wd wp Пошук:

Атабаскі

Атабаскі Аляскі. Малюнак 1847 года.

Атаба́скі, або атапа́скі (англ.: Athabascans, Athapaskans) — група карэнных народаў Паўночнай Амерыкі, якія размаўляюць на атабаскіх мовах сям’і на-дэне. Жывуць пераважна ў ЗША і Канадзе. Агульная колькасць — каля 180 000 чалавек (1990 год).

Этымалогія

Назва атабаска (āthap-āsk-ā-w) паходзіць з мовы кры і значыць «трава тут і там». Першапачаткова яна належыла да возера Атабаска ў Канадзе. У 1836 годзе была вылучана галіна атабаскіх моў. У навуковай літаратуры народы, якія размаўлялі на іх, сталі называцца атабаскамі[1]. Самі атабаскі не карыстаюцца агульнай саманазвай.

Гісторыя

Атабаскі з’яўляюцца нашчадкамі дзвюх міграцый чалавека з Азіі ў Новы Свет. Першая, найбольш буйная, адбылася каля 15 тысяч гадоў таму праз Берынгію. Відавочна, яна ўяўляла сабою некалькі хваль перасяленцаў і ў выніку спарадзіла большасць індзейскіх народаў Амерыкі. У другой палове XX ст. лінгвісты выявілі сувязь паміж мовамі атабаскаў і кетаў[2]. Першапачаткова меркавалася, што гэта наступства існавання ў Берынгіі агульнай енісейска—на-дэне супольнасці[3], якая распалася на 2 галіны. Адна вярнулася ў Азію. Другая — продкі атабаскаў, хайда і тлінкітаў — насялілі поўнач Амерыкі. Палеагенетыкі часткова падцвердзілі высновы лінгвістаў. Яны выявілі прымешак пазнейшых перасяленцаў. Мяркуецца, што другая міграцыя перасяленцаў з’явілася каля 6 тысяч - 10 тысяч гадоў таму[4], калі Берынгіі ўжо не існавала. Такім чынам, яе прадстаўнікі былі выхадцамі з Азіі, якія перасеклі Берынгаў праліў і змяшаліся з прадстаўнікамі першай міграцыі.

Культура старажытных атабаскаў абапіралася на паўвандроўны лад жыцця субарктычных паляўнічых, рыбаловаў і збіральнікаў. Каля 500 - 800 гадоў таму група атабаскаў перасялілася з поўначы на Вялікія раўніны. Нягледзячы на малую колькасць, яны здолелі адаптавацца да новых умоў і пашырыць свой уплыў. Лінгвісты таксама вызначылі магчымасць перасялення атабаскаў уздоўж узбярэжжа ў бок Каліфорніі. Знаходка ў Юце дзіцячых макасінаў, якія адносяцца да прамежку паміж XII ст. і XIII ст. і маюць крой, характэрны для арктычных рэгіёнаў[5], можа сведчыць пра тое, што перасяленне закранала паўднёыя раёны.

Мяркуецца, што поспех перасяленцаў быў абумоўлены саслабленнем мясцовых жыхароў у выніку засухі[6]. Яны перанялі ў тубыльцаў некаторыя звычаі земляробства. У XVII ст. асвоілі конегадоўлю[7]. Выкарыстанне коней зрабіла эфектыўным паляванне на буйных капытных, у тым ліку бізонаў, палепшыла мабільнасць. Нашчадкамі перасяленцаў на поўдзень з’яўляюцца сучасныя апачы і наваха. Акрамя таго, назіралася міграцыя паўночных атабаскаў на ўсход, дзе на тэрыторыі Канады склалася асобная ўсходняя моўная група атабаскаў[8]. Ціхаакіянскую лінгвістычную групу склалі перасяленцы ў Каліфорніі і Арэгоне.

Першыя пісьмовыя звесткі аб паўднёвых атабасках заставілі іспанскія місіянеры ў XVI ст. У XVIII ст. рух атабаскаў на поўдзень выклікаў працяглую вайну паміж імі і іспанцамі. У 1749 г. апачы заключылі мір з іспанцамі і атрымалі дазвол насяляць Тэхас[9]. У 1774 г. наваха выгналі іспанскіх каланістаў з Нью-Мексіка[10], што выклікала далейшыя ваенныя дзеянні. Пасля далучэння Тэхаса і Нью-Мексіка да ЗША пачаўся канфлікт паміж паўднёвымі атабаскамі і амерыканскай арміяй і каланістамі ў 1848 - 1886 гг. Ён скончыўся прымусовым перасяленнем апачаў і наваха ў федэральныя рэзервацыі.

Сталыя кантакты паўночных і ўсходніх атабаскаў з еўрапейскімі гандлярамі ўсталяваліся толькі ў канцы XVIII ст. У другой палове XIX ст. пачалося асваенне іх тэрыторый амерыканскімі і канадскімі пасяленцамі і здабытчыкамі золата. Уключэнне атабаскаў у склад Канады і ЗША суправаджалася значнымі зменамі лада жыцця.

Спіс атабаскаў

Зноскі

  1. Krauss M., The Name Athabaskan Архівавана 22 жніўня 2016.
  2. Edward Vajda, A Siberian link with Na-Dene languages
  3. Mark A. Sicoli, Gary Holton, Linguistic Phylogenies Support Back-Migration from Beringia to Asia
  4. Native American mitochondrial DNA analysis indicates that the Amerind and the Nadene populations were founded by two independent migrations
  5. Utah Cave Full of Children’s Moccasins Sheds Light on Little-Known Ancient Culture
  6. Athapaskan Migration To Southwest U.S. Illuminated With Y Chromosome Study
  7. Apache get horses
  8. About athabascan
  9. Apache Indians
  10. Navajo History

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Атабаскі
Катэгорыя·Народы Канады
Катэгорыя·Народы ЗША