Купал-цыбуліна (руск.: купол-луковица, луковичная глава) — купал, які мае пукатую форму з плыўным завострываннем у верхавіне і падобны да цыбуліны. Традыцыйна распаўсюджаны ў Расіі, Турцыі, Індыі і на Сярэднім Усходзе.
Купалы-цыбуліны звычайна маюць большы дыяметр, чым аснова, на якой яны стаяць, а іх вышыня пераўзыходзіць шырыню. Асноўныя адрозненні гэтых купалоў ад традыцыйных для дойлідства Беларусі барочных завяршэнняў сакральных збудаванняў — баняў — адсутнасць падзелу на грані, просты сілуэт[1].
Згодна з найбольш пашыраным меркаваннем, выкладзеным у шэрагу падручнікаў, даведнікаў, навуковых і папулярных прац[2], купалы-цыбуліны ўпершыню пачалі выкарыстоўвацца ў архітэктуры Маскоўскай дзяржавы ў другой пал. XVI ст. Гэтае датаванне грунтуецца на тым, што купалы падобнага кшталту, старэйшыя за мяжу XVI—XVII стагоддзяў, да нашага часу не захаваліся[3].
Як мяркуецца, масавую папулярнасць купалы-цыбуліны атрымалі толькі ў часе кіравання Івана Грознага, калі ў гонар узяцця татарскай Казані той збудаваў Сабор Васіля Блажэннага. Некаторыя даследчыкі разглядаюць дадзены архітэктурны элемент як запазычанне ў мусульман[4][5][6], існуюць і іншыя тлумачэнні[7]
На гэтым тле асобна вылучаецца меркаванне расійскага мастацтвазнаўца Сяргея Заграеўскага, што грунтуецца на наступным прынцыпе: «адсутнасць архітэктурна-археалагічнай інфармацыі пра купалы-цыбуліны, старэйшыя за XVI ст., не можа з’яўляцца інфармацыяй пра адсутнасць такіх элементаў у рэчаіснасці». Паводле сцвярджэння самога даследчыка, у сваёй працы[2] ён «умоўна давёў», што купалы-цыбуліны ўпершыню пачалі выкарыстоўвацца на тэрыторыі сучаснай Украіны поруч з традыцыйнымі візантыйскімі завяршэннямі яшчэ ў XII ст. (у якасці абгрунтавання дадзенай гіпотэзы прыводзяцца галіцка-валынскія мініяцюры, датаваныя 1164 годам), аднак шырокае распаўсюджанне яны атрымалі толькі ў другой пал. XIII — кан. XVI стагоддзяў (часы мангольскага нашэсця)[2].
У той жа працы[2] Заграеўскі пераканаўча даводзіць, што агучаная некаторымі даследчыкамі тэорыя паступовай эвалюцыі ад візантыйскіх да цыбулепадобных купалоў (праз шлемападобныя) з’яўляецца абсалютна неабгрунтаванай з прычыны адсутнасці якіх-небудзь пацверджанняў існавання купалоў-шлемаў да XVII—XVIII стагоддзяў. Менавіта ў гэты час расійскія ўлады пачалі масава замяніць на шлемы старыя цыбулепадобныя завяршэнні з мэтай стылізацыі ўласных цэркваў «пад даўніну».
На тэрыторыі сучаснай Беларусі купалы-цыбуліны пачалі распаўсюджвацца пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў, у рэчышчы палітыкі русіфікацыі, што праводзілася пад кіраўніцтвам Мураўёва-вешальніка. З гэтага часу ўсякая новая пабудова мусіла адпавядаць серыі тыповых праектаў цэркваў-мураўёвак на 150—185, 250—300 або 450—500 чалавек. У 1863 годзе выйшаў «Збор тыповых праектаў пабудовы праваслаўных цэркваў у Беларускіх губернях», укладзены архітэктарамі Чагіным і Рэзанавым[6].
На думку беларускага мастацтвазнаўца Сяргея Харэўскага, сённяшняе жаданне святароў Маскоўскага патрыярхату прыдаць як мага больш экзатычны, нетутэйшы выгляд сваім храмам на Беларусі з’яўляецца працягам русіфікацыйнай палітыкі, распачатай уладамі Расійскай імперыі[6].
Згодна з афіцыйным тлумачэннем, значна пазнейшым за з’яўленне саміх купалоў-цыбулін, дадзены архітэктурны элемент у маскоўскай традыцыі ўвасабляе ідэю глыбокага малітоўнага гарэння да нябёсаў, праз якое зямны свет, нібы, робіцца датычным да тагасветнага багацця. Гэта стварае вобраз расійскага храма як «языка полымя, што сканчаецца крыжам»[8][9].
Аднак як падкрэслівае Заграеўскі[2]:
|
У пацверджанне гэтай тэзы даследчык адзначае, што ў даўнія часы золатам пакрывалася параўнальна малая колькасць купалоў (толькі ў найбуйнейшых храмах), тым часам шматлікія зялёныя, сінія, карычневыя і чорныя завяршэнні ніякіх асацыяцыяў з полымем не выклікаюць[2].