wd wp Пошук:

Дысмальская культура

Ды́смальская культура, культура ракі Ды́смал (англ.: Dismal River culture) — паслякласічная археалагічная культура на захадзе штата Небраска ў ЗША. Узнікла і развівалася ў паслякалумбавую эпоху. Адкрыта ў 1930-х гг. Атрымала сваю назву ад мясцовай ракі, уздоўж якой былі знойдзены першыя культурныя помнікі.

Дысмальская культура ўзнікла каля 1675 г. на захадзе штата Небраска ў мясцовасці, знакамітай пясчанымі пагоркамі. Яе прадстаўнікі займаліся паляваннем на бізонаў, збіральніцтвам, а таксама былі знаёмы з земляробствам. Вырошчвалі кукурузу і гарбузы. Прылады працы выраблялі з каменя і костак. Так, асноўнай прыладай для капання з’яўлялася матыка з пляскатай косткі бізона. Дзякуючы абмену таксама карысталіся еўрапейскімі жалезнымі матыкамі, што, відавочна, мелі высокі кошт. Для керамікі характэрны шэра-чорны колер і гладкая або проста штампаваная паверхня. Жылі ў круглявых слупавых хацінах накшталт хоганаў, аднак пакрывалі іх скурамі, а не зямлёй. Памерлых хавалі ў звонападобных ямінах на тэрыторыі паселішчаў.

У першай чвэрці XVIII ст. прадстаўнікі дысмальскай культуры мелі рэдкія кантакты з іспанцамі і французамі. Апошнія называлі іх падукамі (padoucas). Старажытныя падукі былі паўднёвымі атабаскамі. Амерыканскія археолагі звычайна атаесамляюць іх з продкамі апачы. Аднак у апошнія дзесяцігоддзі шэраг антраполагаў выступае супраць прамога атаесамлення паміж дысмальцамі і апачы. Падукі маглі быць таксама асіміляваны з боку наваха і пуэбла.

Пасля 1725 г. дысмальцы мігрыравалі на поўдзень. Іх выціснулі каманчы, якіх пазней таксама называлі падукамі.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Небраска
Катэгорыя·Атабаскі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Паўночнай Амерыкі
Катэгорыя·Археалогія ў ЗША
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі