Герб го́рада Пружа́ны ўяўляе сабой выяву звілістай блакітнай змяі з залатой каронай на галаве, якая вывяргае дзіця[1], на сярэбраным полі.
Першапачаткова нададзены гораду 3 траўня 1588 Ганнай Ягелонкай, дачкой каралевы Боны Сфорцы, разам з магдэбургскім правам. У наш час зацверджаны рашэннем Пружанскага райвыканкама № 1214 ад 20 кастрычніка 1998 года. У гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь занесены 21 снежня 1998 пад № 31[2].
3 траўня 1588 года каралева Ганна Ягелонка даравала мястэчку Магдэбургскае права разам з пячаццю і гербам «у сярэбраным полі звілістая блакітная змяя з залатой каронай на галаве вывяргае дзіця». Цераз год, 6 траўня 1589[3], кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза пацвердзіў прывілей уласнай граматай[4]. Яго дакумент — адзіная крыніца, якая тлумачыць сэнс фігур на гербе: «дзіця з’яўляецца з пашчы змяі, што сімвалізуе нанава прабуджаную заўжды маладую сілу ў спалучэнні з мудрасцю, здольнасць свету да самаачышчэння і абнаўлення»[5].
Нададзены Пружанам герб вельмі падобны да родавага герба Сфорцаў. Першапачаткова выява з’яўлялася гербам міланскага роду Вісконці. Існуе некалькі легенд пра паходжанне герба.
Згодна з легендай, у крыжовым паходзе ў 1187 Атон Вісконці сустрэўся ў паядынку з сарацынскім прынцам. Атон насіў выяву з сямю каронамі, выразанымі на шчыце, бо ён забіў семярых асілкаў, няверны маўр меў на шчыце выяву змяі, якая глытае дзіця. Гэта з’яўлялася насмешкай з хрысціян, бо немаўля сімвалізавала Хрыста. Атон забіў сарацына, забраў яго шчыт і са славай вярнуўся дадому, пасля чаго вырашыў абраць выяву на шчыце сваім гербам[6].
Лічыцца, што гэтая легенда ўзыходзіць да часоў Матэо Вісконці Вялікага (1250—1322). Матэо Вялікі, азірнуўшыся на цёмнае мінулае сваёй сям’і, вырашыў, што неабходна стварыць слаўную сагу пра Вісконці, і звярнуўся да прыдворных пісьменнікаў, каб тыя стварылі фамільныя легенды і вынайшлі слаўных продкаў. Такім чынам, была створана легенда пра ветэрана Першага крыжовага паходу, які памёр у Рыме ў 1111[7].
Па іншай версіі, намаляваны дракон называўся Tarantasio, у V стагоддзі (або ў XIII стагоддзі[6]) спусташаў наваколлі Мілана на возеры Герунда (цяпер зніклага). Дракон еў дзяцей, атручваў сваім дыханнем ваду і прымушаў людзей хварэць, пакуль не быў забіты родапачынальнікам роду Умберта Вісконці.
Мяркуюць таксама, што Вісконці для свайго герба проста выкарыстоўвалі старажытны ламбардскі сімвал — блакітную змяю, якую насілі ў якасці абярэга[7].
У цяперашні час Мілан мае іншы герб — чырвоны крыж на сярэбраным полі. Выява змея з дзіцем выкарыстоўваецца на лагатыпе Alfa Romeo.
Дзякуючы працам Анатоля Цітова і Эдмундаса Рымшы belt ёсць магчымасць аднавіць выгляд герба, які выкарыстоўваўся ў XVI—XVIII стагоддзях.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Пружаны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Гербы местаў сталі замяняцца паняццем «герб павятовы», пры стварэнні якіх улічваліся асаблівасці цэлага рэгіёна, а не канкрэтнага места. Такім чынам у самым пачатку XIX стагоддзя Пружаны атрымалі герб з дзвюх частак: «у верхняй палавіне коннік на сярэбраным полі, узброены мячом у правай і шчытом у левай руцэ[9], у ніжняй — выява зубра»[10]. Такі герб амаль цалкам паўтараў сам знак Гарадзенскай губерні, у склад якой уваходзілі Пружаны.
6 красавіка 1845 расійскі цар зацвердзіў іншы варыянт герба: «у залатым полі зялёная елка, на галінах якой вісіць паляўнічы ражок», што сімвалізавала сувязь з Белавежскай пушчай. Пазней у верхняй палавіне шчыта быў размешчаны зубр — герб Гродзенскай губерні.
У 1861 годзе быў састаўлены праект герба ў адпаведнасці з геральдычнымі прынцыпамі Бернхарда Кёнэ. Елка заняла ўсё поле шчыта, губернскі герб быў падняты ў верхнюю правую частку. За шчытом былі дабаўленыя два молаты, аперазаныя Аляксандраўскай стужкай, зверху з’явілася карона. Гэты праект не быў афіцыйна зацверджаны[11].
Цікава, што на пячатцы 1916 года спалучана выява расійскага герба і даўняга пружанскага герба з выявай змяі.
У перыяд з 1921 па 1939 урад Пілсудскага вярнуў Пружанам герб, нададзены ў XVI стагоддзі, аднак колер шчыта быў зменены на зялёны, а вуж застаўся без кароны. Замест гэтага герб атрымаў шляхецкую карону на шчыт і ўпрыгожанне ў выглядзе дзвюх пальмавых галінак вакол яе[12].
У складзе БССР Пружаны, як і іншыя месты, свайго ўласнага гербу не мелі. Пэўны час на паштоўках, значках, вымпелах, брашурах, пры ўездзе ў места ўжывалі малюнак «у верхняй частцы елка, у ніжняй — зубр»[10].
У 1996 годзе быў аб’яўлены конкурс на стварэнне праекта герба, у якім мог удзельнічаць кожны ахвочы. 25 сакавіка 1997 года Пружанскі райвыканкам пастановай № 329 абвясціў пераможцу — праект Леаніда Спаткая. Паводле афіцыйнага апісання герба горада:
![]() |
Сярэбраны гербавы шчыт, акаймаваны золатам, падзелены блакітным вілападобным звілістым крыжом на тры палі. У верхняй частцы — рог дастатку натуральнага колеру; у правай — блакітны вуж з залатой каронай, з пашчы якога нараджаецца дзіця (натуральнага колеру); у левай — гарлач чорнай керамікі. Наталля Пракаповіч Геральдыка на Пружаншчыне |
![]() |
Вілавідны крыж сімвалізуе сутокі рэк Вец і Муха ў Мухавец, рог — працавітасць і заможнасць мясцовых жыхароў. Вуж, узяты са старажытнага герба Пружанаў, — славутую мінуўшчыну і старажытнасць места. Гарлач — адзін з відаў ганчарнага майстэрства, якое існавала ў горадзе да 1970-х гадоў.
Аднак з прычыны неадпаведнасці дадзенага праекта геральдычным канонам новы герб не прыжыўся. Неўзабаве быў вернуты першапачатковы варыянт герба горада, зацверджаны рашэннем пружанскага райвыканкама № 1214 ад 20 кастрычніка 1998 года.
![]() |
Герб Пружанаў на Вікісховішчы |
---|