wd wp Пошук:

Псеўда-Арыстоцель

Псе́ўда-Арысто́цель — агульнае імя для аўтараў філасофскіх і медыцынскіх прац, якія прыпісваюць свае працы Арыстоцелю, а таксама для тых, чые працы пазней лічыліся працамі Арыстоцеля. У Сярэднія вякі многія еўрапейскія і арабскія аўтары ўдавалі свае працы за арыстоцелеўскія, бо гэта прыносіла іх працам вядомасць і прызнанне. Гэтыя сачыненні ёсць прыкладам псеўдаэпіграфікі.

Гісторыя

Першыя псеўда-арыстоцелеўскія творы былі створаныя прадстаўнікамі перыпатэтычнай школы, закладзенай самім Арыстоцелем. Аднак, пераважная колькасць прац была напісаная значна пазней, у Сярэднія вякі[1]. Арыстоцель стварыў мноства твораў разнастайнай тэматыкі, таму магчыма было прыпісваць яму тэксты ў самых розных галінах. Прыпісванне імя Арыстоцеля тэкстам гарантавала ім некаторую павагу і прызнанне, бо Арыстоцель лічыўся адным з самых аўтарытэтных старажытных аўтараў для вучоных людзей як хрысціянскай Еўропы, гэтак і мусульманскіх арабскіх краін[2]. Як правіла невядома, быў прыпісаны Арыстоцелю тэкст яго ўласным аўтарам ці кімсьці іншым, хто хацеў папулярызаваць такія працы, выкарыстоўваючы імя філосафа.

За Сярэднімі вякамі ў абарачэнні было больш за сто псеўда-арыстоцелеўскіх твораў. Іх можна падзяліць на тры групы паводле мовы арыгіналу, а менавіта лаціна, грэчаская і арабская. Група твораў на лаціне найменшая, пераважаюць працы па-арабску.[3] У Сярэднявеччы многія арабскія творы былі перакладзеныя на лаціну. Бальшыня з іх асвятляе акультныя тэмы, такія як алхімія, астралогія, хірамантыя і фізіягноміка. Іншыя тэксты адносіліся да грэчаскіх філасофскіх прадметаў — часцей да платонаўскіх і неаплатанічных школ, радзей да перыпатэтычнай. Арабскі Secretum Secretorum быў самай папулярнай псеўда-арыстоцелеўскай працай і нават больш распаўсюджаны, чым любы з сапраўдных твораў Арыстоцеля[1].

Стварэнне псеўда-арыстоцелеўскіх твораў працягвалася яшчэ доўга нават пасля Сярэдніх вякоў. «Шэдэўр Арыстоцеля» — гэта дапаможнік па сексуальных практыках і акушэрстве, упершыню апублікаваны ў 1684 годзе, стаўшы вельмі папулярным у Англіі. Ён усё яшчэ прадаваўся ў пачатку XX стагоддзя і, верагодна, быў самай тыражаванай кнігай на медыцынскую тэматыку ў XVII і пачатку XIX стагоддзя[4].

Вядомыя творы

Зноскі

  1. 1 2 Glick, Livesey, Wallis, 2005, p. 423–424
  2. Kieckhefer, 2000, p. 27
  3. Charles B. Schmitt, Dilwyn Knox (Eds.): Pseudo-Aristoteles Latinus. A Guide to Latin works falsely attributed to Aristotle before 1500. London: The Warburg Institute, 1985, ISBN 0-85481-066-8 (Warburg Institute Surveys and Texts 12).
  4. Bullough, 1973

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Арыстоцель
Катэгорыя·Літаратурныя падробкі і містыфікацыі
Катэгорыя·Старажытнагрэчаскія філосафы