Ваўчая́гада звычайная[3] (Daphne mezereum) — від кветкавых раслін роду Ваўчаягада (Daphne) сямейства Ваўчаягадавыя (Thymelaeaceae).
Ваўчаягада звычайная, ваўчынец, воўчае лыка, воўчыя ягады[4][5], жыломяць, воўчы ягады[6][7][8][9], воўча лыка[4].
Малагалінасты куст вышынёй да 1,5 м (да 2,5[10] м) з жаўтавата-шэрай маршчакаватай карой. Галінкі голыя, у ніжняй частцы са слядамі леташняга лісця, маладыя галінкі кароткапрыціснутаапушаныя. Лісце чаргаванае, адваротналанцэтнае, тупаватае, выцягнутае ў кароткі чаранок, трошкі раснічастае, зверху зялёнае, знізу шызаватае, скучана на канцах галінак. Кветкі бэзава-ружовыя, духмяныя, сядзячыя, па 3—5 у пазухах леташняга лісця. Плод — авальная ярка-чырвоная касцянка.
Сустракаецца амаль па ўсёй Еўропе, у Закаўказзі, на поўначы Ірана. На тэрыторыі Беларусі трапляецца паўсюдна. Расце ў цяністых вільготных хвойных і лісцевых лясах. Цвіце ў сакавіку—красавіку.
Лекавая расліна (вонкавы раздражняльны сродак), мае інсектыцыдныя ўласцівасці. Выкарыстоўваюць кару (збіраюць рана ўвесну) і плады (у чэрвені—ліпені).
Ядавітая, таму як дэкаратыўную расліну высаджваць у месцах, даступных дзецям, не варта, каб пазбегнуць атручэння[11].
Добры ранневясенні меданос.