wd wp Пошук:

Беларусы ЗША

Помнік «Змагарам за вольную Беларусь» у Саўт-Рыверы

Беларусы ЗША (англ.: Belarusian American) — супольнасць, якая складаецца з эмігрантаў-беларусаў і грамадзян ЗША беларускага паходжання.

Колькасць і рассяленне

Падлікі амерыканскага даследчыка-беларуса В. Кіпеля сведчаць, што тут у выніку трох хваляў эміграцыі пасялілася больш за 600 тыс. суродзічаў і іх нашчадкаў. Паводле расійскага выдання «Народы и религии мира» (1999) колькасць беларусаў у ЗША ацэньвалася прыкладна ў 20 тыс. чалавек[1]. Дакладную колькасць беларускіх амерыканцаў цяжка вызначыць, таму што перапіс і іміграцыйная статыстыка не выдзяляе беларусаў у якасці асобнай катэгорыі. Многія з іх зарэгістраваны як рускія ці палякі, у залежнасці ад рэгіёна Беларусі, у якім яны нарадзіліся.

Самыя высокія канцэнтрацыі беларускіх амерыканцаў у Нью-Ёркскай агламерацыі, Нью-Джэрсі (асабліва Хайленд-Парк і Саўт-Рывер), Кліўлэндзе (і яго прыгарадах), Чыкага (нядаўнія імігранты канцэнтруюцца вакол Wheeling), Лос-Анджэлесе і Дэтройце.

Гісторыя

Ураджэнцы Беларусі былі ў ліку заснавальнікаў сельскагаспадарчых калоній у ЗША, якія паявіліся ў 2-й пал. 19 ст. на аснове агульнай маёмасці і мелі на мэце даказаць жыццяздольнасць гэтай ідэі. Каталіцкія святары беларускага паходжання, у т.л. выкладчыкі Полацкай езуіцкай акадэміі, якія ў пач. 19 ст. эмгрыравалі ў ЗША, садзейнічалі пашырэнню каталіцкай адукацыі (Б. Крукоўскі, Н. Корсак і інш.). Ф. Дзеружынскі (жыў у ЗША у 1821—50) займаў высокія царкоўныя пасады, стаў заснавальнікам школьнай адукацыйнай каталіцкай сістэмы. Наладжаныя ў 1810-я г. сувязі езуітаў Беларусі і ЗША тлумачацца тым, што пасля забароны ў 1773 папам рымскім ордэна езуітаў апошні працягваў існаваць на Беларусі. Каб захаваць сябе арганізацыйна, амерыканскія езуіты далучыліся да яго ў якарці Беларускай правінцыі Таварыствава Ісуса (1805—14).

Сярод эмігрантаў з Беларусі ХІХ ст. пераважалі асобы шляхецкага паходжання. Рабіліся спробы стварэння суполак зямляцкага тыпу, ужо ў пач. ХІХ ст. ў ЗША існаваў гурток «літоўскай шляхты» з Віцебшчыны і Магілёўшчыны.

Да пачатку ХХ ст. пашырылася працоўная міграцыя. Беларускія перасяленцы ў ЗША працавалі пераважна ў вугальнай, металаапрацоўчай, сталеліцейнай, тытунёвай, баваўнянай прамысловасці, на цэментных, цагельных і іншых заводах. Беларусы аднак не стварылі ўласных нацыянальных арганізацый, а часцей далучаліся да аб’яднанняў, створаных прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей (найчасцей рускімі і палякамі), што садзейнічала іх асіміляцыі. Частка беларускіх эмігрантаў далучылася да прафсаюзаў і ўдзельнічала ў стварэнні прафсаюзных суполак. Уваходзілі беларусы і ў палітычныя аранізацыі, напр., у Федэрацыю саюзаў рускіх рабочых у Чыкага.

У міжваенны перыяд пачалося стварэнне нацыянальных арганізацый беларусаў у Амерыцы. Заснаваны ў 1923 у Чыкага Беларуска-амерыканскі саюз дзейнічаў да пач. 1940-х г. У 1935 зарэгістравана Беларуска-амерыканскае грамадзянскае задзіночанне (штат Ілінойс). У 1928 у Чыкага створана першае ў ЗША беларускае палітычнае аб’яднанне — Беларуска-амерыканскі грамадскі клуб, які на выбарах у 1928, 1932 і 1936 падтрымліваў кандыдатаў ад дэмакратычнай партыі. У час выбараў у 1936 дзейнічаў і Беларуска-ўкраінскі рэспубліканскі клуб.

Значная частка імігрантаў міжваеннага часу, як і папярэдняй хвалі, трапіла пад уплыў рускіх і польскіх асяродкаў, далучыліся да ўкраінскіх. Чыкагская газета «Белорусская трибуна» (1928, № 2) адзначала, што «99% усіх «расійскіх» арганізацый у Чыкага і ў шматлікіх іншых гарадах Злучаных Штатаў належаць беларусам — нацыянальна свядомым або не — гэта ўжо іншае пытанне, але беларусам».

Сабор Святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку

3 пачаткам Другой сусветнай вайны прыток беларускіх эмігрантаў на амерыканскі кантынент перапыніўся. Пасля вайны значныя групы іх аселі ў штатах Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі, Пенсільванія, Ілінойс, Агаё. Колькасць новапрыбыўшых беларусаў складала 50—60 тыс.[2] Да сярэдзіны 1950-х г. у ЗША існавала каля 30 беларускіх арганізацый. Галоўным ініцыятарам нацыянальнай дзейнасці стала Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА, заснавана ў 1949). Пад яго апекай створаны Згуртаванне беларускай моладзі ў Амерыцы (1951), Беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт (1956). Другой уплывовай беларускай арганізацыяй у ЗША быў Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі (БККА, 1951), заснаваны ў процівагу БАЗА.

3 1951 пачаў працаваць Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ). Абсяг дзейнасці БІНІМа не абмяжоўваўся ЗША, ён гуртаваў даследчыкаў-беларусазнаўцаў і ў іншых краінах. У 1975—85 БІНІМ арганізоўваў беларусазнаўчыя курсы ў штатах Агаё, Нью-Ёрк, Ілінойс, Нью-Джэрсі.

У 2016 годзе ў школе Community Outreach Academy, размешчанай у прыгарадзе сталіцы штата Каліфорнія горада Сакрамента ў зоне кампактнага пражывання славянскай дыяспары, адкрыўся клас беларускай мовы і літаратуры; было гэта звязана з тым, што колькасць беларускіх дзяцей, якія навучаюцца ў школе, павялічваецца. Ідэя адкрыцця беларускага класа была рэалізавана дзякуючы намаганням дырэктара школы Ларысы Ганчар, выхадца з Беларусі, і пры садзейнічанні з боку МЗС Беларусі, пасольства ў ЗША і Гродзенскага гарвыканкама, які перадаў школе неабходныя вучэбна-метадычныя матэрыялы[3].

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Народы и религии мира: Энциклопедия / Гл. ред. В. А. Тишков. — М.: Большая Российская энциклопедия, 1999. ISBN 5-85270-155-6 — С. 90
  2. ЭГБ. Т. 6-2. С. 259.
  3. belta.by Архівавана 13 верасня 2016.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Народы ЗША
Катэгорыя·Беларуская дыяспара
Катэгорыя·Народы і нацыянальнасці паводле алфавіта
Катэгорыя·Беларусы ў ЗША