У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Цыхун. Генадзь Апанасавіч Цыхун (нар. 30 кастрычніка 1936, вёска Кунцаўшчына, Гродзенскі раён, Гродзенская вобласць) — беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук (1982). Прафесар. Галоўны навуковы супрацоўнік аддзелу славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Акадэмік Міжнароднай акадэміі Еўразіі, доктар honoris causa Сафійскага ўніверсітэта, сябра Міжнароднага камітэта славістаў.
3 сям’і інтэлігента, які працаваў на гаспадарцы. Сын Апанаса Цыхуна. У 1937 годзе пераехалі ў Гродна. Скончыў Гродзенскую СШ № 6. У 1958 годзе скончыў аддзяленне славянскай філалогіі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Філолаг. Выкладчык балгарскай мовы і літаратуры». У 1958-1959 гадах працаваў у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі. Вучыўся ў аспірантуры на кафедры славянскай філалогіі Ленінградскага ўніверсітэта (1959-1961). Працягваў вучобу як аспірант-стажор у Сафійскім універсітэце (Балгарыя) у 1961-1963 гадах.
3 1963 года – зноў у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі (у 1975-1976 гадах – стажор-даследчык у Варшаўскім і Кракаўскім універсітэтах). У 1964 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Сінтаксыс займеннікавых клітык у балгарскай і македонскай літаратурных мовах» (пад кіраўніцтвам д.ф.н. праф. Маслава Ю. С.). У 1982 абараніў доктарскую дысертацыю «Тыпалагічная праблема балкана-славянскага моўнага арэалу». 3 1990 года – загадчык аддзела славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства.
Даследуе тыпалогію славянскіх моваў і іх сувязі, гісторыю мовазнаўчай славістыкі, праблемы праславянскай мовы, беларускую этымалогію, беларускія дыялекты.
У 1991—1993 гг. быў старшынёй Камісіі па ўдасканаленні правапісу Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, у якую ўваходзілі Вінцук Вячорка і Зміцер Санько. У 1993—1994 працаваў у складзе Дзяржаўнай камісіі па ўдакладненні правапісу беларускай мовы (старшыня народны паэт Ніл Гілевіч).[2]
Навуковыя інтарэсы: этымалогія, балканістыка, арэальная лінгвістыка, гісторыя славістыкі. Славістычныя інтарэсы спалучае з даследаваннямі ў галіне беларускай мовы.
Некаторыя пытанні сінтаксісу клітычных (ненаціскных) форм асабовых займеннікаў на матэрыяле балгарскай і македонскай літаратурных моў Г. Цыхун даследаваў у манаграфіі «Сінтаксіс занменнікавых клітык у паўднёваславянскіх мовах: (Балкана-славянская мадэль)» (1968). У манаграфіі «Тыпалагічныя праблемы балканаславянскага моўнага арэала» (1981) на матэрыяле паўднёваславянскіх гаворак Г. Цыхун даследаваў шляхі і напрамкі распаўсюджання балканскіх інавацый, вызначыў іх цэнтры ў межах балканаславянскага арэала.
Разглядаючы некаторыя з’явы ў развіцці групы так званых зменных энклітык і праклітык у славянскіх мовах, Г. Цыхун ставіць пытанне пра сувязь паміж функцыяй і дыстрыбуцыяй клітык і іх месца ў структуры сказа («Энкліза і пракліза ў структуры славянскага сказа». 1968).
Увагу вучонага прыцягнуў шэраг паўднёваславянска-ўсходнеславянскіх ізаглос, у тым ліку семантычных (структурных) паралелей («Паўднёваславянска-ўсходнеславянскія моўныя сувязі: Да праблемы славянскага ўкладу ў балканскі моўны саюз», 1983). У адносінах шэрага інавацый, цэнтры якіх знаходзяцца на паўднёваславянскай тэрыторыі, вучоны выказвае меркаванне, што яны ўпершыню ўзніклі на гэтай тэрыторыі і распаўсюдзіліся ў межах міжмоўнай арэальнай агульнасці, вядомай як балканскі моўны саюз.
Г. Цыхун выявіў адрозненне паміж дыялектным падзелам і арэальнай структурай беларускай моўнай тэрыторыі («Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даследавання», 1988). Дыялектны падзел, на яго думку, адлюстроўвае вынікі генетычнай дыферэнцыяцыі, а арэальная структура — вынікі інтэграцыйных працэсаў у межах дыялектнай тэрыторыі, на якой сфарміравалася беларуская мова.
У працы «Арэальныя аспекты фарміравання славянскіх літаратурных моў» (1993) аўтар разглядае праблему арэальнай базы беларускай літаратурнай мовы на фоне іншых славянскіх моў.
Шмат Г. Цыхун працуе над праблемамі сувязі беларускай мовы з іншымі мовамі: «Беларуска-паўднёваславянскія лексічныя сувязі. Некаторыя праблемы і вынікі» (Беларуская лінгвістыка. Мн., 1974. Вып. 5), «Да праблематыкі беларуска-балгарскіх моўных сувязей» (Бюлетин за съпоставително изследваие на българския език с други езици. София. 1976. № 5), «Вызначэнне генетычнай, тыпалагічнай і арэальнай блізкасці 1976. № 5), «Вызначэнне генетычнай, тыпалагічнай і арэальнай блізкасці славянскіх моў (у прыватнасці — беларускай і балгарскай моў)» (Съпоставително езикознание. София, 1980. № 5), «Два палеска-паўднёваславянскія адпаведнікі» (Палессе і этнагенез славян. М., 1983; на рус. мове), «Вывучэнне балгарска-ўсходнеславянскіх моўных сувязей. Некаторыя вынікі і перспектывы» (Савецкая балгарыстыка. Вынікі і перспектывы. М., 1983; на рус. мове), «Да рэканструкцыі праславянскай метафары» (Этымалогія 1984. М., 1986; на рус. мове) і інш.
Славістычныя інтарэсы Г. Цыхун спалучае з даследаваннямі ў галіне беларускай мовы. Ен сааўтар «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—7, 1978—91) і «Тураўскага слоўніка» (т. 1—5, 1982—87), адзін з ініцыятараў і пастаянных удзельнікаў сімпозіумаў па вывучэнні лексічных сувязей беларускай мовы з суседнімі славянскімі і неславянскімі мовамі. Матэрыялы гэтых сімпозіумаў выдадзены пад яго рэдакцыяй у 4 зборніках 1969, 1971, 1973 і 1975 гг. 3 1970-х гадоў выходзяць падрыхтаваныя ім бібліяграфічныя агляды беларускай мовазнаўчай славістыкі ў часопісе «Rocznik sławistyczny» («Славянскі штогоднік»).
Ён мае больш за 300 публікацыяў[3] па тыпалогіі славянскіх моў і іх сувязях, моўных саюзах, гаворках Палесся і праблеме праславянскай мовы, па беларускай этымалогіі і дыялектнай мове, гісторыі і бібліяграфіі беларускай мовазнаўчай славістыкі.