wd wp Пошук:

Аранг-Лаўт

Аранг-лаўт (малайск.: Orang Laut, літаральна “людзі мора”) — аўстранезійскі народ на поўдні паўвострава Малака, поўначы Суматры, астравах Рыау і Сінгапур. З-за вандроўнага ладу жыцця ў лодках іх часцяком клічуць марскімі цыганамі або марскімі качэўнікамі. Агульная колькасць (2000 г.) - каля 6 600 чал.

Гісторыя

Рассяленне марскіх качэўнікаў на паўднёвым усходзе Азіі.
     Аранг-Лаўт     Мокен     Баджа

Упершыню аранг-лаўт былі апісаны кітайскімі вандроўнікамі ў XIV ст. У малайскай гістарычнай традыцыі з’яўленне аранг-лаўт адносяць да часоў існавання дзяржавы Шрывіджая. У XX ст. высоўвалася гіпотэза аб паходжанні аранг-лаўт, баджа і мокен ад старажытных аўстралоідаў, але яна не знайшла падтрымкі і была аспрэчана генетыкамі. Мяркуецца, што аранг-лаўт паходзяць ад розных груп аўстранезійцаў, што насялялі Малакскі праліў. Па мове і культуры яны блізкія да малайцаў.

У XVI - XVII стст. сярод аранг-лаўт вылучыўся пласт дробных феадалаў. Так, правадыр аранг-лаўт Сінгапура меў тытул “раджа краіны праліваў”. У XVIII ст. аранг-лаўт знаходзіліся пад патранажам султанаў Джохар-Бару. Розныя плямёны спецыялізаваліся на пэўных занятках, служылі грабцамі, перавозілі грузы, займаліся рамяством, пірацтвам і г. д.

У XX ст. са з’яўленнем незалежных дзяржаў Інданезія, Малайзія і Сінгапур аранг-лаўт апынуліся ў розных умовах існавання. Улады Сінгапура і Інданезіі праводзілі наўмысную палітыку асіміляцыі. У выніку аранг-лаўт Сінгапура практычна зліліся з малайскай абшчынай. Рэформы ў Інданезіі спрыялі разбурэнню традыцыйных сацыяльных сувязяў. У Малайзіі асіміляцыя аранг-лаўт адбывалася праз шлюбы з малайцамі і зменамі ладу жыцця.

Асаблівасці культуры

Вёска аранг-лаўт у Рыау

Аранг-лаўт падзяляюцца на “плямёны” suku, што насяляюць пэўны рэгіён узбярэжжа. Усяго вядома 29 такіх груп, але многія з іх у нашы дні не існуюць. Усе аранг-лаўт займаліся рыбалоўствам і здабычай водарасцяў, але ў suku магла быць пэўная спецыялізацыя, якая вызначала адносіны з суседнімі народамі. У XVII - XIX стст. многія suku займаліся пірацтвам.

Традыцыйна аранг-лаўт жывуць у драўляных лодках каля 1,7 м у шырыню і 6 - 7,5 м у даўжыню, якія будуюць самі. У лодках абавязкова маецца падстрэшак. Звычайна адна лодка ўмяшчае ўсю нуклеарную сям’ю, але вялікія сем’і маюць некалькі лодак. Сем’і аб’ядноўваюцца ў сваяцкія групы, што перамяшчаюцца ўздоўж берага. Адносіны паміж сваякамі ўключаюць абавязковую ўзаемадапамогу. Прадстаўнікі іншых народаў часцяком жэняцца на жанчынах аранг-лаўт, каб у якасці сваякоў карыстацца іх падтрымкай. У XVI - XVIII стст, калі гандаль, пірацтва і служба пэўнаму манарху прыносілі значныя прыбыткі, вылучыўся пласт правадыроў, што ўваходзілі ў сваяцкія адносіны з прывілігіраванымі сем’ямі іншых народаў, бралі гучныя тытулы і эксплуатавалі суайчыннікаў.

Другі тып паселішчаў, здаўна вядомы аранг-лаўт, — вёскі на па́лях. Яны выкарыстоўваліся для доўгатэрміновага пражывання. У нашы дні большасць аранг-лаўт жывуць у прыбярэжных вёсках, часцяком разам з малайцамі, таму актыўна пераймаюць іх традыцыі.

Фальклор аранг-лаўт вядомы гістарычнымі паданнямі, а таксама песнямі. Сумесныя спевы садзейнічаюць гуртаванню абшчыны, а таксама сацыялізацыі маладых чальцоў.

Рэлігія

Аранг-лаўт захоўваюць многія анімістычныя вераванні. Для сваякоў важным застаецца культ продкаў, сумесныя наведванні могілак і ахвярапрынашэнні продкам. Але большасцьь вернікаў адносяць сябе да мусулман-сунітаў.

Гл. таксама

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Народы Сінгапура
Катэгорыя·Народы Азіі
Катэгорыя·Народы Малайзіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Народы Інданезіі
Катэгорыя·Аўстранезійцы