wd wp Пошук:

Віёт

Віёт (саманазва: Wishosk) — індзейскі народ на поўначы Каліфорніі (ЗША). Агульная колькасць (2018 г.) - 1 000 чал.[1]

Гісторыя

Лінгвісты мяркуюць, што продкі віёт вылучыліся з ліку астатнік алгскіх народаў 4 000 гадоў таму. Каля 900 г. н. э. яны перасяліліся на поўнач Каліфорніі[2]. У XIX ст. віёт насялялі ўзбярэжжа Ціхага акіяна паміж рэкамі Мэд і Іл на поўдзень ад іншага алгскага народа юрок.

Кантакты з еўрапейцамі пачаліся з 1806 г., але доўгі час абмяжоўваліся менавым гандлем. З 1850 г. каля тэрыторый віёт сяліліся амерыканскія жывёлагадоўцы. Адносіны паміж індзейцамі і перасяленцамі былі напружанымі. Хаця сучасныя віёт адмаўляюць, што займаліся крадзяжом кароў і забойствам перасяленцаў, канфлікты з двух бакоў сталі звычайнымі. 26 лютага 1860 г. група амерыканцаў арганізавала нечаканы напад на паселішча віёт і з дапамогай халоднай зброі знішчыла ад 80 да 200 чалавек, пераважна жанчын, старых і дзяцей. Разня атрымала розгалас ў каліфарнійскіх сродках масавай інфармацыі. Віёт трапілі пад апеку арміі ЗША, а потым былі пераселены ў резервацыю на рацэ Кламат.

З 1992 г. арганізуюцца штогадовыя дні памінання забітых у 1860 г. У 2000 г. была заснавана асобная рэзервацыя віёт.

Культура

Віёт здаўна займаліся рыбалоўствам, збіральніцтвам і паляваннем. Важнае месца ў іх харчаванні займаў ласось. Рыбу лавілі з дапамогай сетак, пастак, рабілі на ручаях часовыя дамбы. Вылучаўся пласт майстроў-будаўнікоў лодак, што выдзёўбвалі з суцэльнага бярвення. Мясцовасць, населеную віёт, атачалі шырокалісцевыя лясы, дзе палявалі на аленяў і ласёў. На пляжах палявалі на ластаногіх і выкінутых на бераг кітоў. Збіралі ягады, арэхі, малюскаў. Па-майстэрску апрацоўвалі камень, драўніну, выраблялі плеценыя кашы і бісер.

Сярод віёт вылучаліся бедныя і багатыя. Асноўнае багацце складалі скуры жывёл, скальпы дзятлаў, рэдкія ракавіны. Найбольш багатыя рыбалоўныя і паляўнічыя ўгоддзі, тытунёвыя зараснікі належылі асобным сем’ям.

Традыцыйная вопратка выраблялася са скур аленяў і футра трусоў. Мужчыны апраналі футравыя повязі накшталт саронгаў, жанчыны — скураныя фартухі, якія аздаблялі махрамі і вяроўкамі. Падчас прахалоднага надвор’я карысталіся макасінамі. Жанчылі татуявалі падбародак.

Віёт будавалі вёскі ў ніжняй плыні рэк і ручаёў. У адным паселішчы жыло ад 50 да 150 чалавек. Чатырохкутныя хаціны ладзілі з дошак, крылі двускатным дахам. Пасярэдзіне даху застаўлялі рухомыя дошкі для рэгулявання выхаду дыму, паколькі знутры хаціны памяшчаўся агмень. Дзверы драўляныя рассоўныя.

Віёт падзяляліся на 3 сацыяльна-тэрытарыяльныя групы: вікі, батават, непасрэдна віёт. Яны не аб’ядноўваліся для адзіных мэтаў, накшталт ваенных канфліктаў з суседдзямі. На чале грамадства стаялі найбольш заможныя людзі. Асобных ваенных правадыроў не было, хаця войны здараліся часта. Воіны карысталіся лукам і стрэламі, скуранымі шчытамі і даспехамі. Войн можна было пазбегнуць праз матэрыяльныя выплаты.

Дамінавалі патрыярхальныя вялікія пашыраныя сем’і на чале старэйшага працаздольнага мужчыны. Жаніх выплочваў за нявесту выкуп, пасля чаго яна пераязджала ў яго сям’ю. Калі ў маладога чалавека не было маёмасці для выкупу, пасля жаніцьбы ён сяліўся каля сям’і жонкі і аказваў ёй дапамогу. Такія шлюбы зваліся “палавіністымі”. Разводы адбываліся ў выніку шлюбнай здрады. Прычым, мужчыны былі ініцыятарамі разводаў радзей, чым жанчыны.

Фальклор прадстаўлены рытуальнымі танцамі, якія суправаджаліся міфалагічнымі і гістарычнымі апавяданнямі.

Мова

Мова віёт належыць да алгскай групы. Апошні носьбіт памёр у 1962 г.

Рэлігія

Да распаўсюджання хрысціянства традыцыйная рэлігія віёт абапіралася на культ продкаў. Найбольш знакамітым з іх быў культурны герой Gatswokwire. Яны таксама верылі ў духа-стваральніка сусвету Gudatrigakwitl[3]. Ён не меў чалавечага аблічча. Рытуальная частка прадстаўлена танцамі, якія арганізоўвалі старыя людзі. Вылучаўся пласт жанчын, што займаліся лекаваннем.

Зноскі

  1. Wiyot in United States
  2. California Indian Languages: Algonquian Tribes
  3. Native Languages of the Americas: Wiyot Indian Legends

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Індзейцы Паўночнай Амерыкі
Катэгорыя·Народы ЗША
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле