wd wp Пошук:

Анатоль Шкуцька

Анатоль Шкуцька (Шкутка; 15 студзеня 1908 — ?) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч.

Біяграфія

Нарадзіўся ў Новым Свержані Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер — Стаўбцоўскі раён).

Выпускнік Віленскай беларускай гімназіі (1928). Да 1932 года быў вольным слухачом Віленскага ўніверсітэта, затым пераехаў у Берлін, дзе паступіў у Вышэйшую тэхнічную школу ў Шарлотэнбургу, атрымаў дыплом інжынера. Разам з Міхасём Маскалікам здымаў жыллё ў Андрэя Бароўскага ў берлінскім раёне Мальсдорф (Bruchsaler Strasse 38). Ажаніўся з немкай Эме-Эдыт Рудыгер, меў дзяцей Мікалая (21 жніўня 1939), Варвару (18 верасня 1940) і Тамару (3 ліпеня 1942). Разам з жонкай Шкуцька дапамагаў Пятру Бакачу апрацоўваць падручнік нямецкай мовы, выпушчаны для беларусаў у 1941 годзе[1].

Узначальваў Беларускае прадстаўніцтва ў Берліне (размяшчалася па адрасе Agrikolastrasse 17, сам жыў недалёка, на Eyke von Repkow-Platz 3), у 1941 годзе ўвайшоў у Беларускі нацыянальны цэнтр. Восенню 1944 года ўключаны ў склад Беларускай цэнтральнай рады (БЦР).

Пасля сканчэння Другой сусветнай вайны стварыў Беларускі камітэт у Браўншвайгу. У выдавецтве Vieda ў Шопенштэце выпусціў «Беларускую адміністрацыйную карту» (1948) і «Каляндар-нататнік» (1949)[2]. Удзельнік аднаўленчага з’езда БЦР у Эльвангене (1948), прызначаны віцэ-старшынёй Рады міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.

17 ліпеня 1949 года разам з сям’ёй праз Неапаль выехаў у Аўстралію, 19 жніўня таго ж года прыбыў у Ньюкасл. Пасяліўся ў Брысбене (штат Квінсленд), дзе спрабаваў наладзіць уласны бізнес. Да канца 1950-х гадоў падтрымліваў сувязі з беларусамі Сіднея. Быў удзельнікам арганізацыйнага сходу мясцовых беларусаў у сакавіку 1950 года і заснавання «Беларускага аб’яднання ў Новым Паўднёвым Уэльсе», потым намеснік старшыні Беларускага аб’яднання ў Аўстраліі (БАА). Пасля расколу арганізацыі стаў на бок прыхільнікаў БЦР і некаторы час выступаў як кіраўнік аддзелу БАА ў Квінслендзе[3].

10 кастрычніка 1957 года атрымаў аўстралійскае грамадзянства[4].

З канца 1950-х гадоў звесткі пра яго губляюцца.

Зноскі

  1. Падручнік нямецкага языка для Беларусаў. Берлін: Бернард і Грэфэ, 1941. С. 6.
  2. Belarusian publishing in the West. A bibliography. New York, 2006. P. 79, 103.
  3. Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі: да гісторыі дыяспары. Мн., 2004. C. 54, 439—440.
  4. Commonwealth of Australia Gazette. № 28 (15th May 1958). P. 1557.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Члены Беларускай цэнтральнай рады
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Беларусы ў Аўстраліі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Новым Свержані
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1908 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Імігравалі ў Германію з Беларусі
Катэгорыя·Постаці беларускай эміграцыі
Катэгорыя·Выпускнікі Берлінскага тэхнічнага ўніверсітэта
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Беларусы ў Германіі
Катэгорыя·Нарадзіліся 15 студзеня