wd wp Пошук:

Схаластыка

Схаластыка (грэч. σχολαστικός — вучоны, Scholia — школа) — сістэматычная сярэдневяковая філасофія, прадстаўнікі якой імкнуліся да тэарэтычнага абгрунтавання і сістэматызацыі хрысціянскага веравучэння. Найбольшае развіццё мела ў Заходняй Еўропе.

Схаласты імкнуліся ўмацаваць хрысціянства шляхам навуковага абгрунтавання рэлігийнага светапогляду — сінтэзу асноўных ідэй сусветнай філасофіі і інтэрпрэтацыі іх зместу паводле канонаў хрысціянскай дагматыкі. Яны сцвярджалі, што пастулаты веры даступныя розуму і падтрымліваюцца лагічнымі доказамі. У межах схаластыкі абмяркоўваліся праблемы рэальнага быцця, суадносін мыслення і рэчаіснасці, агульных паняццяў (універсалій) і іх прыроды анталагічнага і гнасеалагічнага статуса.

У аснову схаластыкі пакладзены вучэнні антычных мысляроў Платона, Арыстоцеля, арабскіх філосафаў Ібн Сіны, Ібн Рушда і інш. У эвалюцыі схаластыкі вылучаюць 3 перыяды: ранні, «класічны» і позні.

Ранняя схаластыка (11—12 ст.; П. Абеляр, Гільём з Шампо, І. Расцэлін і інш.) развівалася пад уплывам неаплатанізму. У яе межах у т.зв. «спрэчцы пра ўніверсаліі» вылучыліся 3 кірункі: рэалізм, наміналізм, канцэптуалізм.

«Класічная» схаластыка (12—13 ст.) знаходзілася пад уплывам філасофіі Арыстоцеля. Развівалася ў сярэдневяковых універсітэтах; яе цэнтр — Парыжскі ўніверсітэт. У «класічнай» схаластыкі вылучыліся «артадаксальны» кірунак, які пры дапамозе анталогіі Арыстоцеля абгрунтоўваў існаванне душы (Альберт Вялікі, Фама Аквінскі) і «ератычны» (авераізм), які адмаўляў асабістую душу і сцвярджаў, што існуе толькі адзіная безасабовая душа.

Позняя схаластыка (13—14 ст.; І. Дунс Скот, У. Окам і інш.) характарызуецца адыходам ад рацыяналізму ў абгрунтаванні рэлігійнага светапогляду, валюнтарызмам, крытыкай вучэння Фамы Аквінскага, прызнаннем супярэчнасці паміж рэлігійным і рацыянальным пазнаннем (тэорыя дваістасці ісціны).

У эпоху Адраджэння схаластыка перажывае крызіс. Новы ўздым адбыўся ў часы Контррэфармацыі, галоўным чынам у Іспаніі (Ф. дэ Віторыя, Ф. Суарэс, Г. Васкес, М. Маліна і інш.). У эпоху Асветніцтва ідэі схаластыкі трацяць свае пазіцыі. Аднаўленне схаластычных традыцый рацыянальнага абгрунтавання рэлігійных ісцін з канца 19 ст. звязана з філасофіяй неатамізму.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Сярэдневяковая філасофія
Катэгорыя·Схаластыка
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum