wd wp Пошук:

Сарацыны

«Сарацын» (1869), карціна Жана-Леона Жэрома

Сарацы́ны (грэч.: Σαρακηνός — усходнія людзі) — негатыўнае найменне мусульман у сярэднявечных заходнееўрапейскіх крыніцах.

Следам за Платамеям (I—II ст.), рымскі гісторык грэчаскага паходжання Аміян Марцэлін (IV ст.) называў сарацынамі адно з качавых арабскіх плямёнаў паўночнага захада Аравійскай пустыні, уздоўж межаў рымскай правінцыі Сірыя. Паступова пацяцце сарацыны пачалі ўжываць у заходняй літаратуры датычна ўсіх арабаў, а потым мусульман агулам, а часам у шырокім сэнсе ўсіх некаталікоў. Паняцце было вядома на Русі («Моамеда, жреца срачиньского» згадваў каля 1107 года ігумен Данiла) і шырока распаўсюдзілася ў сувязі з крыжовымі паходамі. З канца XII ст. этымалогію звязвалі з імем курдскага военачальніка, егіпецкага султана Саладзіна (Салах-эд-Дзіна), які ў 1187—1192 гадах узначальваў супраціў блізкаўсходніх мусульманскіх дзяржаў крыжаносцам.

У экзальтаванай свядомасці заходнееўрапейскага духавенства і рыцарства, якія лічылі каталіцкую Еўропу акружанай адзіным фронтам нехрысціянскіх дзяржаў — ад мусульманскай Iспаніі і Блізкага Усходу да Літвы і Русі, то бок сарацынскай дзяржавай уяўлялася тады і ВКЛ. Такія аблуды ўмела падтрымлівала і карысталася ордэнская прапаганда для абгрунтавання права на агрэсію, асабліва ў канцы XIV ст., калі пасля разгрому Тахтамыша Цімурам (Тамерланам) у ВКЛ знайшла прытулак вялікая колькасць татараў. Храніст і паэт, ідэёлаг французскага рыцарства Жан Фруасар, апісваючы падрыхтоўку да крыжовага паходу супраць турэцкага султана Баязіда, які скончыўся трагічным паражэннем хрысціянскай арміі пад Нікапалем у 1396 годзе, пісаў, што «Баязід і Каліф паслалі да некалькіх сарацынскіх каралёў — у Персію, Мідзію, Татарыю і нават у Літву на мяжы з Прусіяй». Англійскі храніст канца XIV ст., манах абацтва Сент-Олбанс Томас Уолсінгэм таксама лічыў «караля Літвы» Вітаўта «сарацынскім уладаром» поруч султанаў «Вавілоніі», Турцыі і татарскіх ханаў: «Гэты кароль Літвы павярнуўся ў веру хрысціянскую з нагоды шчаслівай перамогі, дараванай яму небам, разам з 60 тысяч людзей сваёй секты, якія ў знак веры накладаюць на зброю белы плашч і прышываюць на тых шатах крыж чырвонага колеру». У свядомасці Уолсінгэма вычварна спляліся самыя розныя падзеі — хрышчэнне Літвы ў 1387 годзе, разгром Баязіда Тамерланам у 1402 годзе і бітва на Ворскле ў 1399 годзе.

Пасля Вялікай вайны 1409—1411 гадоў ужыванне паняцця сарацыны датычна ВКЛ рэзка скарачаецца, але яшчэ ў 1420-я гады, калі вялікага князя Вітаўта абвінавачвалі ў таемным супрацоўніцтве з асманамі, баварскі храніст Ульрых фон Рыхенталь назваў Вітаўта «herczog zu Sarasio».

Гл. таксама

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Гісторыя Еўропы
Катэгорыя·Старажытныя народы
Катэгорыя·Арабскі свет
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак