wd wp Пошук:

Віктар Антонавіч Івашкевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Івашкевіч.

Віктар Антонавіч Івашке́віч (21 верасня 1959, Мінск — 3 кастрычніка 2013) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Біяграфія

Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мінску. З пачатку 1980-х гг. — у моладзевым нацыянальным руху, удзельнік першых, напаўпадпольных незалежніцкіх суполак «Беларуская Майстроўня», «Талака».

Адзін са стваральнікаў падпольнай антысавецкай арганізацыі «Незалежнасць» (1984—1985), у якую ўваходзілі таксама Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец, Сяржук Сокалаў-Воюш, Алесь Суша[1], Генік Лойка, Алесь Костка, Алесь Бяляцкі, Яўген Івашкевіч, Генадзь Сагановіч[2].

Быў сярод арганізатараў маршу-пратэсту па Заходняй Дзвіне-Даўгаве супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС (1987), экалагічнага маршу па Прыпяці — адной з першых чарнобыльскіх акцый пратэсту (1988), забастоўкі кіроўцаў гарадскіх аўтобусаў у Мінску (1989).

З 1988 г. — у Беларускім народным фронце (БНФ).

У 1991 Віктар Івашкевіч стаў ініцыятарам стварэння страйкавых камітэтаў на мінскіх прадпрыемствах.

Віктар Івашкевіч (справа) на Народным сходзе (як сустаршыня аргкамітэта па правядзенні Народнага сходу). 8 кастрычніка 2011, Мінск

Да 1996 г. Віктар Івашкевіч быў сакратаром управы БНФ, адказваў за арганізацыю масавых акцый і фінансавае забеспячэнне БНФ.

Уваходзіў у групу лідараў БНФ, якія адкрыта выступілі з крытыкай Зянона Пазняка на з’ездзе партыі ў 1999 годзе.

З 1997 г. Віктар Івашкевіч быў рэдактарам газеты «Рабочий», з 1999 г. — віцэ-прэзідэнтам Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.

Неаднаразова атрымліваў адміністрацыйныя пакаранні ў выглядзе арыштаў і штрафаў, у знак пратэсту аб’яўляў галадоўку. У кастрычніку 2002 г. асуджаны на два гады абмежавання волі за публікацыю артыкула «Злодзей павінен сядзець у турме», надрукаванага ў газеце «Рабочий» падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі[3], у якім пракуратура ўбачыла паклёп на прэзідэнта Беларусі. Увесь наклад канфіскавалі проста ў друкарні. У снежні 2002 года Віктар Івашкевіч пачаў адбываць пакаранне ў Баранавічах.

Цягам 2007—2009 гадоў быў намеснікам старшыні Партыі БНФ, потым кіраваў яе мінскай гарадской арганізацыяй. На прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. Віктар Івашкевіч з’яўляўся даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты ад «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава. У лютым 2011 г. Віктар Івашкевіч абвясціў пра выхад з партыі БНФ з-за нязгоды з пазіцыяй, якую заняў былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў, узначальваў аргкамітэт нацыянальна-дэмакратычнай партыі «Беларускі рух».

Памёр Віктар Івашкевіч у 2013 годзе пасля цяжкай і працяглай хваробы[3].

Сям’я

Віктар Івашкевіч разам з сынам. «Дзень жарту» ў летніку Грунвальд, 1991

У 1982 годзе Віктар Івашкевіч пабраўся шлюбам са студэнткай факультэту журналістыкі Аленай Радкевіч. Іх сын Станіслаў Івашкевіч — журналіст, эканамічны аглядальнік.

Ушанаванне памяці

Пахаваны на Паўночных могілках Мінска. На яго магіле ўсталяваны помнік, аўтар якога — скульптар Ігар Засімовіч.

Прэміі ў галіне абароны правоў чалавека, якую ўручае «Хартыя'97», у 2013 годзе было нададзена імя Віктара Івашкевіча. У 2014 годзе Партыя БНФ заснавала памятны знак імя Віктара Івашкевіча, якім адзначаюцца перадусім арганізатары найбольш значных масавых акцый[4].

Зноскі

  1. http://www.svaboda.org/a/26944637.html
  2. https://www.youtube.com/watch?v=3uxkr-eQmH0
  3. 1 2 http://novychas.by/asoba/u-vjanok-pamjaci-viktar-ivaszkevicz-fota
  4. svaboda.org

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 2013 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя на Паўночных могілках
Катэгорыя·Рэдактары Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 21 верасня
Катэгорыя·Члены Партыі БНФ
Катэгорыя·Выпускнікі Інстытута журналістыкі БДУ
Катэгорыя·Памерлі 3 кастрычніка
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Члены Талакі
Катэгорыя·Члены Беларускай спеўна-драматычнай майстроўні
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1959 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Палітыкі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску