wd wp Пошук:

Людміла Іванаўна Краскоўская

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Краскоўская. Людміла Іванаўна Краскоўская (славацк.: Ľudmila Kraskovská; 26 чэрвеня (9 ліпеня) 1904, Вільня — 26 чэрвеня 1999, Браціслава) — славацкі гісторык, археолаг, літаратар, дзеяч навукі, культуры і мастацтва. Кандыдат гістарычных навук. Дачка беларускага грамадскага дзеяча, педагога Івана Краскоўскага.

Біяграфія

Нарадзілася 26 чэрвеня (9 ліпеня) 1904 года ў Вільні. Да выезду ў бежанства ў 1915 г. вучылася ў віленскай школе. Разам з сям’ёй жыла ў Кіеве, Тыфлісе. У 1921 годзе праз Стамбул, Афіны, Вену, Берлін, Коўна сям’я вярнулася ў Вільню, дзе яна паступіла ў 7-ы клас Беларускай гімназіі. Дапамагаючы І. Луцкевічу, заахвоцілася вывучэннем музейнай справы, старажытнасцяў, матэрыяльнай культуры продкаў.

Пасля пераезду сям’і ў Дзвінск у 1922 годзе паступіла ў 10-ы клас Дзвінскай беларускай дзяржаўнай гімназіі. Разам з П. Мірановічам удзельнічала ў мастацкім афармленні спектакляў.

З 1924 года стыпендыят чэшскага ўрада, жыла ў Празе. Вучылася адначасова ў дзвюх пражскіх навучальных установах: Карлавым універсітэце (1924—1929) і Украінскім вышэйшым педагагічным інстытуце імя М. Драгаманава[uk] (1924—1927), вывучала археалогію, гісторыю мастацтваў. У 1929—1931 гг. працавала навуковым кіраўнікам у Нацыянальным музеі ў Празе. У 1930 годзе абараніла дысертацыю «Заходнія ўплывы ў архітэктуры X—XIII стагоддзяў ва ўсходніх славян». Надалей пытаннямі гісторыі архітэктуры не займалась, у сферу навуковых інтарэсаў Л. Краскоўскай увайшлі музейная справа, нумізматыка, археалогія. З 1931 па 1988 г. загадвала археалагічным аддзелам Славацкага нацыянальнага музея (Браціслава). Адна з заснавальнікаў сучаснай славацкай археалогіі, стала першай жанчынай у пасляваеннай Чэхаславакіі — кандыдатам гістарычных навук.

У 1927 і 1929 гг. наведвала бацькоў у Менску, а ў 1936 годзе на іх высылцы ў г. Куйбышаве. Яе рэпрэсаваныя два браты загінулі.

У 1952 годзе дамаглася перавезці былога ссыльнага, хворага бацьку ў Браціславу. Архіў яго перадала ў Цэнтральную бібліятэку НАН Беларусі.

Памерла 26 чэрвеня 1999 года, ў дзень свайго нараджэння, сустрэўшы 95-гадовы юбілей. Пахавана побач з бацькам на браціслаўскіх могілках Славічча удалле[ru].

Навукова–даследчыская дзейнасць

Людмілай Краскоўскай было праведзена больш як 50 археалагічных раскопак[3]. Аўтар 4 кніг па археалогіі на славацкай і англійскай мовах, напісала каля 270 артыкулаў па археалогіі, нумізматыцы. Брала ўдзел у навуковых канферэнцыях, з’ездах у Польшчы, Венгрыі, Нямеччыне, Югаславіі, Аўстрыі, Балгарыі, Румыніі, СССР.

Удзел у грамадскім жыцці

У 1920—1930–х гадах Л. Краскоўская падтрымлівала цесныя сувязі з прадстаўнікамі розных пакаленняў дзеячаў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, якія пры сваім непасрэдным удзеле, ці апасродкавана вызначалі (ці сведчылі) беларускі палітычны спектр, былі ў авангардзе беларускага культурна–асветніцкага руху ў тагачаснай Празе. Л. Краскоўская была вельмі дасведчанай у пытаннях беларускай грамадска–палітычнай, культурнай чыннасці ў Чэхаславакіі міжваеннага перыяду (1920—1938 гг.).

У асабістым архіве шмат дзесяцігоддзяў захоўвала дакументы гэтага часу, у тым ліку перапіску з У. Пігулеўскім, Я. Варонкам, Ю. Дрэйзіным, кнігі з дарчымі надпісамі.

Была непасрэдна знаёма з У. Жылкам. Амаль 45 год вяла перапіску з У. Калеснікам, які займаўся зборам, асэнсаваннем і выданнем творчай спадчыны У. Жылкі.

Напісала ўспаміны пра У. Жылку, Віленскую і Дзвінскую гімназіі, а таксама пра свайго бацьку.

Сярод яе знаёмых і сяброў былі таксама выбітныя прадстаўнікі ўкраінскай нацыянальнай діаспары. Адным з іх быў Мікола Бітінскі[uk] (псеўданім Микола Оверкович) — пісьменнік, мастак, геральдыст (дарэчы, аўтар праекта надмагільнага помніка П. Крэчэўскаму). У Славацкім нацыянальным музеі захаваўся віншавальны адрас з нагоды абароны дысертацыі Л. Краскоўскай у Карлавым універсітэце (1930). Віншавальны адрас напісаны вершам і па–мастацку аформлены, тэкст пададзены ў каліграфічным выкананні[4].

У 1999 годзе ў г. Прэшаў (Славакія) выйшла кніга Людмілы Краскоўскай «З давніх часів».

Яе называлі «Нестаркай славацкай археалогіі і нумізматыкі», украінскай патрыёткай. Але яна не забыла родную беларускую мову і толькі прасіла «скантраляваць» яе допісы: «…я пішу яшчэ па М. Гарэцкаму».

Узнагароды

Лаўрэатка прэміі імя Андрая Кмеця (1969), прэміі імя Войцеха Будзінскага-Крычку (1996), удастоена ганаровых званняў «Будаўнік Браціславы» (1975), «Заслужаны работнік культуры» (1996)[3].

Зноскі

  1. 1 2 Czech National Authority Database Праверана 15 мая 2020.
  2. (unspecified title) Праверана 17 красавіка 2022.
  3. 1 2 Людміла Краскоўская. Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»
  4. Мікола Трус. Дысертацыі беларусаў, выпускнікоў Карлавага ўніверсітэта ў Празе. 1925—1931 гады // Полымя. — 2018. — № 12. — С. 136-137.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (22):
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі 26 чэрвеня
Катэгорыя·Дактары філасофіі
Катэгорыя·Беларусы ў Славакіі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вільнюсе
Катэгорыя·Памерлі ў 1999 годзе
Катэгорыя·Археолагі Славакіі
Катэгорыя·Гісторыкі Славакіі
Катэгорыя·Навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Браціславе
Катэгорыя·Кандыдаты гістарычных навук
Катэгорыя·Выпускнікі Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Выпускнікі Карлава ўніверсітэта
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Пісьменнікі Славакіі
Катэгорыя·Нарадзіліся 9 ліпеня
Катэгорыя·Пахаваныя на могілках Славічча удалле
Катэгорыя·Беларусы ў Чэхіі
Катэгорыя·Мастацтвазнаўцы Славакіі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1904 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных