wd wp Пошук:

Будслаўскі абраз Маці Божай

Будслаўскі абраз Маці Божай

Будслаўскі абраз Маці Божай — адзін з найбольш шанаваных каталіцкіх абразоў Беларусі. Знаходзіцца ў Касцёле Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Будслаў ў вёсцы Будслаў.[1] Галоўная ўрачыстасць абраза Маці Божай Будслаўскай святкуецца 2 ліпеня. 28 лістапада 2018 года урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай («Будслаўскі фэст») была ўнесеная ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА[2][3].

Гісторыя

Абраз напісаны невядомым майстрам у ХVI стагоддзі. Падараваны ў 1598 Папам Рымскім Кліментам VIII мінскаму ваяводзе Яну Пацу з находы яго пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Ваявода вельмі шанаваў абраз і змясціў яго ў сваім віленскім палацы(польск.) бел.. Пасля смерці Паца абраз перайшоў да капелана Ісака Салакая, які перавёз яго ў Даўгінава. У 1613 падараваў яго Будслаўскаму кляштару бернардзінаў, саступіўшы просьбам манахаў.

Паводле некаторых гістарычных звестак, цудоўнае з’яўленне Маці Божай айцам-бернардзінцам адбылося ў Будславе яшчэ ў 1588 годзе: пасля абраду святога хрышчэння народ убачыў незвычайнае святло, якое заззяла з неба і асвяціла капліцу і хаты. З гэтага часу і пачаліся першыя паломніцтвы ў Будслаў.

Абраз праславіўся цудамі вылечвання, якія апісаў пробашч Э. Зялевіч у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650), і ў 1635 годзе быў перанесены ў галоўны алтар на месца абраза «Наведванне Марыяй Лізаветы».

Першы цуд, зафіксаваны ў 1617 годзе, — вяртанне зроку пяцігадоваму хлопчыку Іасафату Тышкевічу, які пазней стаў вядомым святаром-кармелітам. У той жа дзень Рэджынальд Тышкевіч пазбавіўся ад эпілепсіі, якая мучыла яго сем гадоў. Зялеевіч апісаў 42 цудоўных аздараўленняў і эпізод з Янам Вронскім, ротмістрам надворнай харугвы Яна Кішкі — вялікага гетмана і полацкага ваяводы. Паранены ротмістр патрапіў у маскоўскі палон у 1632 годзе і змог шчасліва вярнуцца дзякуючы зароку перад абразам, які належыў яго таварышу Лукашу Уладоўскаму. Магчыма, таму Ян Кішка стаў разам з віленскім гвардыян бернардзінцаў Фларыянам Калецкім і сямействам Далмат-Ісайкоўскіх адным з фундатараў каменнага касцёла ў 1633—1643 гадах. Той жа Калецкі падараваў 1-й палове XVII ст. шату для абраза.

У 1643 годзе майстар з Полацка Андрэй Кромер пабудаваў каменны касцёл, для якога майстар Пётр Грамель стварыў унікальны драўляны алтар, у яго і быў змешчаны цудатворны абраз. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў абраз быў часова вывезены ў мястэчка Саколка (Беласточчына). Бернардзіны Літоўскай правінцыі прапагандавалі культ абразу, ад пачатку ХІХ ст. друкавалі з яго гравюры. Пасля скасавання кляштару ў 1859 вядомасць абразу зменшылася. Тым не менш, у міжваенных «Каталогах Віленскай епархіі» сярод дзесяці касцёлаў з цудатворнымі абразамі Маці Божай згадваецца і Будслаўскі.

Ад пачатку 1990-х аднаўляецца культ абразу. Ад 1990 штогод адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. У 1991—1992 абраз быў рэстаўраваны В. Лукашэвічам. 2 ліпеня 1996 папскі нунцый архібіскуп Дамінік Грушоўскі абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названая патронкай Мінска-Магілёўскае архідыяцэзіі, у народзе лічыцца Апякункай Беларусі. 2 ліпеня 1998 года кардыналам Казімірам Свёнткам цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай быў каранаваны папскімі каронамі.

