wd wp Пошук:

Карчова

Карчо́ва[1] (трансліт.: Karčova, руск.: Карчёво) — аграгарадок[2] у Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Гарадзішчанскага сельсавета. Размешчаны за 35 км на поўнач ад Баранавіч, за 1 км ад ракі Сэрвач.

Назва

Найраннейшая назва Туганавічы, як і пазнейшае Туганава, напэўна, патранімічная форма ад імя Туган. У краязнаўчай літаратуры сцвярджаюць, што Туган быў татарынам, што звычайна падмацоўваюць згаданымі пад 1566 і 1570 гадамі паблізу Туганавіч урочышчамі Ардынка (Ардынцоўшчына), Татараўшчына і «гаем альховым за татарамі». Аднак пэўны Туган з крыніц не вядомы. Магчыма, версія такога паходжання назвы даволі позняя, бо Адам Міцкевіч, добра знаёмы з мясцовасцю і мясцовымі паданнямі, выводзіць князёў Туганаў, гаспадароў возера Свіцязь, літоўцамі, васаламі вял.кн. Міндоўга.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

У сярэдзіне XV ст. Туганавічы належалі панам Юшку і Івашку Гойцавічам, тады пан Івашка даў дзве “службы” ў Туганавічах наваградскаму баярыну, продку Цяраевічаў. Гойцавічы не пакінулі нашчадкаў і не жылі ўжо да 1470 года, спадкаваў ім вялікі князь Казімір, якія даў адну частку Туганавічаў князю Івану Масальскаму, а другую—пану Мікалаю Няміравічу. Упершыню сяло Туганава згадваецца 10.6.1471 года, калі маршалак гаспадарскі Мікалай Няміравіч запісаў яго сваёй жонцы Альжбеце, а пасля яе смерці — касцёлу ў Ішкалдзі пад юрысдыкцыю віленскага біскупа. Аднак пасля смерці пана Мікалая Няміравіча (каля 1489) яго частка Туганавічаў вярнулася да вял.кн. Казіміра. Пасля паланення, напэўна, у бітве на Вядрошы, князя Сямёна Іванавіча Масальскага, да гаспадара, ужо вял.кн. Аляксандра, перайшла і другая частка Туганавічаў. У 1509 годзе кн. Сямёнавіч Іванавіч вярнуўся пасля 9-гадовага палону і ў 1510 годзе ўжо вял.кн. Жыгімонт Стары наноў даў яму Туганавічы, а ў 1511 годзе дадаў да іх сенажаць і поле. У 1514 годзе гаспадар разбіраў спрэчку свайго двараніна Сямёна Іванавіча з яго туганавіцкімі суседзямі Грынем і Еськам Цяраевічамі (Тэраевічамі), баярамі наваградскімі. Лістом ад 31.1.1529 года вял.кн. Жыгімонт Стары зноў пацвердзіў Сямёну Іванавічу двор Туганавічы, а таксама дадаў мядовую і піўную карчму ў Цырыне і поле ў Варончы. У 1556 годзе ў Туганавічах праведзена валочная памера, тым часам двор ужо належаў сынам Сямёна Іванавіча—Міхаілу і Івану, якія называліся прыдомкам Туганаўскія.

У XVII ст. маёнткам па частках валодалі Дайнэкі, Гарніцкія, Касцянецкія і Туганоўскія. З 1758 года Туганавічы сталі ўласнасцю Верашчакаў. У 2-й палове XVIII ст. створаны Туганавіцкі пейзажны парк, плошчай каля 5 га.

Пад уладай Расійскай імперыі

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1798 годзе маёнтак і вёска Туганавічы мелі 40 дамоў. Частымі гасцямі гаспадароў маёнтка былі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Ігнат Дамейка.

З 1831 года маёнтак зноў набылі Туганоўскія. Канстанцін Туганоўскі ўзяў шлюб з Соф’яй Верашчакай; падтрымліваў сувязі з К. Каліноўскім, дапамагаў яму ў рэвалюцыйнай барацьбе. У час паўстання 1863—1864 гадоў у маёнтку Туганавічы была створана зброевая майстэрня, адкуль зброя перапраўлялася ў адзін з цэнтраў паўстання — Мілавіды.

Найноўшы час

У 1909 годзе вёска Карчова ў Цырынскай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні.

З 1921 года ў складзе Польшчы, у Цырынскай гміне Навагрудскага павета.

З 1939 года ў складзе БССР. З 15 студзеня 1940 года ў Гарадзішчанскім раёне Баранавіцкай, з 8 студзеня 1954 года Брэсцкай абласцей, з 25 снежня 1962 года ў Баранавіцкім раёне.

З 16 ліпеня 1954 года па 26 чэрвеня 2013 года вёска ўваходзіла ў склад і з’яўлялася цэнтрам Карчоўскага сельсавета[3].

Інфраструктура

Насельніцтва

Славутасці

Старачаная спадчына

Сядзіба ў Туганавічах. Канец XIX ст.

Вядомыя ўраджэнцы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. Решение Барановичского районного Совета депутатов от 14.03.2008 N 47 «О преобразовании сельских населенных пунктов Барановичского района в агрогородки»
  3. Решение Брестский облсовет 286 26.06.2013 Об изменениях в административно-территориальном устройстве Барановичского района Брестской области(руск.) . Архівавана з першакрыніцы 2 жніўня 2015. Праверана 2 жніўня 2015.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Населеныя пункты Баранавіцкага раёна
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Аграгарадкі Брэсцкай вобласці
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Карчова
Катэгорыя·Гарадзішчанскі сельсавет (Баранавіцкі раён)