У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кіпель. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Вітаўт. Вітаўт Кіпель (нар. 30 мая 1927, Менск) — беларускі грамадскі дзеяч, гісторык.
Нарадзіўся ў сям’і грамадскага дзеяча і вучонага Яўхіма і Марыі Кіпеляў. У 1933—1942 гг. года разам з бацькамі знаходзіўся ў высылцы ў Расіі. Потым вучыўся ў Мінску, пакуль у 1944 г. не выехаў з бацькамі ў Германію. Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Я. Купалы, займаўся скаўтынгам. З 1945 быў скаўтмайстрам «Згуртавання Беларускіх Скаўтаў на Чужыне» (пазней — у адміністрацыі нацыянальнай арганізацыі ЗША)[1]. Потым паступіў на медыцынскі факультэт Цюбінгенскага ўніверсітэта. У 1953 г. скончыў Лювенскі ўніверсітэт (Бельгія). са спецыяльнасцю геолага, у 1955 годзе атрымаў ступень доктара мінералогіі. Быў заступнікам старшыні Саюза беларусаў Бельгіі.
У 1955 г. пераехаў у ЗША. Працаваў у навукова-вытворчых фірмах, у Балтымарскім універсітэце (штат Мэрыленд). У 1959—1985 гг. — у Даследчым цэнтры навукі і тэхналогіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі (у т.л. на пасадзе выканаўчага дырэктара), сабраў калекцыю беларускіх выданняў. У 1962—1963 гг. вучыўся ў Ратгерскім універсітэце (Нью-Джэрсі) па спецыяльнасці бібліятэказнаўства. Пры канцы 1960-х гг. выкладаў у беларускай школе ў Брукліне. У 1960-1980-х гг. супрацоўнічаў з радыё «Свабода».
У 1972—1982 гг. — старшыня Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў. У 1974 г. абраны на старшыню Рэспубліканскай федэрацыі штата Нью-Джэрсі. Рэдактар газеты нью-джэрсійскіх рэспубліканцаў Heritage Review. Заснавальнік і дырэктар беларускіх фестываляў у Нью-Джэрсі (1976—1979). У 1972 г. у Вашынгтоне абраны на заступніка старшыні Нацыянальнай канфедэрацыі амерыканскіх этнічных груп. У 1975 г. узнагароджаны медалём Паняволеных народаў Эйзенхаўэра. У 1978—1982 гг. — старшыня Этнічнай Рады штата Нью-Джэрсі.
Актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцці ў ЗША, быў сябрам шэрагу арганізацый. Ад 1982 г. — старшыня БІНІМа.
Аўтар шэрагу грунтоўных бібліяграфічных даведнікаў, а таксама дзясяткаў публікацый, у т. л. артыкулаў беларусазнаўчай тэматыкі ў амерыканскіх энцыклапедыях. У 1993 годзе выйшла яго першая манаграфія «Беларусы ў ЗША» (беларускае выданне падрыхтаваў перакладчык Сяргей Шупа, англамоўнае выданне ў ЗША выйшла ў 1999 годзе). У 2017 пабачыла свет другое выданне кнігі, што выйшла значна таўсцейшая, больш як 600 старонак, багата ілюстраваная, дапрацаваная і дапоўненая новай інфармацыяй. Падрыхтоўка другога выдання заняла каля двух гадоў супольнай працы самога Вітаўта Кіпеля, архівіста Лявона Юрэвіча і Наталлі Гардзіенка, як рэдактара[2].
У 1997 г. абраны ў склад Прэзідыума Рады БНР.[3]
Разам з жонкай Зорай Кіпель уклаў фундаментальную «Бібліяграфію беларускага і беларусаведнага друку на Захадзе» (2003, 2-е, дапоўненае выданне — 2006). Выдаў кнігу ўспамінаў «Жыць і дзеіць» (2015).
Жонка — Зора Кіпель (дзяв. Савёнак; 1927—2003), грамадская дзяячка, літаратуразнавец, публіцыст. Дачка Алеся Кіпель працуе ў Міністэрстве ўнутраных спраў ЗША, займаецца грамадска-палітычнай дзейнасцю.
Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[4].