Святкаванне 400-годдзя здабыцця абраза

Паштовая марка Беларусі. 400-годдзе прыбыцця цудатворнага абраза Божай Маці ў Будслаў
Манета «400 гадоў прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе»

Перэгрынацыя напярэдадні святкавання 400-годдзя здабыцця Будслаўскага абраза Маці Божай, пачалася ў кастрычніку 2012 года ў мінскім Архікафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі і завершыцца фэстам у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе ў ноч з 5 на 6 ліпеня.

На ўрачыстасці ў Будслаў запрошаны праваслаўныя, мусульмане, іўдзеі, пратэстанты, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламаты. Паводле рашэння Папы Рымскага Францыска старшыня Папскага савета па міжрэлігійным дыялогу(руск.) бел. кардынал Жан-Луі Таран будзе легатам пантыфіка на ўрачыстасцях. Ён плануе таксама адслужыць імшу ў архікафедральным касцёле беларускай сталіцы 7 ліпеня.

На ўрачыстасці ў Будслаў прыбыў і рэлікварый з машчамі каталіцкай святой з Францыі — Тэрэзы Немаўля Ісуса (Тэрэзы Малой(руск.) бел.).

У гонар юбілею Будслаўскага абраза Маці Божай у Беларусі выпушчаны манета і паштовая марка.

Апісанне

Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 72×65 см, іканаграфічна належыць да заходне-еўрапейскага тыпу Адыгітрыі. На зваротным баку дошкі знаходзіцца надпіс з каштоўнымі звесткамі аб гісторыі абраза і аўтара. Іканаграфія тыпу Адыгітрыі, трактаваная вольна, у духу італьянскага Рэнесанса. Маці Божая намаляваная да поясу, у чырвонай адзежы, белым галаўным уборы і цёмна-зялёным мафорыі з карункавай аблямоўкай. Асоба з правільнымі рысамі, мадэлёўка аб’ёму светлаценевая, левая палова ў глыбокім цені. Дзіцятка на левай руцэ ў вольнай паставе, у светлым хітоне і цёмна-жоўтым плашчы. Пухлыя ручкі працягнутыя да Маці: правая дабраслаўляе, а левай Ісус Хрыстос як бы дае Маці гранат, шматзначны знак вечнага жыцця, а таксама Хрысціянства, шматлікіх вернікаў якога адлюстроўваюць зерні. Асоба прыгожая, з тонкімі рысамі, погляд накіраваны на гледача. Фон высветлены, салатава-шэрага адцення, німбы вохрыстыя, разграфлёныя вострымі прамянямі.

На абразе — срэбны аклад, арнаментаваны вольна раскінутымі колерамі, і карона з каштоўнымі камянямі. Абраз складзены ў срэбную раму з арабескавым арнаментам у стылі позняга Рэнесанса, у арнамент упісаная постаць святога Казіміра і, магчыма, святой Ядзвігі. Усе гэтыя ўпрыгожванні належаць да найлепшых узораў ювелірнага мастацтва ў Беларусі. На абароце дошкі знаходзіцца надпіс з каштоўнымі звесткамі пра гісторыю абраза і алтара.

Гл. таксама

Зноскі

  1. ЭнцВКЛ, 2005
  2. Celebration in honor of the Budslaŭ icon of Our Lady (Budslaŭ fest)(англ.) . ЮНЕСКА (13 студзеня 2018). Праверана 28 лістапада 2018.
  3. ЮНЕСКА ўключыла Будслаўскі фэст у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны(нявызн.). Наша Ніва (28 лістапада 2018). Праверана 28 лістапада 2018.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Каталіцтва ў Беларусі
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з польскай
Беларускі іканапіс
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Будслаў (аграгарадок)
Іканаграфія Багародзіцы
Абразы Беларусі