Дэзідэрый Рышардо (фр.: Didier Richardot, польск.: Dezydery Richardot; 29 студзеня 1769, Лангр, Францыя — 5 мая 1849, Мец, Францыя) — прапаведнік, гісторык, член Ордэна езуітаў.
Нарадзіўся ў заможнай сям’і. Вучыўся ў духоўнай семінарыі Св. Мікалая і адначасова ў Сарбонскім універсітэце, па сканчэнні якога атрымаў ступень доктара царкоўнага і грамадзянскага права. У 1789 г. быў высвечаны на субдыякана, але рэвалюцыйныя падзеі ў Францыі вымусілі яго ў 1791 г. пакінуць Радзіму.
Спачатку Рышардо накіраваўся ў Торунь, адтуль — у Падэборн і, нарэшце ў Беларусь. У Полацку Рышардо ўступіў у Таварыства Ісуса (24 жніўня 1792 г.) і правёў два гады ў навіцыяце. У 1794—1796 гг. выконваў абавязкі намесніка рэгента канвікта. У хуткім часе авалодаў польскай мовай і апублікаваў для навучэнцаў IV—V класаў езуіцкіх школ падручнік «Кароткі нарыс рымскай гісторыі» (Krótkie zebranie historii rzymskiej, Połock 1795), які ахопліваў падзеі ад заснавання Рыму да часоў праўлення імператара Іосіфа ІІ Габсбурга. У 1796—1800 гг. працягнуў вывучэнне тэалогіі ў Полацкім езуіцкім калегіуме і ў той жа час выкладаў у езуіцкіх школах французскую мову. У 1799 г. высвечаны на ксяндза Полацкім біскупам Янам Беніслаўскім.
У 1800 г. заняў пасаду рэгента канвікта ў Мсціславе, але ўжо ў лістападзе таго ж года быў накіраваны ў Санкт-Пецярбург як прапаведнік для франкамоўных вернікаў-каталікоў сталіцы[2] . Пасля адкрыцця Пецярбургскага езуіцкага калегіума выкладаў там французскую мову і літаратуру. У 1802—1805 гг. быў сакратаром генерала Таварыства Ісуса ў Расіі Габрыэля Грубера. У сталіцы падтрымліваў шчыльныя стасункі з імператарскім дваром і, дзякуючы знаёмству з міністрам народнай асветы Аляксеем Кірылавічам Разумоўскім, меў магчымасць абараняць незалежнасць езуіцкіх навучальных устаноў ад Віленскага ўніверсітэта[3].
Пасля гібелі Габрыэля Грубера вяртаецца ў Беларусь, дзе быў прапаведнікам у Полацку (1805—1807 і 1809—1810), Віцебску (1807—1808) і Магілёве (1808—1809). Пасля вяртання ў Полацк выконваў абавязкі прэфекта ніжэйшых школ (1811—1816) і рэгента шляхецкага канвікта (1811—1812).
Пад час вайны 1812 года заставаўся ў Полацку і служыў капеланам для параненых французскіх салдат. У Экімані, пад Полацкам, ад імя езуітаў вёў перагаворы з Неапалітанскім каралем Іаахімам Мюратам, а потым з маршалам Мішэлем Нэем. Пасябраваў таксама з маршалам Ларанам дэ Гувіёнам Сен-Сірам.[4]
У 1813—1816 гг. — прафесар усеагульнай гісторыі, гісторыі царквы і французскай мовы, а потым прафесар усеагульнай гісторыі, французскай літаратуры і кананічнага права ў Полацкай езуіцкай акадэміі. Таксама быў дэканам факультэта моў (1814—1815). У 1813 г. атрымаў ступень доктара тэалогіі і царкоўнага права.
Падчас існавання Полацкай езуіцкай акадэміі актыўна публікаваўся. У Полацку ўбачылі свет наступныя працы:
У 1816 г. Рышардо пераязджае ў Магілёў і выконвае абавязкі прапаведніка. Потым пераходзіць на пасаду віцэ-рэктара Аршанскага калегіума (1817—1819), дзе ў 1818 г. уручыў імператару Аляксандру І петыцыю генерала Таварыства Ісуса Тадэуша Бжазоўскага адносна пераносу месцазнаходжання галавы ордэна з Полацка ў Рым (у 1814 г. Таварыства Ісуса было адноўлена па ўсім свеце папам Піям VII.)
Нават з’ехаўшы з Полацка, Рышардо працягваў публікавацца ў гэтай па-ранейшаму езуіцкай сталіцы. У 1818 г. у «Полацкім штомесячніку» (Т. 1) ён апублікаваў два артыкулы: «Кароткія звесткі аб горадзе Полацку» (Krótka wiadomość o mieście Połocku) і «Звесткі пра жыццё і творы ксяндза Нікодама Мусніцкага» (Wiadomość o życiu i pismach ks. Nikodema Muśnickiego) з перакладам вытрымкі з лацінскай паэмы De Christi ab inferis reditu[10]. Павінна была ўбачыць свет і «Гісторыя Польшчы», якая была плёнам 17-гадовай працы Рышардо. Але падрыхтаваны да друку рукапіс па памылцы быў спалены вучнем. За выключэннем аднаго казання, агалошанага ў 1818 г. у Оршы, не захаваліся гамілетычныя творы выдатнага прапаведніка.
Пасля выгнання езуітаў з Расійскай імперыі (1820) Рышардо вярнуўся ў Францыю. 8 студзеня 1821 г. быў прызначаны галавой Французскай правінцыі (1821—1824). Аказваў падтрымку езуітам, якія, як і ён сам, былі вымушаны пакінуць Расію. Суперыёр семінарыі ў Дале (Dôle) (1825—1826) і суперыёр місіянерскага дому ў Лавалі (1826—1830). Браў удзел у ХХІ Генеральнай кангрэгацыі Таварыства Ісуса, на якой генералам ордэна быў абраны Ян Ротан, знаёмы Рышардо па сумеснай працы ў Полацку і Оршы.
З пачаткам Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 г. быў вымушаны на некаторы час зноў пакінуць Францыю. Пасля 7-месячнага знаходжання ў Швейцарыі ён вырашыў вярнуцца ва Ўсходнюю Еўропу[11]. У Цярнопалі ён працаваў прапаведнікам (1831—1836) і прафесарам французскай мовы (1831—1832), духоўным айцом калегіума (1845—1848), у Новым Сончы — прафесарам маральнай і пастырскай тэалогіі (1836—1839), прафесарам гісторыі царквы і кананічнага права (1840—1841), у Старой Весі — інструктарам вывучэння царкоўнага права[12][13]. Пасля роспуску езуітаў Галічыны ў 1848 г. выехаў у Мец, дзе служыў у калегіуме духоўным айцом. Памёр 5 мая 1849 г.