Ара́нчыцы[2] (трансліт.: Arančycy, руск.: Оранчицы) — вёска ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Лінаўскага сельсавета. За 12 кіламетраў на поўнач ад Пружан, 75 кіламетраў ад Брэста. Чыгуначная станцыя на лініі Мінск-Брэст.
Паводле пружанскай гісторыка і краязнаўцы Веры Церахавай, назва вёскі паходзіць ад роду Аранскіх, якія пасяліліся тут у XVI стагоддзі, а іхняё найменне ў сваё чаргу паходзіць ад роду дзейнасці, якім яны займаліся — «араць»[3].
Падчас караля Жыгімонта Аўгуста Аранскія залажылі тут маёнтак і ў 1560 годзе збудавалі драўляны палац на цагляным падмурку. Па ймю ўласнікаў мясцовасць атрымала назву Аранчыцы. Пазней маёнтак перайшоў да Іжыцкіх, а пасля ў якасці пасагу дастаўся Ігнацыю Ляжэнскаму, афіцэру паўстання Касцюшкі. Яго партрэт у мундзіры паручніка пешай літоўскай гвардыі вісеў у Аранчыцах да 1939 года[4].
За расійскім часам — у Ліноўскай воласці Пружанскага павета Гродзенскай губерні, з вёскай Лінёўка 487 дзесяцін, царква[5]. Маёнтак[6] Утгафаў Лінёва, 869 дзесяцін[7]. У 1886 годзе ў вёсцы 384 жыхары, 38 двароў, праваслаўная царква, піцейны дом. Паводле перапісу 1897—523 жыхары, 73 двары. На пачатку XX стагоддзя 429 жыхароў.
У 1906 годзе адбылося хваляванне сялян Аранчыцаў і вакольных вёсак, жорстка здушанае ўладамі, 20 чалавек кінутыя ў турму.
За польскім часам — вёска[8] і фальварак у гміне Лінова Пружанскага павета Палескага ваяводства[9]. У 1921 годзе ў вёсцы 371 жыхар, 71 двор, у фальварку 35 жыхароў, 4 дамы.
У верасні-кастрычніку 1939 года бальшавікі знішчылі сядзібу Ляжэнскіх. Магіла Юзафы Ляжэнскай (з Дэрамераў) знаходзіцца на каталіцкіх могілках у Пружане[4]. З 15 студзеня 1940 вёска ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці.
У 1940 годзе з чыгуначнай станцыі Аранчыцы адбываліся дэпартацыі насельніцтва далучанай Заходняе Беларусі ў Архангельскую і Кустанайскую вобласці РСФСР[10].
Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы 645 жыхароў; у 1970 годзе — 682 жыхары, 215 двароў; у 2003—900 жыхароў, 375 двароў.
У 1987 годзе да Аранчыц далучана вёска Ліновачка[11].
Чыгуначная станцыя Аранчыцы на лініі Брэст — Баранавічы.
Аўтамабільныя дарогі Н528 Аранчыцы — Бакуны — Вінец і Н551 Аранчыцы — Млынок[13].