абсалютныя вышыні 150—200 м. Ваганні адносных вышыняў да 5 м. Паверхня ўскладненая сеткай лагчынаў сцёку, забалочанымі далінамі дробных рэчак і ручаёў, тэрмакарставымі западзінамі. На прыдалінных участках, дзе адносныя вышыні 10-15 м, рэльеф дробнаўвалісты. На водападзелах адзіночныя марэнныя ўзгоркі, радзей камы і озы. Ад г. Шчучын на паўночны ўсход да Ашмянскага ўзвышша цягнецца моцна дэнудаваная паласа асобных марэнных град і ўзгоркаў, выш. да 20 м. Паўночная частка тэрыторыі занята водна-ледавіковай раўнінай паазерскага і сожскага ўзросту. У вярхоўях Жыжмы выдзяляецца забалочаная азёрна-алювіяльная раўніна.

Гідраграфія

Дзітвянскае балота

Асноўныя рэкі: Гаўя, Жыжма, Дзітва, Лебяда належаць да басейну Нёмана, Шальча — басейн Мяркіса. У вярхоўі Дзітвы знаходзіцца скразная даліна, якая злучае басейны Нёмана і Мяркіса.

Глебы і расліннасць

Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і інш.

Пад лесам 30 % тэрыторыі. Лясы хваёвыя лішайнікава-кусцікавыя і кусцікава-зеленамошныя, на паўночным усходзе, захадзе і поўдні трапляюцца шыракаліста-хвойныя, з прымессю дуба, граба, клёна, ясеня. Каля Шчучына захаваўся значны масіў дубровы. На паніжэннях невялікія ўчасткі бярозавых і чорнаальховых лясоў. Найбольшыя балоты: Дакудаўскае балота і Дзітвянскае балота. Пад ворывам 40 % тэрыгорыі.

Зноскі

  1. Беларусь, 1995

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Вікіпедыя·Карткі раўнін без параметра Тып
Катэгорыя·Прыродныя геаграфічныя аб’екты паводле алфавіта
Катэгорыя·Геаграфія Гродзенскай вобласці
Катэгорыя·Геаграфія Лідскага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Геаграфія Іўеўскага раёна
Катэгорыя·Рэльеф Літвы
Катэгорыя·Геаграфія Шчучынскага раёна
Катэгорыя·Раўніны Беларусі
Катэгорыя·Геаграфія Воранаўскага раёна