wd wp Пошук:

Гасконская мова

Гасконская мова-дыялект (Gascon, [gasˈku]; фр.: [gaskɔ̃]) — дыялект аксітанскай мовы. Часам разглядаецца як самастойная раманская мова.

Гасконская мова распаўсюджана ў Гасконі і БеарнеФранцыі: у частцы дэпартаментаў Атлантычныя Пірэнеі, Верхнія Пірэнеі, Ланды, Жэр, Верхняя Гарона, Ло і Гарона і Ар’еж, у большай частцы Жыронды; у Іспаніі — у невялікай даліне Валь-д’Аран на паўночным захадзе Каталоніі).

Арэал гасконскай мовы

У Іспаніі распаўсюджаны толькі паўднёвы варыянт гасконскай мовы — аранскі дыялект, на які аказала моцны ўплыў каталанская і іспанская мовы. У выніку гэтага ўздзеяння існуе тэндэнцыя аддалення аранскага дыялекту ад французскіх дыялектаў гасконскай мовы. Аранскі дыялект мае ў Валь-д’Аран статус афіцыйнай мовы (нароўні з іспанскай і каталанскай).

Паводле І. І. Чалышавай, сфера ўжывання гасконскай мовы/дыялекту ў наш час скарачаецца. Мова практычна не ўжываецца ў гарадах. Лепш за ўсё гасконскія гаворкі захаваліся ў Пірэнеях і ў сельскіх раёнах, сыходзячы ў сферу вусновых і бытавых зносін. У Францыі не мае афіцыйнага статусу. Колькасць тых, хто размаўляе на ёй, не вызначана, хоць паводле некаторых звестак у свеце мовай валодае каля 250 тыс. чалавек[1]. Статус гасконскай мовы/дыялекту ў раманістыцы працягвае заставацца дыскусійным[2].

Баскскі субстрат

Мова, на якой размяўлялі ў Гасконі перад рымскім кіраваннем, была часткай баскскага дыялектнага кантынууму (гл. аквітанская мова). Само слова «Гасконь» паходзіць з лацінскага кораня vasco/vasconem і з’яўляецца аднакарэнным з «баск» (Vasconēs, з пераходам [v] → [gw] → [g]). Гэта можа сведчыць пра тое, што носьбіты мовы ў той час ідэнтыфікавалі сябе як баскі. Прысутнасць баскскага субстрата ў развіцці гасконскай мовы была даказана навукова. Гэта тэорыя тлумачыць некаторыя асаблівасці, якія адрозніваюць гасконскую ад іншых аксітанскіх моў.

Характэрнай рысай гасконскай мовы, якая можа паходзіць з мовы-субстрата, з’яўляецца змена «f» на «h». У словах, якія ў латыні першапачаткова пачыналіся на [f], (напрыклад festa — «урачыстасць»), гэты гук саслаблены да прыдыхальнага [h], а затым, у некаторых месцах увогуле знік (гасконскае hèsta [ˈhɛsto] ці [ˈɛsto]). Паводле субстратнай тэорыі, гэта магло адбыцца з-за адсутнасці ў баскскіх дыялектах фанемы /f/. Падобная змена адбылася ў кантынентальнай іспанскай мове: лацінскае facere стала іспанскім hacer (вымаўляецца як [a.ˈθer], а ў некаторых аддаленых раёнах, асабліва, у паўднёва-ўсходняй Андалусіі — [haˈθɛɾ]).

Некаторыя лінгвісты, аднак, лічаць субстратную тэорыю памылковай і тлумачаць гэтыя і іншыя змены ўнутрымоўнымі працэсамі. Пераход [f] у [h] як у гасконскай, так і ў іспанскай мовах, якія развіліся ў баскамоўных рэгіёнах, можа быць супадзеннем, хоць гэта і малаверагодна.

Сучасная баскская мова таксама зведала лексічны ўплыў з боку гасконскай, напрыклад, словы beira («шкло»), polit («мілы», гасконскае polit/polida).

Сучаснае становішча

Падчас апытання, праведзенага ў 1982 годзе ў Беарне, было ўсталявана, што 51 % насельніцтва размаўляў на гасконскай мове, 70 % разумелі яе, а 85 % падтрымлівалі абарону мовы. Аднак у апошні час выкарыстанне мовы значна скарацілася — галоўным чынам з-за таго, што мова не перадаецца наступным пакаленням. Асабліва прыкметна скарацілася ўжыванне мовы ў гарадах і на паўночным усходзе арэала.

У Францыі ў дачыненні да гасконскай мовы выкарыстоўваецца тэрмін «патуа», які пазначае мясцовую гаворку ў цэлым. У Беарне мясцовыя варыянты гасконскай мовы з XVI стагоддзі называюцца «Béarnais» (беарнская). Гэта звязана з палітычным мінулым Беарна, які з 1347 па 1620 год быў суверэннай дзяржавай.

У лінгвістычным плане не існуе ўніфікаванага беарнскага дыялекту, і ў розных рэгіёнах правінцыі мова значна адрозніваецца. Адрозненні ў вымаўленні могуць быць падзелены на ўсходнія, заходнія і паўднёвыя (у горных раёнах). Напрыклад, «a» на канцы слова на захадзе вымаўляецца як [a], на ўсходзе — [o], а на поўдні — [œ].

Субдыялекты

У гасконскай мове вылучаюць з тры групы гаворак:

Пісьменнікі

Літаратура на гасконскай мове існавала пачынаючы са сярэдневяковага перыяду. У новы перыяд найбуйнейшы паэт - Жаку Жансемін.

Запазычанні з гасконскай мовы ў іншыя мовы

Некаторыя словы французскай мовы маюць гасконскае паходжанне. Напрыклад, французскае cadet (-te) — «малодшы, -ая», якое першапачаткова азначала «малодшы (сын)», «малады дваранін, які прызначаўся для ваеннай ці духоўнай кар’еры», узыходзіць да гасконскага capdèt — «камандзір, начальнік». Гасконскае berret — «шапка» трапіла ў беарнскую мова, а затым і ў літаратурную французскую: béret — «баскская шапка». Пры дапамозе французскага гэтыя словы трапілі і ў іншыя мовы: напрыклад, беларускія словы «кадэт» і «берэт». Англійская назва баравіка cep паходзіць ад гасконскага cep — «ствол», а izard — «пірэнейскі сарна» ад французскага ці гасконскага isard.

Зноскі

  1. Челышева, 2001, с. 322
  2. Челышева, 2001, с. 323

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Раманскія мовы
Катэгорыя·Мовы і дыялекты паводле алфавіта
Катэгорыя·Мовы Францыі