wd wp Пошук:

Курганна-жальнічныя могільнікі

Курганна-жальнічныя могільнікі (у народзе вядомы пад назвамі Галодныя могільнікі, Галоднік, Каменныя кругі, Французскія могілкі, Шведскія магілы, Паганскія магілы) — катэгорыя пахавальных помнікаў. Распаўсюджаны на паўночным усходзе Еўропы, на тэрыторыі Беларусі ў Віцебскай і Мінскай абласцях. У адным могільніку могуць быць земляныя курганы, каменныя курганы (пакрытыя камянямі зверху ці абкладзеныя па перыметры, поўнасцю складзеныя з камянёў), каменныя магілы (авальнай, круглай ці прамакутнай формы ў плане) і магілы з вялікімі камянямі ў галавах і нагах. У адных могільніках земляныя насыпы змяняюцца каменнымі курганамі, потым каменнымі магіламі і затым пазнейшымі пахаваннямі (каля в. Перавоз Глыбоцкага, Ваўча Докшыцкага раёнаў), у другіх жальнікі і каменныя магілы знаходзяцца паміж землянымі курганнымі насыпамі (каля в. Домжарыцы Лепельскага, Дакучына Крупскага раёнаў).

Даследаванне гэтых пахаванняў вядзецца з канца XIX ст. Археалагічныя раскопкі праводзілі Ф. Вярэнька (в. Пуцілкавічы Ушацкага раёна), Т. Саподзька (в. Смалярыаграгар. Мсціж Барысаўскага раёна), А. Семянтоўскі (в. Ляхі Ушацкага раёна), М. Кусцінскі (в. Крывец Лепельскага раёна), М. Шамшур (в. Стары Пагост Міёрскага раёна). У 1920 — 1930-я г. курганна-жальнічныя могільнікі вывучалі А. Дз. Каваленя (в. Хаўхоліца Барысаўскага, Пуцілкавічы Ушацкага раёна), І. А. Сербаў (в. Кублічы і Славені Ушацкага раёна), А. М. Ляўданскі (в. Жукавец Бярэзінскага, в. Домжарыцы Лепельскага раёнаў). У 1970-я г. Я. Г. Звяруга раскопваў могільнік у в. Камена Вілейскага раёна, у 1980-я г. В. Н. Рабцэвіч і А. М. Плавінскі — у в. Гараўцы Барысаўскага р-на, у пачатку 1990-х г. Л. У. Дучыц і А. В. Квяткоўская — у в. Перавоз Глыбоцкага і Ваўча Докшыцкага раёнаў. У канцы 1990-х — пачатку 2000-хг. Л. У. Дучыц даследавала помнікі каля в. Прудзішча, Селішча і Сухая Гара Лагойскага і Малявічы Вілейскага раёнаў.

Усе пахаванні па абраду трупапалажэння ў яме (глыбіня 0,3 — 1,2 м). У мужчынскіх пахаваннях выяўлены ў асноўным элементы паяснога набору (спражкі, паясныя кольцы); у жаночых — рэшткі галаўных убораў з пазалочанымі бляшкамі розных форм і з ціснёным арнаментам (вёскі Смаляры, Камена, Перавоз, Ваўча, Дакучына, Жукавец), ромбашчытковыя скроневыя кольцы (вёскі Селішча, Прудзішча, Сухая Гара), шматпацеркавыя скроневыя кольцы (вёскі Камена, Малявічы), разнастайныя металічныя пярсцёнкі, бранзалеты, падвескі (ключыкі, «канькі», коўшыкі), шкляныя і інш. пацеркі. Адносяцца да XIXVII стст. Большасць даследчыкаў падкрэслівае сувязь такіх помнікаў з каменнымі магіламі Панямоння.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Курганна-жальнічныя могільнікі
Катэгорыя·Археалагічныя аб’екты