Дзве душы — аповесць Максіма Іванавіча Гарэцкага. Твор апавядае пра лёс памешчыка Ігната Абдзіраловіча. Твор зрабіў вялікі ўплыў на беларускую філасофію. У прыватнасці Ігнат Канчэўскі, пры напісанні праграмнага эсэ беларускай філасофіі «Адвечным шляхам» узяў як псеўданім прозвішча галоўнага героя «Дзвюх душ» — Ігнат Абдзіраловіч.
У 1890 годзе пан Абдзіраловіч вяртаецца з балю, каб пабачыць свайго сына Ігналіка. У лесе разбойнікі нападаюць на памешчыка і забіваюць яго жонку. Узятая ў двор памешчыка да яго сына Малання мяняе панскае дзіця сваім. Прапаршчык Ігнат захварэў на фронце. Яго адпраўляюць лячыцца ў Маскву, пасля — на Каўказ, дзе Ігнат знаёміцца з дачкою купца Макасеева Аляю і з князем Гальшанскім. Князь на беларускім сходзе казаў, што ў беларусаў няма класавай барацьбы. Ігнат Абдзіраловіч абурыўся гэтым, падкрэсліў існаванне антаганізму класаў на тэрыторыі Беларусі, чым перацягнуў сход на свой бок. Затым Ігнат ад’язджае ў Беларусь, дзе некаторы час жыве ў настаўніка Мікалая. На мітынгу Абдзіраловіч спаткаў Сухавея, які сваімі прамовамі пытаўся прабудзіць нацыянальную свядомасць беларусаў, аднак бальшавік Гаршчок схіляе народ на свой бок. Васіль, які з’яўляецца сапраўдным панскім сынам, жыве ў Маскве, працуе на фабрыцы. Разам з Гаршчком ён б’ецца на баку бальшавікоў. Ігната захопліваюць бальшавікі, аднак яго ратуе Васіль. Белагвардзеец Гарэшка пад прозвішчам Гарэліка працуе разам з бальшавікамі і душыць сялянскія паўстанні, каб дыскрэдытаваць савецкую ўладу. Тым часам Мікалай і Сухавей арыштаваны. Настаўніца Іра бароніць іх. Ігнат і Васіль спрабуюць выратаваць беларускіх дзеячаў ад расстрэлу. Гарэлік меў задачу пераправіць архімандрыта за мяжу, аднак Гаршчок здзекаваўся над манахамі ў падвале. Гарэлік забівае Гаршчка і ўцякае за мяжу. Савет урачыста хавае Гаршчка.
У рэцэнзіі, апублікаванай у часопісе «Рунь», адзначаецца, што твор чытаецца лёгка, хоць аўтар і ўжывае шмат магілёўскіх дыялектызмаў[1].
У рэцэнзіі на кнігу Антон Луцкевіч адзначае, што аналізуючы і абрысоўваючы Ігната Абдзіраловіча, аўтар твора не раскрывае вобраз Васіля. Галоўны герой не мае пад сабой грунту, на які ён мог бы стаць. Вайна і хвароба з’яўляюцца прычынамі, якія характарызуюць няздольнасць галоўнага героя зрабіць жыццёвы выбар. Рэцэнзент крытыкуе аўтара за празмернае ўжыванне дыялектызмаў. Антон Луцкевіч адзначае, што, нягледзячы на ўсе недахопы, аповесць цікавая і варта ўвагі[2].
Твор з’явіўся на самым пачатку станаўлення нацыянальнай класікі і станоўча паўплываў на яе далейшае развіццё[3]. Максім Гарэцкі меў мужнасць сказаць праўду аб рэвалюцыі і сутнасці бальшавізму. Вобразы Гарэшкі і Гаршчка далёкія ад грамадскіх інтарэсаў і тым больш інтарэсаў беларускага адраджэння. Менавіта вобразы бальшавікоў сталі прычынай замоўчвання твора на працягу многіх дзесяцігоддзяў[4].
Аповесць перакладзена на нямецкую мову[5]. У 2014 годзе выдавецтва «Гугольц» апублікавала кнігу «Zwei Seelen»[6][7] у перакладзе Норберта Рандаў разам з сястрой Гундулай і Уладзімірам Чапегам, на якую нямецкія сродкі масавай інфармацыі адгукнуліся рэцэнзіямі[8][9].
Твор зрабіў вялікі ўплыў на беларускую філасофію. Ігнат Канчэўскі падпісаў эсэ «Адвечным шляхам» прозвішчам галоўнага героя аповесці — Ігнат Абдзіраловіч[10].
У красавіку 2016 года ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля «Дзве душы» паводле аповесці Максіма Гарэцкага ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, аўтарамі інсцэніроўкі аповесці з’яўляюцца Максім Клімковіч і Уладзіслаў Ахроменка[11].