Кіры́л Яўге́навіч Ко́ктыш (нар. 30 лістапада 1968, Мінск, БССР, СССР) — расійскі палітолаг родам з Беларусі.
Кандыдат палітычных навук (1999). Дацэнт кафедры палітычнай тэорыі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін[1]. Выступаў прапагандыстам рэжыму Лукашэнкі[2].
Нарадзіўся ў Мінску ў 1968 годзе[3]. У 1985—1986 гадах вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, дзе вывучаў англійскую, беларускую, лацінскую і рускую мовы. У 1988 годзе паступіў на факультэт міжнароднай інфармацыі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін (МДІМА), дзе вывучаў міжнародную журналістыку, а таксама англійскую і індзійскую мовы. У 1993 годзе скончыў факультэт міжнароднай інфармацыі МДІМА[1].
У 1993—1996 гг. працаваў журналістам інфармацыйнага агенцтва UPI па Беларусі, быў выканаўчым дырэктарам агенцтва «Пармікс» у Мінску. Ажыццявіў некалькі піяр-праектаў, у тым ліку прэс-канферэнцыю А. Лукашэнкі ў 1994 годзе[3]. Працаваў галоўным спецыялістам Аналітычнага цэнтра пры ўрадзе Расіі[4]. У 1996 годзе паступіў у аспірантуру МДІМА на кафедру паліталогіі, якую скончыў у 1999 годзе. З 1997 года — выкладчык кафедры палітычнай тэорыі факультэта паліталогіі МДІМА. Аўтар аналітычных даведак і рэкамендацый для неназваных кліентаў па палітычнай сітуацыі ў Беларусі, ва Украіне і расійскіх рэгіёнах[3]. 30 верасня 1999 года атрымаў навуковую ступень кандыдата палітычных навук. У 2000 годзе выдаў манаграфію «Трансфармацыя палітычнага рэжыму Рэспублікі Беларусь». З 2001 года стаў рыхтаваць аналітычныя даведкі пра палітычна-гаспадарчае становішча ў Беларусі для Міністэрства замежных спраў Расіі з парадамі і кіраваць адпаведнымі даследчымі праектамі МДІМА. У 2003 годзе кіраваў правядзеннем палітэканамічнага даследавання Казахстана. У 2003—2005 гадах ствараў такія аналітычныя даведкі наконт Украіны. Пазней стаў пісаць такія ўнутрырасійскія даведкі пра Ненецкую аўтаномную акругу, Кастрамскую вобласць, Прыморскі і Хабараўскі краі. У 2009 годзе выдаў 2 працы: «Пралегамены да антрапалогіі крызіса нашага часу» і «Сеткавыя аспекты кампетэнтаснага падыходу да вышэйшай адукацыі»[1].
На 2021 год дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін, адказны сакратар Савета Расійскай асацыяцыі палітычных экспертаў і кансультантаў.
Аўтар двух бестселераў па тэорыі палітыкі — «Тэорыя метафары і палітычныя інстытуты» і «Дыскурс рацыяналізму, свабоды і дэмакратыі». Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года выступаў з крытыкай рэжыму Лукашэнкі, але не пазней за 2014 год перайшоў на пазіцыі яго абароны. Неаднаразова выступаў з каментарамі па міжнароднай і ўнутрыбеларускай палітыцы ў СМІ Беларусі, Расіі і 3-х краін.
Займаецца аналізам сучаснага прыкладнога выкарыстання беларускіх дэмакратычных ідэй дэмакратыі і свабоды[5][6].
Падтрымліваў «мінскую пляцоўку» ў якасці цэнтра магчымага ўрэгулявання ўкраінскага крызіса[7][8].
Выступае ў падтрымку эканамічнай інтэграцыі Беларусі з Расіяй і развіццё Еўразійскага эканамічнагага саюза[9][10].
Падчас пратэстаў 2020 года ў Беларусі заняў бок урада[11][12], займаўся агітацыяй супраць страйкаў[13][14], прапагандысцкай падтрымкай Усебеларускага народнага сходу[15]. Крытыкаваў увядзенне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і дзеянні міжнароднай супольнасці па дапамозе беларускаму дэмакратычнаму руху[16][17].
Бацькі пражываюць у Мінску.
Жанаты другім шлюбам. Паводле публічных крыніц, мае чатырох дзяцей[18].