Зе́льзін[1] (трансліт.: Zieĺzin, руск.: Зельзин, ткс. мясц. Зе́льдзень) — вёска ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Зеляневіцкага сельсавета. Знаходзіцца за 54 км на паўночны ўсход ад Пружанаў, 33 км ад чыгуначнай станцыі Ваўкавыск на лініі Баранавічы — Свіслач. Насельніцтва — 59 жыхары (2012), 48 двароў (2005)[2].
Падчас знаходжання ў складзе Расійскай імперыі — цэнтр воласці Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні[3]. Школа, праваслаўная царква і прыход Падароскага дэканату, маёнтак Быхаўцаў[4]. Пасля здушэння Паўстання 1863 года, у якім бралі ўдзел і Быхаўцы, расійскія ўлады пастанавілі распрадаць частку іх уладанняў — маёнткі Юзафполь і Зельзін. Скрайні тэрмін продажу — 10 снежня 1867 года, у іншым выпадку яны мелі быць канфіскаваныя ў даход дзяржавы[5]. Адну частку Зельзіна, на 2780 дзесяцін, разам з фальваркамі Лаўрынавічы і Юзэфполь выкупіў род Івановых. Другой часткай, на 426 дзесяцін (разам з фальваркам Церабух, які некалі месціўся на поўдзень ад Зельзіна і на ўсход ад Кру́пы), пад канец XIX ст. валодаў Казімір Брант[4] (таму гэтая частка стала цяперашней вёскай Брантоўцы). Быхаўцам застаўся фальварак Адамкаў (Адамкова)[5], побач з Лыскавам. На пачатку XX стагоддзя ў вёсцы было 253 жыхары, у маёнтку — 27 жыхароў.
Падчас знаходжання ў складзе Польскай Рэспублікі — у гміне Лыскаў Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства[6].
З верасня 1939 года — у складзе БССР, з 15 студзеня 1940 года — у Ружанскім, з 25 снежня 1962 года — у Пружанскім раёнах Брэсцкай вобласці (з 8 студзеня да 19 чэрвеня 1954 года — Гродзенскай вобласці). Паводле перапісу 1959 года — 258 жыхароў; у 1970 годзе — 232 жыхары; у 2003 годзе — 106 жыхароў, 53 гаспадаркі.
Аўтамабільная дарога Н536 Ярашэвічы — Зіновічы — Магілёўцы[7].