wd wp Пошук:

Баджа

Ба́джа, або ба́джау (малайск.: Bajau, тагальск.: Badjao), сама́ (саманазва: Sama) — група малых аўстранезійскіх народаў у Філіпінах, Інданезіі, Брунеі і Малайзіі. З-за прыбярэжнага ладу жыцця іх часцяком называюць марскімі качэўнікамі і марскімі цыганамі. Агульная колькасць - каля 1 млн чалавек.

Паходжанне

Рассяленне марскіх качэўнікаў на паўднёвым усходзе Азіі.
     Аранг-Лаўт     Мокен     Баджа

Згодна міфам саміх баджа, яны паходзяць з архіпелага Сулу, адкуль па розных версіях мігрыравалі з-за мясцовага гняўлівага ўладара[1]. У канцы XX ст. лінгвісты высунулі версію, што міграцыя баджа з Сулу і захаду вострава Мінданаа адбылася ў высокім сярэднявеччы, калі адбыўся росквіт марскога гандлю з астравамі сучасных Інданезіі, Малайзіі і Кітаем. Адным з першых месцаў перасялення быў поўнач вострава Калімантан. Пазней баджа насялілі берагі ўсходу Калімантана і Сулавесі[2].

Этымалогія назвы баджа дакладна не высветлена. Упершыню гэтае слова з’явілася ў запісах брытанскіх чыноўнікаў Сабаха. Мяркуецца, што яно паходзіць ад дыялектанага малайскага слова bajaul (“лавіць рыбу”)[3]. Баджа называюць сябе паводле месца рассялення або імя свайго рода. У апошнія дзесяцігоддзі шырока ўжываецца назва сама, што значыць “народ”. Яно прысутнічае ў большасці моў баджа, але як агульная назва стала ўжывацца вучонымі і чыноўнікамі краін, дзе яны пражываюць.

Асаблівасці культуры

Асноўнымі заняткамі баджа здаўна былі рыбалоўства, марская здабыча, пірацтва, найм на караблі ў якасці маракоў. У нашы дні яны актыўна наймаюцца ў якасці рабочых, працуюць у турызме, займаюцца дробнай сельскай гаспадаркай. На захадзе Калімантана баджа вядомы як выдатныя конегадоўцы. На поўдні Філіпін баджа падвяргаюцца дыскрымінацыі[4], што абумоўлівае іх эміграцыю ў суседнія краіны.

Многія групы баджа жывуць на беразе, звычайна ў асобных вёсках або на невялікіх астравах, дзе будуюць хаціны і займаюцца земляробствам. Галоўныя абавязкі ў вядзенні хатняй гаспадаркі пры гэтым кладуцца на жанчын і дзяцей. Меншасць баджа аддаюць перавагу сталаму жыццю ў лодках. У абодвух выпадках пераважаюць малыя нуклеарныя сем’і, хаця захоўваюцца шчыльныя кантакты з іншымі сваякамі па мужчынскай і жаночай лініях. Сваяцкае ўзаемадзеянне асабліва важна для баджа, што жывуць у лодках. Яны захоўваюць качавы лад жыцця і рухаюцца ўздоўж берагоў сваяцкімі флатыліямі. Сваякі звычайна збіраюцца ў агульных месцах швартоўкі, разам наведваюць астраўныя могілкі[5]. Сярод баджа існуе пласт правадыроў, што маюць гучныя тытулы, накшталт султан або махараджа. Аднак яны маюць малы ўплыў на асобныя сем’і. Сацыяльнае расслаенне мала характэрна[6].

Баджа вядомы як выдатныя спевакі і музыканты. Распаўсюджаныя музычныя інструменты: флейта, барабан, гонг.

Рэлігія

Большасць вернікаў баджа спавядае іслам[6].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Four Oral Versions of a Story about the Origin
  2. Tom Gunnar Hoogervorst, Ethnicity and aquatic lifestyles: exploring Southeast Asia’s past and present seascapes
  3. NAGATSU Kazufumi, Pirates, Sea Nomads or Protectors of Islam?: A Note on IIBajauII Identifications in the Malaysian Context
  4. Bajau Fishers: A Plea for Tempering Justice with Mercy
  5. Mark T. Miller, SOCIAL ORGANIZATION OF THE WEST COAST BAJAU Архівавана 18 снежня 2014.
  6. 1 2 GUSNI SAAT, The Identity and Social Mobility of Sama-Bajau

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Народы Азіі
Катэгорыя·Народы Малайзіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Народы Філіпінаў
Катэгорыя·Народы Інданезіі
Катэгорыя·Народы Брунея
Катэгорыя·Аўстранезійцы