Дзіва́нна чорная[3], Дзіванна чорны[4] (Verbascum nigrum) — від кветкавых раслін з роду Дзіванна (Verbascum) сямейства Залознікавыя (Scrophulariaceae).
Дзіванна чорная[3], дзеванна[5], дзевана, дзівана, дзівена[6], дзівіна, царская свечка[7], дзівана вялікая, панна-дзівана[8][9].
Расліна вырастае да 0,5—1,5 м вышынёй. Цвіце з чэрвеня да восені. Злёгку зігаморфныя кветкі на доўгіх кветаножках ў густой доўгай верхавіннай гронцы. Чашачка апушаная, 6-раздзельная, з лінейнымі, вузкімі вострымі долямі. Вяночак жоўты з бурымі плямамі, колападобны, з вельмі кароткай трубкай і злёгку ўвагнутым, звонку апушаным, 5-раздзельным адгінам. Свабодныя верхавіны двух задніх пялёсткаў больш вузкія і карацей пярэдніх. Тычынак 5, ніткі выгнутыя, апушаныя фіялетавымі, доўгімі валасінкамі. Пылавікі пупышкападобныя, раскрываюцца адной шчылінай. Завязь моцна апушаная, у абрысе шырокаавальная, з мясістымі плацэнтамі і шматлікімі насенным зачаткамі. Слупок даўжэй завязі, вельмі выгнуты, пад выпуклым лычыкам пашыраны. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне дробнае з ямкавай паверхняй.
Расліна расце ў сухіх, адкрытых мясцовасцях у Еўропе і Міжземнамор’і. Сустракаецца ў большай частцы Украіны на лясных палянах, узлесках, сярод хмызнякоў, на схілах пагоркаў, насыпах, у садках (акрамя Крыма). У стэпе сустракаецца вельмі рэдка. Натуралізаваны ў Паўночнай Амерыцы[10].