Васіль Васільевіч Іолшын (руск.: Василий Васильевич Иолшин; 20 жніўня 1824[1] — 21 верасня 1898[1]) — ваенны і дзяржаўны службовец.
Праваслаўны. Служыў афіцэрам у кавалерыі, быў удзельнікам Крымскай ваеннай кампаніі 1853-56 гг. Выйшаў у адстаўку ў званні штабс-ротмістра і ў 1862 г. пасяліўся з жонкай у Рагачове. Амаль адразу яго абралі ганаровым наглядчыкам мясцовага дваранскага 5-класнага вучылішча[2].
Маршалак шляхты Рагачоўскага павета[2] з 27 лістапада 1863 г. па 1876 г. Стацкі саветнік[1].
Паводле даных статкамітэта Магілёўскай губерні 1882 г. у Васіля Васільевіча Іолшына разам з жонкай Варварай Аляксееўнай Іолшынай у валоданні быў маёнтак Наспа Рагачоўскага павета агульнай плошчай 11169 дзесяцін, з іх пад 7122 лесам, 440 раллі і 260 дзесяцін сенажаці. Акрамя зямлі меліся 4 карчмы, 2 дзёгцевыя заводы, валавы і вадзяны млын, а таксама сукнавальня. Усё гэта дасталася па спадчыне ў 1835 г.
У Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў (1888 г., том IX), гаворыцца пра тое, што ў «маршалка шляхты Іолшына ў 1873 г. быў цагляны палац на гары (дом) і гарод».
Пахаваны разам з жонкай на старых гарадскіх могілках у сямейным склепе[2], на чыгуннай пліце пастаўлены помнік[1].
У шлюбе з Варварай Аляксееўнай Іолшынай дзяцей не меў. Яшчэ пры жыцці яны склалі дакумент, паводле якога ўсе даходы са сродкаў, якія Іолшыны зарабілі пры жыцці і ўклалі ў банк, павінны паслужыць дабрабыту горада Рагачова. Варвара Аляксееўна перажыла мужа, таму нейкі час ёй давялося самой вырашаць, на якія мэты будуць расходавацца іх грошы. Так, у 1905—1910 гг. на сродкі Іолшыных у горадзе быў пабудаваны тэатр на 600 месцаў і рэальнае вучылішча. Акрамя таго, на сродкі Іолшыных у Рагачове быў пабудаваны дом для бедных старых людзей[2].
Кавалер ордэнаў Святога Уладзіміра 4-й ступені, святой Ганны 2-й ступені, Святога Станіслава 2-й ступені з імператарскай каронай, а таксама ўзнагароджаны медалём у памяць Крымскай вайны 1853—1856 гг. і за здушэнне польскага мецяжу 1863—1864 гг., знакам Чырвонага Крыжа[3].
Іолшынскай называлася вуліца перад будынкам рэальнага вучылішча (цяпер вуліца Віліса Цымермана)[3].
Штогод у студзені Рагачоўскім краязнаўчым цэнтрам прысуджваюць Іолшынскую прэмію[2].