wd wp Пошук:

Хупа

Хупа (саманазва: Natinixwe, літаральна “з вернутых шляхоў”) — атабаскі народ, карэнныя жыхары поўначы Каліфорніі. Агульная колькасць (2016 г.) - 1500 чал.[1]

Паходжанне

Хупа належаць да ціхаакіянскага адгалінавання групы атабаскіх народаў, што насяляюць поўнач Каліфорніі і захад Арэгону. Ціхаакіянскія атабаскі мігрыравалі на сучаснае месца існавання з поўначы, пра што сведчыць іх фальклор[2]. Частка даследчыкаў мяркуе, што міграцыя магла адбыцца каля 1000 - 800 гадоў таму разам з паўднёвымі атабаскамі — наваха і апачы. Аднак гэта супярэчыць дадзеным лінгвістаў, якія знаходзяць істотныя адрозненні ў мовах ціхаакіянскіх і паўднёвых атабаскаў[3]. Хутчэй за ўсё, дзве галіны атабаскаў перасяліліся на поўдзень у выніку дзвюх розных міграцый.

Назва хупа была дадзена іх суседзямі-юрок па найменню адной з далін на паўночным захадзе Каліфорніі. Да сярэдзіны XIX ст. вылучаліся тры блізкія групы, якія пазней склалі сучасных хупа, — непасрэдна хупа, чылула і вілкут. У выніку кантактаў з еўрапейцамі яны пацярпелі ад эпідэмічных захворванняў і зведалі значнае скарачэнне насельніцтва. У 1864 г. урад ЗША падпісаў з імі дамову, паводле якой прызнаваў іх правы на зямлю і самакіраванне. Была створана адзіная для трох груп рэзервацыя, суіснаванне ў якой садзейнічала далейшай інтэграцыі.

Культура

Хаціна хупа

Галоўнымі традыцыйнымі заняткамі хупа з’яўляюцца рыбалоўства, збіральніцтва, у меньшай ступені — паляванне. Аснову іх існавання складалі сезонны лоў ласасёвых і збор жалудоў. Ужывалі арэхі, ягады, ядомае карэнне. З дапамогай лука і стрэл палявалі на ласёў, аленяў, зайцоў, птушак і інш.

Жылі ў сталых вёсках уздоўж ракі. Хаціны будавалі з хваёвых дошак, якія ставілі на каменны фундамент. Падлогу таксама высцілалі каменнем. Вопратку шылі са скур аленяў або кары. Скураныя макасіны апраналі толькі падчас вандровак. Мужчыны і жанчыны ўпрыгожваліся татуіроўкамі, насілі завушніцы.

Асноўнай сацыяльнай адзінкай была вясковая абшчына. Ёй належылі навакольныя землі і права лову на рацэ. Абшчыны складаліся з нуклеарных сем’яў. На чале абшчыны стаяў стараста, звычайна самы заможны чалавек вёскі. Яго ўлада магла перадавацца па спадчыне. Хупа актыўна гандлявалді з суседнімі плямёнамі, карысталіся ракавінамі-грашыма, вельмі цанілі багацце. Звычайна яно ацэньвалася накопленымі ракавінамі, скальпамі дзятлаў, аленевымі скурамі і абсідыянам. Важную ролю ў грамадстве адыгрывалі шаманы. Часцей за ўсё яны выступалі ў якасці лекараў.

Фальклор хупа адметны казкамі, легендамі, гістарычнымі паданнямі. Сярод святаў вылучаліся Новы год, што пачынаўся ўвесну з ходам ласасёвых, і восеньскае свята збору жалудоў. Яны суправаджаліся танцамі, цырыманіяльным чытаннем вершаў, дэманстрацыяй багаццяў. Традыцыйныя музычныя інструменты — трашчоткі, бразготкі, свістулькі,

Рэлігія

Траыцыйная рэлігія абапіралася на веру ў шматлікіх духаў, якія ўздзейнічалі на жыццё чалавека. Хупа верылі, што ў свеце існуюць пэўныя жорсткія правілы паводзінаў, закладзеныя з пачаткам свету, парушэнне якіх можа выклікаць непрыемнасці. Таму яны практыкавалі шматлікія забароны і табу. Лічылася, што пасля смерці душа накіроўваецца ў золкі замагільны свет, і толькі шаманы, што ведаюць цырымоніі, могуць разлічваць на існаванне на небе. Большасць шаманааў была жанчынамі. Найчасцей яны выступалі ў якасці лекараў, “высмоктвалі хваробу”. За працу загаддзя бралі абавязковую плату, але вярталі яе пры няўдачы. Разам з гэтым, шаманы былі павінны арганізоўваць рытуалы, у тым ліку патаемныя.

У нашы дні многія вернікі спавядаюць хрысціянства.

Зноскі

  1. Hupa in United States
  2. Athapaskan Indians
  3. JUSTIN SPENCE, The Phylogenetic Status of Pacific Coast Athabaskan: A Computational Assessment Архівавана 4 чэрвеня 2015.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Народы ЗША
Катэгорыя·Атабаскі