wd wp Пошук:

Бруней

Бруне́й, поўная афіцыйная назва — Бруне́й-Дарусала́м (лац. малайск.: Negara Brunei Darussalam, джаві малайск.: نڬارا بروني دارالسلام) — дзяржава размешчаная ў Паўднёва-Усходняй Азіі на поўначы вострава Калімантан. Тэрыторыя — 5,8 тыс.кв.км. Сталіца — Бандар-Серы-Бегаван (каля 220 тыс. чал). Адміністрацыйна краіна дзеліцца на чатыры раёны: Бруней-Муара, Тутонг, Белайт і Тембуронг. Дзяржаўная мова — малайская. Шырока распаўсюджана таксама англійская. Дзяржаўная рэлігія — іслам суніцкага толку, які вызнаюць дзве траціны насельніцтва. Грашовая адзінка брунейскі долар. Паміж брунейскім і сінгапурскім доларам усталяваны сталы парытэт (у суадносінах 1:1) — каля 0,59 дол. ЗША(май 2008).

Нацыянальнае свята — 23 лютага — Дзень незалежнасці (1984). Святкуюцца таксама дзень нараджэння султана (15 ліпеня), угодкі стварэння каралеўскіх узброеных сіл (31 мая), шэраг мусульманскіх рэлігійных святаў, Новы год па Месячным календары. Выходныя дні пятніца і нядзеля.

Клімат трапічны экватарыяльны, сярэднегадавая тэмпература + 28 °C. Вылучаюцца два сезону: сухі (з сакавіка па май) і дажджлівы (з лістапада па люты).

Насельніцтва 357,8 тыс.чал., у т.л. малайцы і роднасныя ім этнічныя групы — 67 %, карэнныя жыхары востр. Калімантан — 6 %, кітайцы — 11 %, еўрапейцы, індыйцы і інш. — 16 %.

Гісторыя

Калісьці на астравах Малайскага архіпелага існавала больш за сотню каралеўстваў, султанатаў і іншых васальных дзяржаў. Але застаўся толькі султанат Бруней. У ХІV стагоддзі ён быў магутнай марской дзяржавай. Рэзідэнцыя султана знаходзілася ў Ката-Бату на рацэ Бруней. У пачатку ХV стагоддзя сюды прыбыў Шарыф Алі — нашчадак прарока Мухамеда. Менавіта тады тут прынялі мусульманства. А ў ХVІ стагоддзі ўлада султана распаўсюдзілася на шырокую тэрыторыю, уключаючы паўночна-заходняе ўзбярэжжа вострава Калімантан і многія з астравоў у паўднёвай частцы Філіпінскага архіпелага. Першымі еўрапейцамі, якія наведалі Бруней, сталі ўдзельнікі экспедыцыі Фернана Магелана, якія ў 1521 годзе кінулі якары сваіх караблёў у мясцовай гавані. Захаваліся і пісьмовыя сведчанні тых часоў. У іх, у прыватнасці, апісваюцца моц і багацце султана, а таксама яго прыкметны ўплыў на ўвесь рэгіён.

Пратэктарат Вялікабрытаніі афіцыйна быў адменены 1 студзеня 1984 года. Тады на карце свету і з’явілася дзяржава Бруней-Дарусалам.

У 1963 годзе каля берагоў Брунея выявілі першыя шэльфавыя радовішчы нафты. Дзяржава экспартуе нафту з 1970-х гадоў. У 2012 годзе часопіс Fоrbеs паведаміў, што багаты на нафту і газ Бруней увайшоў у пяцёрку самых багатых краін свету. Ад нафтавага буму выйгралі мясцовыя жыхары, якія атрымалі шмат прэферэнцый.

Дзяржаўны лад

Абсалютная манархія. Глава дзяржавы — султан Хаджы Хасанал Балкіах Муізаддзін Вадаулах1967), які займае пасады прэм’ер-міністра, міністра фінансаў і міністра абароны. Міністр замежных спраў і гандлю — брат султана Махамед Балкіах.

У канцы 1992 атрымала канчатковае афармленне канцэпцыя ўнутрыпалітычнага развіцця краіны пад назвай «Малайская ісламская манархія», якая вызначае Бруней у якасці дзяржавы, якая засноўваецца на каштоўнасцях малайскай культуры, мусульманскіх законах і манархічнай сістэме кіравання.

Аднак у апошні час у большай ступені пад уплывам знешніх фактараў у краіне адбываюцца некаторыя зрухі ў бок дэмакратызацыі дзяржаўнага ладу. 25 верасня 2004 султан Брунея падпісаў папраўку да Канстытуцыі 1959 аб устанаўленні выбарнай сістэмы парламента (пасля атрымання незалежнасці ў 1984 інстытут парламентарызму ў Брунеі быў скасаваны). Новы парламент Брунея (Заканадаўчы савет) будзе складацца з 29 членаў, ужо прызначаных султанам, і яшчэ 15, абраных насельніцтвам. У Брунеі да апошняга часу існавала адна палітычная партыя — Брунейская нацыянальная партыя адзінства, поўнасцю лаяльная кіраўніцтву краіны. лідар партыі — Махамед Хата Зайнал Абідзін. У жніўні 2005 была створана Нацыянальная партыя развіцця (кіраўнік — Мухамад Ясін).

Вышэйшай судовай інстанцыяй з’яўляецца Вярхоўны суд. Парушэннямі ісламскага права брунейцамі-мусульманамі займаецца сістэма шарыяцкіх судоў.

У 2019 годзе ў султанаце Бруней ўступілі ў сілу папраўкі ў заканадаўства, заснаваныя на правілах шарыяту. Цяпер за шлюбную здраду або аднаполыя адносіны належыць смяротнае пакаранне праз збіццё камянямі або бізуном. Крадзеж караецца адсячэннем рукі, паўторнае адпаведнае правапарушэнне — нагі. Пры гэтым для таго, каб абвінаваціць чалавека ў злачынстве, дастаткова паказанняў чацвярых мусульман. Аднаполыя адносіны і раней былі па-за законам у пераважна ісламскай краіне, але гэта дасюль каралася турэмным тэрмінам. Акрамя таго, за розныя правапарушэнні будзе прымяняцца публічная лупцоўка[2].

Геаграфія

Карта

Краіна падзелена на дзве часткі, якія размешчаныя на поўначы вострава Барнеа. Гэта нізінная тэрыторыя раўніннага кшталту. Толькі на поўдні пачынаюцца горы, дзе і знаходзіцца самы высокі пункт краіны — Паганпрык (1 850 м). На ўсходнім узбярэжжы цягнецца багна, астатняе ўзбярэжжа раўніннае. У Брунеі існуе некалькі невялікіх рэк. Клімат краіны экватарыяльны, вільготны. З лістапада да сакавіка выпадае вялікая колькасць ападкаў. 75 % краіны займаюць экватарыяльныя лясы. На ўзбярэжжы існуюць мангравыя зараснікі. Тэрыторыя краіны ўваходзіць у тэрыторыю жыхарства вялікай колькасці відаў малп.

97 % насельніцтва жыве ў больш вялікай заходняй частцы краіны, і толькі каля 10 000 чалавек жыве ў гарыстай усходняй частцы (акруга Тембуронг). Колькасць насельніцтва краіны 372 000 чалавек, з якіх 46 000 жыве ў сталіцы краіны Бандар Серы Бегаване. Асноўныя гарады краіны гэта: сталіца Бандар, порт Муара, цэнтр пераапрацоўкі нафты Серыя і Куала Белаіт.

Эканоміка

Эканоміка галоўным чынам засяроджаная на здабычы нафты (9.5 млн тон у 2007 годзе — што прыблізна 194 000 барэлей у дзень — адпаведна «BP Statistical Review of World Energy 2008») і газу (больш 9,8 млрд куб.м), экспарт якіх, кантралюемы сям’ёй султана, дае амаль 95 % валютных паступленняў. Бруней займае 4 месца ў свеце па вытворчасці звадкаванага прыроднага газу.

Знешнегандлёвае абарачэнне — каля 4 млрд.дол. ЗША. Амаль 75 % экспартных прыбыткаў прыносіць продаж нафты і газу (на экспарт ідзе 90 % усёй нафты, якая здабываецца ў краіне). Галоўныя імпарцёры нафты — краіны АСЕАН (39 %), Рэспубліка Карэя (28 %) і Японія (26 %), звадкаванага газу — Японія (82 %) і Рэспубліка Карэя (18 %). Пераважныя артыкулы брунейскага імпарту — станкі і транспартнае абсталяванне, прамысловыя тавары, прадукты харчавання. Асноўныя гандлёвыя партнёры — Японія, ЗША, краіны АСЕАН. Бруней імпартуе неабходнага яму 80 % харчавання.

Высокія цэны на вуглевадародную сыравіну на сусветным рынку ў 2005 забяспечылі дадатную дынаміку эканамічнага развіцця Брунея (рост ВУП — 3 % у год).

Прыбытак на душу насельніцтва склаў 15764 дол. ЗША (2005) Падаходным падаткам грамадзяне краіны не абкладаюцца. Адсутнічаюць таксама падатак з прадажаў, экспартныя і шэраг іншых мыт. Падатак на прыбытак кампаній — 30 %. Адукацыя і ахова здароўя — бясплатныя. Інфляцыя не перавышае 1,6 %.

Краіна мае востры дэфіцыт працоўнай сілы. У дзяржаўным і прыватным сектарах занята 86 тыс.чалавек, з якіх толькі 61,3 % — падданыя Брунея, у асноўным, службоўцы адміністрацыйнага апарата, войскі і паліцыі. Беспрацоўе складае 4,7 %.

Золатавалютныя рэзервы ацэньваюцца ў 20 млрд.дол. Знешняга доўгу няма.

Краіна валодае адносна развітой транспартнай сеткай. Працягласць аўтадарог каля 2750 км. Колькасць зарэгістраваных транспартных сродкаў перавышае 200 тыс. Дзейнічае адзін міжнародны аэрапорт. Нацыянальная авіякампанія «Роял Бруней Эйрлайнз» здзяйсняе рэгулярныя рэйсы ў 30 гарадоў. Найболей інтэнсіўныя авіязносіны падтрымліваецца з Сінгапурам, Малайзіяй, Інданезіяй, Філіпінамі і Тайландам. Збор у аэрапорце Бандар-Серы-Бегавана 10 брунейскіх долараў.

Зноскі

  1. (2009)."Brunei" , архіў арыгінала, копія зроблена 24 снежня 2018. CIA World Factbook.
  2. zviazda.by

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Дзяржавы паводле алфавіта
Катэгорыя·Бруней