wd wp Пошук:

Бэз звычайны

Бэз звычайны[3][4] (Syrínga vulgáris) — папулярная садовая расліна, від роду Бэз сямейства Маслінавыя.

Назва

Бэз звычайны, буз[5], бузок, бэз[6][7][8][9][10], сірэнь[11].

Батанічнае апісанне

Бэз звычайны — шматствольны лістападны куст вышынёй 2-8 м. Дыяметр кожнага ствала можа дасягаць 20 см. Кара шэрая або шэра-карычневая, у маладых раслін — гладкая.

Парасткі сканчаюцца дзвюма пупышкамі, радзей адной. Канчатковыя пупышкі тоўстыя, чатырохгранныя, востравяршынныя, зелянява-аліўкавыя або чырванаватыя, да бура-чырвоных, 6-12 мм даўжыні. Бакавыя пупышкі адлеглыя, некалькі менш канчатковых, але такой жа формы і афарбоўкі. Лускавінкі на пупышках размяшчаюцца крыжападобна. Вонкавых лускавінак 8, унутраных — 4. Усе вонкавыя лускавінкі кілеватыя, акругленыя, сканчаюцца вастрыём, некаторыя каёмкавыя. У пачатку парасткаў пупышкі дробныя. Ліставы рубец вельмі вузкі, з 6-7 слядамі, якія ўтвараюць адну прамую лінію, або ў выглядзе паўмесяца. Кветкавыя пупышкі закладваюцца на пабегах з мінулага года.

Парасткі зелянява-шэрыя або жаўтлява-шэрыя, голыя, круглявыя, з прыкметнымі чачавічкамі са шматлікімі вузкімі шчылінамі.

Лісце супратыўнае, простае, 4-12 см даўжынёй і 3-8 см шырынёй, у пачатку сэрцападобнае або прама зрэзанае, да вяршыні завостранае, зялёнае, голае, з хвосцікамі да 3 см даўжынёй. Ападае зялёным. У паўднёвых раёнах і нават сярэдніх шыротах усю зіму застаецца пад снегам зялёным.

Суквецці і кветкі

Кветкі 6-10 × 5-8 мм, ад ліловых і фіялетавых да белых, духмяныя, доўга непадаючыя, сабраны ў пірамідальныя парныя, прамастаячыя або паніклыя мяцёлкі даўжынёй 10-20 см. Дзікарослая форма мае немахровые, ліловыя кветкі розных адценняў. Квітнее штогод у маі — пачатку чэрвеня на працягу 20 дзён пачынаючы з чатырохгадовага ўзросту. Кветкі ўтрымліваюць эфірны алей, які пры частым ўдыханні можа выклікаць галаўны боль.

Плод — сухая двугнездная каробачка да 1,5 см даўжынёй, з некалькімі даўгаватымі і скурыста-крылатым насеннем. Пры ўскрыцці каробачкі насенне падае на зямлю і часта, дзякуючы наяўнасці крыла, адлятае на вялікую адлегласць ад мацярынскай расліны. Спее восенню. Маса 1000 адзінак насення 5-9 г. Размнажаецца як насеннем, так і каранёвымі атожылкамі і зараснікам ад пня. Насенне пры спрыяльных умовах здольна прарастаць адразу ж пасля збору.

Працягласць жыцця

Асобныя расліны бэзу звычайнага могуць дажываць да 100-гадовага ўзросту. 60-гадовыя расліны маюцца ў парку Асканія-Нова. Маецца зарэгістраваны асобнік бэзу звычайнага, які дасягнуў 130-гадовага ўзросту. Куст быў пасаджаны ў 1801 годзе, да 1931 года ён меў дыяметр 11 м, а найбольшы ствол меў у абхопе на вышыні грудзей 80 см.

Распаўсюджанне

У натуральным выглядзе расце на Балканскім паўвостраве (Албанія, Балгарыя, Грэцыя, Румынія, Сербія). Па іншых дадзеных мае рэліктавы арэал у паўднёвых Карпатах. Расце ў горных лясах, займаючы пустуючыя схілы. Культывуецца на тэрыторыі Усходняй Еўропы да шыраты Санкт-Пецярбург — Екацерынбург; у Заходняй Сібіры — у паўднёвай зоне тайгі, у лесастэпавай і стэпавай зонах, у Сярэдняй Азіі, на поўдні Усходняй Сібіры, у сярэдняй і паўднёвай частках Далёкага Усходу.

Прымяненне

Драўніна бэза звычайнага

Кветкі бэзу вылучаюць масу нектара, які аднак з-за вялікай даўжыні трубкі мала даступны пчолам. Драўніна бэзу мае тонкакрупчастую структуру, валокны прамыя. Шчыльнасць пры 15 % вільготнасці 0,98 г/см³, пры 12 % — 0,90 г/см³. Драўніна вельмі цвёрдая, цяжкая, з высокімі фізіка-механічнымі ўласцівасцямі, цяжка колецца, але добра паліруецца. Выкарыстоўваецца на тачоныя вырабы.

Кветкі валодаюць патагонным, супрацьмалярыйным і абязбольваючым дзеяннем. Лісце спрыяе паспяванню нарываў і ачышчэнню іх ад гною. Настой кветак ужываюць пры коклюшы і нырачных захворваннях, а ў сумесі з кветкамі ліпы — як патагонны і супрацьмалярыйны сродак. Лісце ўваходзіць у склад асноўнай сумесі травы, якая ўжываецца ў народнай медыцыне пры лячэнні сухотаў лёгкіх.

Шырока выкарыстоўваецца як дэкаратыўная, глебаахоўная расліна на схілах, якія падвяргаюцца размыву.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 128. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Назва згодна з Я. П. Шмярко, І. П. Мазан. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. — Мн: Навука і тэхніка, 1989. — С. 388. — 399 с. — ISBN 5-343-00120-3.
  5. Антонов А. А. О врачебных растениях, дикорастущих в Витебской губернии и употребляемых населением ее в домашней народной медицине. Витебск, 1888
  6. З. Верас, Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік, Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра. Вiльня, Субач 2, 1924
  7. Васількоў І. Г. Матэрыялы да флоры Горацкага раёна. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. III. Горы-Горкі, 1927
  8. Носович И. И. Словарь белорусского наречия. Спб, 1870
  9. Чоловский К. Опыт описания Могилевской губернии. По программе и под редакцией А. С. Дембовецкого, кн. I. Могілев.
  10. Шатэрнік М. В. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны. Мінск, 1929
  11. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Маслінавыя
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Флора Еўропы
Катэгорыя·Дэкаратыўныя расліны
Катэгорыя·Кусты