wd wp Пошук:

Дарыйскае ўварванне

Магчымыя шляхі дарыйскага ўварвання

Дарыйскае ўварванне — гістарычная канцэпцыя, згодна якой ў XII - X стст. да н. э. адбылося нашэсце дарыйцаў на цэнтральныя і паўднёвыя раёны Грэцыі, што абумовіла выцясненне ахейскага дыялекта старажытнагрэчаскай мовы дарыйскім, заняпад Мікенскай цывілізацыі і пачатак Цёмных стагоддзяў. У нашы дні канцэпцыя пераглядаецца гісторыкамі.

Развіццё канцэпцыі

У класічны перыяд лічылася, што дарыйцы паходзяць з паўночнага захаду Грэцыі[1]. Іх перасяленне на Пелапанес тлумачылася міфамі аб вяртанні Гераклідаў[2]. Упершыню тэрмін «дарыйскае заваяванне» пры пераказе міфаў ужыў у 1821 г. брытанскі гісторык Вільям Мітфард. Прыхільнікам і папулярызатарам канцэпцыі гвалтоўнага дарыйскага ўварвання быў К. О. Мюлер. Распрацоўшчыкі канцэпцыі імкнуліся з яе дапамогай растлумачыць замену ахейскага дыялекта дарыйскім на поўдні Грэцыі на мяжы 2 і 1 тысячагоддзяў да н. э.

Пасля адкрыцця Генрыхам Шліманам Мікенскай цывілізацыі канцэпцыя набыла новае гучанне, паколькі стала выкарыстоўвацца для тлумачэння заняпаду ахейскіх дзяржаў і пачатку Цёмных стагоддзяў. Эдуард Меер нават звязваў нашэсце дарыйцаў з агульным рухам народаў мора і катастрофай бронзавага веку. Ён лічыў, што дарыйцы перасяліліся на поўдзень з тэрыторый па-за межамі Грэцыі. Пазней яго тэорыя была падтрымана філолагамі[3]. Такім чынам вызначэнне «ўварванне» атрымала навуковае апраўданне.

У першай палове XX ст. прыхільнікі канцэпцыі дарыйскага ўварвання сабралі яго археалагічныя сведчанні: частковае разбурэнне мікенскіх палацаў і іх заняпад, з’яўленне протагеаметрычнай керамікі, фібул, больш дасканалай апрацоўкі жалеза, доўгіх мячоў, звычая трупаспалення і пахавання ў керамічных пасудзінах[3][4]. Выказвалася думка, што дарыйскае ўварванне магло ўяўляць сабою некалькі хваль[5]. Нягледзячы на тое, што сярод прыхільнікаў канцэпцыі назіраліся ўнутраныя спрэчкі, на некаторы час яна набыла шырокае распаўсюджванне, у тым ліку ў падручніках.

У другой палове XX ст. крытыкі канцэпцыі даказалі памылковасць археалагічных доказаў. З’явілася супрацьлеглае меркаванне, якое сцвярджае пелапанескае паходжанне дарыйцаў. У гэтых умовах гісторыкі, што працягваюць настойваць на міграцыі дарыйцаў з поўначы, вымушаны прызнаваць адсутнасць ясных археалагічных пацверджанняў[6], замяняюць вызначэнне «ўварванне» на «перасяленне». Існуюць і іншыя нейтральныя вызначэнні «праблема дарыйскага паходжання», «дарыйская праблема»[5].

Крытыка

На ўсім працягу існавання канцэпцыі дарыйскага ўварвання вылучаліся і альтэрнатыўныя погляды. Нямецкі філолаг Э. Рыш стварыў канцэпцыю адзінай протагрэчаскай мовы, з якой паходзілі ўсе вядомыя дыялекты старажытнагрэчаскай мовы[7]. Яна супярэчыла гіпотэзе знешняга ўварвання, паколькі азначала, што этнічны склад насельніцтва Старажытнай Грэцыі на мяжы 2 і 1 тысячагоддзяў да н. э. істотна не мяняўся. У 1956 г. была апублікавана сумесная праца М. Вентрыса і Дж. Чэдвіка, прысвечаная расшыфроўцы лінейнага пісьма Б. Яна паказала, што ахейцы Мікенскага перыяда карысталіся архаічнай формай той жа мовы, што і дарыйцы.

На лінейных надпісах была знойдзена ўзгадка з імям, створаным ад назвы дарыйцаў. На гэтай падставе ў 1976 г. Дж. Чэдвік высунуў канцэпцыю пелапанескага паходжання дарыйцаў. На яго пункт гледжання, дарыйцы суіснавалі з прадстаўнікамі Мікенскай цывілізацыі, але прадстаўлялі ніжэйшы пласт насельніцтва[4]. Пачатак Цёмных стагоддзяў і пашырэнне дарыйскага дыялекта маглі адбыцца ў выніку паўстання дарыйцаў або пашырэння арэала іх пасялення пасля ўварвання з поўначы іншых больш моцных ворагаў. Міф пра вяртанне Гераклідаў і міфічная генеалогія дарыйцаў вядомы толькі з архаічнага перыяда[8], а таму не могуць быць падцверджаннем міграцыі дарыйскіх плямён.

З 1960-х гг. археалагічныя даследаванні ранніх этапаў развіцця Старажытнай Грэцыі былі пашыраны. Яны паказалі безгрунтоўнасць большасці ранейшых сведчанняў дарыйскага ўварвання. Высвятлілася, што пахаванне праз трупаспаленне і выкарыстанне фібул былі вядомы ў Мікенскі перыяд, веды пра апрацоўку жалеза прыйшлі ў Грэцыю з Малой Азіі, з надыходам жалезнага века грэкі карысталіся мікенскай формай мячоў, протагеаметрычны стыль узнік у Атыцы, населенай іанійцамі[9][10][11][12]. Такім чынам было страчана атаесамленне дарыйцаў з пэўнымі артэфактамі. Засталося толькі сведчанне ў выглядзе пацярпелых мікенскіх палацаў. У сучаснай гістарычнай літаратуры іх разбурэнне найчасцей не звязваецца з прыходам дарыйцаў.

Зноскі

  1. Герадот, I:56
  2. The Return of the HERACLIDES
  3. 1 2 Милютин М. П., Историография проблемы “дорийского вторжения”
  4. 1 2 Carol Thomas, Found: The Dorians. Archaeology and Greek Linguistics at the End of the Late Bronze Age
  5. 1 2 Heidi Dierckx, The dorian dilemma: Problems and interpretations of social change in late Helladic iii c and dark age Greece with reference to the archaeological and literary evidence
  6. Гл: Андреев, Ю. Дорийское завоевание. Историческая проблема в свете археологии; Cartledge, P. Sparta and Lakonia. A Regional History 1300 to 362 BC.
  7. ERNST GRUMACH, THE COMING OF THE GREEKS
  8. Malkin, I. Myth and Territory in the Spartan Mediterranean. P. 42 - 44
  9. Игорь Суриков, «Молчат гробницы»? Археология античной Греции
  10. Oscar W. Muscarella, Ancient Safety Pins. Their Function and Significance
  11. The Early Pottery Of Greece
  12. Греческие доспехи и оружие (Connolly P.)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Гістарыяграфія Старажытнай Грэцыі
Катэгорыя·Еўропа жалезнага веку
Катэгорыя·Еўропа бронзавага веку
Катэгорыя·Насельніцтва Старажытнай Грэцыі